Top.Mail.Ru

Падзейны турызм — магутны інструмент развіцця і прасоўвання рэгіянальных эканомік

Убачыць Парыж і памерці! Гэтая формула яшчэ працуе, але ўжо не безумоўна. Архітэктурныя помнікі, знакамітыя музеі, знакавыя месцы па-ранейшаму вабяць гасцей. Аднак адзін з самых хутка растучых сегментаў турызму — падзейны. Сучаснікі хочуць не проста адпачынку, а яркіх эмоцый, уражанняў, не толькі захаваных у помніках мінулага, але перш-наперш звязаных з днём сённяшнім. Егіпецкія піраміды, Парфенон, Луўр, шматлікія архітэктурныя і мастацкія шэдэўры ў Італіі стагоддзямі прыцягваюць падарожнікаў і будуць прыцягваць. Аднак сімвалам новай эпохі ўсё больш становіцца самавыяўленне, адлюстраванне ўласнай індывідуальнасці і ўнікальнасці. 



Таму расце попыт на непаўторныя эмоцыі, павялічваецца цікавасць да падзейнага турызму. Фестывалі, карнавалы, форумы, фэсты і іншыя мерапрыемствы становяцца магутным магнітам прыцягнення. Пры правільнай арганізацыі такія падзеі могуць стаць каталізатарам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і базай для прасоўвання яго іміджу на знешнім контуры.


Падзейны турызм увогуле вельмі цікавая з’ява. Ён нават можа стаць асновай эканомікі канкрэтнага населенага пункта ці мясцовасці. Некалькі дзясяткаў гарадоў, можна сказаць, жывуць з такіх падзей і нават працвітаюць. Напрыклад Давос, у якім праходзіць Сусветны эканамічны форум. Акрамя таго, у гэтым невялікім швейцарскім гарадку з насельніцтвам крыху больш за 10 тысяч чалавек 11 разоў (абсалютны рэкорд) праводзіліся чэмпіянаты свету па фігурным катанні. Канны, жамчужына ў каралях французскай Рыўеры, з насельніцтвам каля 
76 тысяч чалавек — сам па сабе горад курортны. Падобных месцаў з маляўнічымі ландшафтамі на карце Міжземнамор’я хапае, але ўнікальнасць Канн у іх падзейным календары: Каннскі кінафестываль, фестываль рэкламы «Каннскія львы», Міжнародная выстава гандлёвай нерухомасці «MAPІC», Міжнародная выстава музычнай аўдыяпрадукцыі MІDEM, Каннскі фестываль піратэхнікі...


Падстаў сабраць гасцей можа быць вялікае мноства і па рознай тэматыцы: кулінарнай, этнаграфічнай, гістарычнай (рэканструкцыі і гэтак далей), спартыўнай, забаўляльнай, інтэлектуальнай... Палёт фантазіі нічым не абмежаваны. Прычым у такіх мерапрыемстваў існуе вялікі эканамічны патэнцыял. Так, многія з масавых мерапрыемстваў бясплатныя, хоць патрабуюць сур’ёзных фінансавых, інтэлектуальных і творчых затрат для іх арганізацыі. Тым не менш яны прыцягваюць людзей і прыносяць істотны даход сумежным галінам. Вакол падзеі фарміруецца попыт на гасцініцы і іншыя сродкі размяшчэння, транспарт, грамадскае харчаванне, павышаюцца продажы ў рознічным гандлі, у тым ліку сувенірнай прадукцыі. Падзейны турызм — яркі і творчы па сутнасці, але патрабуе пры гэтым узважанага эканамічнага падыходу, распрацоўкі дакладнага і выверанага бізнес-плана. Калі верыць ацэнкам замежнага вопыту (аб’ектыўна больш працяглага, за беларускі), мультыплікатыўны эфект перавышае ў падзейным турызме ў 5-7 разоў першапачатковыя ўкладанні!


Падзея — нават вельмі выгадны бізнес з пункту гледжання чыста эканамічнай рэнтабельнасці. Таксама такі від турызму з’яўляецца магутным інструментам павышэння капіталізацыі ўсяго рэгіёна. Моцныя па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы мерапрыемствы прыцягваюць увагу журналістаў. І прафесійных, і аматараў — блогераў. Больш за тое, у эпоху дамінавання сацыяльных сетак і лічбавых платформ удзельнікі фестывалю ствараюць магутны інфармацыйны паток. Заўсёды ёсць верагоднасць, што той ці іншы пост, фотаздымак, відэа стануць віруснымі, і невялікі населены пункт умомант можа стаць знакамітым у рэгіянальным ці нават сусветным маштабе.


Падзейны складнік аказвае моцны ўплыў на развіццё рэгіёна, у тым ліку на развіццё эканомікі, паколькі культурныя падзеі становяцца не толькі прэстыжнымі, але і прыбытковымі мерапрыемствамі. Сёння многія разумеюць, што культурна-забаўляльнае мерапрыемства ў горадзе — адзін з відаў інвестыцыйнага праекта і адзін з кірункаў гарадской інвестыцыйнай палітыкі. Але што яшчэ больш важна — яркія і святочныя падзеі станоўчым чынам адбіваюцца на рэпутацыі горада і спрыяюць росту мясцовага патрыятызму. Мерапрыемствы падзейнага турызму стымулююць адраджэнне мясцовых культурных традыцый, звычаяў, развіццё народнай творчасці.


З пункту гледжання маркетынгу турыстычных дэстынацый, фестывалі — гэта гатовы рэкламны прадукт, з дапамогай якога можна фарміраваць і прасоўваць гандлёвыя маркі, прывабліваць турыстаў у месцы правядзення імпрэз, фарміраваць імідж рэгіёна, горада, пераўтвараць гарадское і сельскае асяроддзе, прыцягваць увагу да праблем грамадства, экалогіі, фарміраваць культурныя патрэбнасці.

Яркія мерапрыемствы стымулююць і развіццё культурнага, крэатыўнага складніка, бо з’яўляюцца пляцоўкай, на якой могуць заявіць аб сабе маладыя выканаўцы, аўтары творчых праектаў, мастакі, музыканты, рамеснікі. І не проста заявіць, а сфарміраваць свой пул прыхільнікаў, знайсці партнёраў. Такі нетворкінг дазваляе ў будучыні маштабаваць творчыя пачынанні ў іншыя рэгіёны. І нямала музычных калектываў рознай накіраванасці выйшлі на шырокую дарогу поспеху з фестывальных падмосткаў.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю