«Поющие письмена» — штогадовы міжнародны паэтычны фестываль, які праводзіцца амаль два дзесяцігоддзі.
Вось і сёлета Масква сустракала майстроў прыгожага пісьменства з Беларусі, Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі. Агульная ідэя паэтычнага свята: «Ад стагоддзя да стагоддзя. Літаратурная садружнасць». Падтрымку ў правядзенні фестывалю аказвае Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі.
Удзел у «Поющих письменах — 2025» прынялі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, старшыня секцыі мастацкага перакладу СПБ, рэдактар аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнед Малахоўскі, старшыня секцыі драматургіі СПБ вядомая паэтэса Таццяна Сівец. Творы беларускіх паэтаў у перакладзе на рускую мову надрукаваны і ў прымеркаваным да падзеі фестывальным альманаху.
Вось як адгукаецца кіраўнік фестывалю паэт і перакладчык Сяргей Главюк пра ўдзел беларусаў у міжнародным фестывалі: «Я ўдзячны творцам Беларусі за сістэмную падтрымку нашага ўнікальнага праекта, які аб’ядноўвае нацыянальныя паэзіі славянскага свету. Наша супольная работа дапамагае захоўваць напрацаваныя ў ранейшыя дзесяцігоддзі і нават стагоддзі сувязі. Вельмі важна, што праз рускую мову, праз пераклады мы становімся болей адкрытымі адно аднаму».
Мікола Берлеж