У Полацку, на Віцебшчыне, добра ведаюць паэтэсу, перакладчыцу, мастачку, педагога Галіну Загурскую. Яна часта выступае перад моладдзю, з’яўляецца актыўным арганізатарам творчых імпрэз і конкурсаў.
Днямі пісьменніца правяла сустрэчу з навучэнцамі Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, які з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Тэму для размовы і знаёмства з вершамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне, гераічным і драматычным старонкам у лёсе нашай краіны, задалі наступную: «Яны здабывалі мір на зямлі». Галіна Загурская чытала свае творы, напоўненыя болем за лёс нашых прашчураў, расказвала пра абсягі творчай працы сваіх калег, звярнула ўвагу на калектыўны зборнік «Свята назаўжды», укладальніцай якога яна з’яўляецца.
І на Віцебшчыне, і ва ўсіх рэгіёнах краіны паэты, празаікі правялі ў майскія дні надзвычай шмат сустрэч, прысвечаных ваеннай тэме ў сучаснай беларускай літаратуры, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У кожнага з рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў, — заўважае кіраўнік Цэнтра папулярызацыі літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі Анатоль Матвіенка, — складзены планы юбілейных мерапрыемстваў. У іх межах — мноства мерапрыемстваў, творчых конкурсаў, выданне калектыўных зборнікаў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны — адзін з галоўных абсягаў у творчасці літаратараў краіны.
Сяргей ШЫЧКО