Top.Mail.Ru

«Паэзія кропак...» для людзей са слабым зрокам

Інклюзіўны арт-праект Васіля Зянько «Паэзія кропак...» для невідушчых і людзей са слабым зрокам прадстаўлены ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста». З 2018 года мастак працуе над унікальным аўтарскім кірункам. Творы, выкананыя ў аб’ёмна-контурнай тэхніцы, даступныя для тактыльнага ўспрымання і чытання.


Васіль Зянько — актыўны ўдзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. Персанальныя выстаўкі мастака праходзілі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі — у Пекіне, Парыжы, Вене, Маскве і Варшаве.

Жывапісныя творы Васіля Зянько знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Музея гісторыі горада Мінска, Віцебскага мастацкага музея, Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Музея рускага мастацтва (г. Джэрсі-Сіці, ЗША), Нацыянальнага музея Кітая (г. Пекін), а таксама ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.

Працаваць над унікальнай аўтарскай тэхнікай жывапісу для невідушчых і людзей са слабым зрокам мастак пачаў у 2018 годзе. Канцэпцыя праекта будуецца вакол ідэі ўзаемадзеяння жывапісу і твораў сусветнай культурнай спадчыны — літаратурнай, архітэктуры, кіно. Гледачы змаглі пазнаёміцца і з першым арт-праектам у дадзеным кірунку «І адчуваючы, бачыць...», створаным па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў. Працягам узаемадзеяння паэзіі і жывапісу стала выстаўка «Паэзія кропак» (2020), прысвечаная творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

У экспазіцыі прадстаўлены работы з гэтых двух праектаў. Упершыню гледачы пазнаёмяцца з цыклам «Спадчына муроў...кропкі...», які прысвечаны адраджэнню праз жывапіс страчаных помнікаў архітэктурнай спадчыны Беларусі. Асновай для кожнай з 10 арыгінальных тактыльных карцін сталі выявы і апісанні твораў манументальнага дойлідства, якія ўзводзіліся ў перыяд з 1623 да 1890 года і не захаваліся да нашых дзён. Так, увазе гледача касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, Свята-Петра-Паўлаўская царква і манастыр базылян у Глыбокім, Свята-Казанская царква ў Мінску, касцёл Святога Стэфана (з 1820 года — Свята-Мікалаеўскі сабор), касцёл Святога Станіслава ў Пінску, касцёл Святога Казіміра ў Стоўбцах, царква Святых Пятра і Паўла ў Віцебску, касцёл Святога Вінцэнта і манастыр місіянераў у Смілавічах, касцёл Святога Юзафа ў Віцебску.

У дадатак да работ створаны аўдыягіды з апісаннем карцін праз QR-коды. На кожнай рабоце ў левым верхнім куце размешчаны тэкст шрыфтам Брайля з асноўнай інфармацыяй пра будынак. 

Часта мастак у рабоце выкарыстоўвае розныя адценні аднаго-двух колераў, ствараючы фактурную кампазіцыю і глыбіню прасторы. Халодныя адценні сіняга, шэрага і белага ў адлюстраванні касцёла Святога Стэфана, царквы Святых Пятра і Паўла, касцёла Святога Вінцэнта і манастыра місіянераў ствараюць спакойную, прыглушаную атмасферу. Пясчана-карычневыя матывы касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, Свята-Петра-Паўлаўскай царквы, касцёлаў Святога Станіслава і Святога Юзафа падкрэсліваюць веліч архітэктурных помнікаў даўніны.

Васіль Зянько працуе ў манахромнай тэхніцы, робячы акцэнт не на колеры, а на фактуры. Мастак таленавіта выкарыстоўвае святло і цемру, падкрэсліваючы глыбіню і аб’ём канструкцыі. Аўтар іграе на кантрастах, тэкстурнасць надае карцінам дынамікі.

Рэльефна-контурная паверхня плаўных ліній дае магчымасць адчуць работу праз дотык. Кропкі, контуры, перапляценне ліній ствараюць непаўторны свет, дзе знойдзецца месца кожнаму. Не важна, ёсць у чалавека праблемы са зрокам ці не, работы Васіля Зянько адкрываюць новыя межы пазнання, раскрываюць незвычайныя пачуцці, даюць штуршок для разважанняў.

Жывапіс майстра — яшчэ адзін крок да стварэння безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі. На выстаўцы «Паэзія кропак...» людзі з асаблівасцямі могуць узаемадзейнічаць з музейнай прасторай, паглыбіцца ў рознакаляровы і шматгранны свет нашай культурнай спадчыны, адчуць сябе часткай велічнага мастацтва…

Выстаўка працуе да 2 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю