Top.Mail.Ru

Падзяка купалаўцаў перададзена ў Кітай

Анталогія аднаго верша Янкі Купалы «Беларускім партызанам» на мовах народаў свету» перададзена кітайскаму Цэнтру даследаванняў Беларусі. 


У Мінску пабачыла свет багата ілюстраванае выданне, у якім прадстаўлены адзін твор народнага песняра на 55 мовах — размова пра верш, які Янка Купала напісаў у верасні 1941 года. Упершыню твор быў надрукаваны ў газеце «Красная звезда» на рускай мове. Перакладчык — ваенны журналіст і паэт Міхаіл Галодны. Сярод іншых перакладаў у кнізе, што толькі прыйшла да чытача, — і кітайскае пераўвасабленне верша. 

Днямі беларускія літаратары ў Пекіне перадалі экзэмпляр «Беларускім партызанам» на мовах народаў свету» кітайскаму перакладчыку Хань Сяае. Разам з кнігай перадалі і Падзячны ліст ад Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У прыватнасці, у ім гаворыцца: «...Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы выказвае Вам сваю шчырую ўдзячнасць за пераклад верша Янкі Купалы „Беларускім партызанам“ на кітайскую мову. Дзякуючы Вашым намаганням верш, які ў час Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945) натхняў абаронцаў Беларусі, загучаў у Кітаі, які ў тыя вогненныя гады таксама змагаўся за сваю свабоду. 

Ваш талент паэта і перакладчыка не толькі адкрывае чытачам новыя імёны майстроў слова, але і дазваляе стаць сапраўдным народным дыпламатам, які знаёміць суайчыннікаў з шэдэўрамі іншых культур. 

У Вашай асобе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы рады вітаць сапраўднага сябра і аднадумцу...»

— Асобнік кнігі «Беларускім партызанам» на мовах народаў свету», — зазначыў Хань Сяае, — зойме пачэснае месца ў бібліятэцы Цэнтра даследванняў Беларусі, які даўно працуе ў нашым Другім Пекінскім універсітэце замежных моў. Мяркую, што кніга прыцягне ўвагу і новых прыхільнікаў беларускай літаратуры і новых перакладчыкаў неўміручай паэзіі Янкі Купалы. 

А ў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы выспелі новыя планы па развіцці беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў, па прадстаўленні творчасці Янкі Купалы ў Паднябеснай. 

Мікола Берлеж

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю