Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт напярэдадні завяршэння прыёмнай кампаніі. 17 ліпеня — апошні дзень прыёму дакументаў.
Моцная матывацыя
Як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан лячэбнага факультэта ГрДМУ Віктар КУДЛО,
план набору склаў 760 месц, з іх для мэтавай формы аддадзена 459 месц, на якія прэтэндавалі 660 чалавек. Сёлета работа з мэтавымі кірункамі цэнтралізаваная, асноўны заказчык кадраў — Міністэрства аховы здароўя. Таксама ВНУ будзе рыхтаваць спецыялістаў у інтарэсах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
— Выпускнікі ахвотна выбіралі мэтавую траекторыю паступлення, нават нягледзячы на высокія балы ЦТ і ЦЭ. Для паступлення па мэтавым накіраванні
трэба здаць адзін экзамен па біялогіі — гэта абітурыенты лічаць вялікай перавагай. Набор на бюджэтную форму навучання павялічаны, а платнай формы ўвогуле няма. Так што мы скончым прыём дакументаў 17 ліпеня. Самымі першымі ў рады студэнтаў былі залічаны пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды — 27 чалавек, — адзначыў Віктар Кудло.
Па яго словах, студэнты вельмі заматываваныя і дакладна разумеюць, што месца размеркавання залежыць ад іх саміх, бо ва ўніверсітэце дзейнічае рэйтынгавая сістэма:
— Так што не важна — адпрацоўка два гады ці пяць. Усё ў руках саміх студэнтаў.

Падтрымалі выбар дачкі
У Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прыязджаюць паступаць з розных куткоў Беларусі. Напрыклад, абітурыентка Дзіяна МАЛІНЧЫК — з Пінска. Медыкаў у яе сям’і яшчэ не было, тым не менш бацькі, Жана і Віктар, падтрымалі выбар дачкі і разам з ёю прыйшлі падаваць дакументы. Яны ўпэўнены, што Дзіяна з усім справіцца.

— Я чула шмат добрага пра сам універсітэт і яго выкладчыкаў, — сказала абітурыентка. — Студэнты таксама дапамагаюць адзін аднаму, асабліва прадстаўнікам малодшых курсаў. Ды і Гродна цудоўны горад — прыгожы, утульны. Упэўнена, што мне будзе камфортна вучыцца.
Дзіяна абрала лячэбны факультэт:
— Думаю, тут шмат магчымасцяў для развіцця. Мяне з дзяцінства цягнула да медыцыны, любіла серыялы пра ўрачоў. А калі стала старэйшай, зразумела, што хачу дапамагаць людзям. Да таго ж гэта сапраўды прэстыжная прафесія. Мне хацелася быць акушэрам-гінеколагам. Хачу дапамагаць з’явіцца новаму жыццю і падтрымліваць жанчыну ў гэты складаны момант.

Прадаўжальнік дынастыі
Абітурыент Дзмітрый ГАРЫШАК таксама прыехаў з Брэсцкай вобласці, з Бярозаўскага раёна. Яму падабаецца Гродна, яго спакой. Мінск, на яго думку, вельмі вялікі і шумны:
— Я вырашыў прадоўжыць медыцынскую дынастыю. Мая мама ўжо 35 гадоў працуе ў рэанімацыі старэйшай медыцынскай сястрой, брат — фармацэўт. Таму прафесія ўрача заўсёды была ў мяне на слыху. Я шмат чым цікавіўся, спрабаваў, але нішто так моцна мяне не захапляла, як медыцына. Падаў дакументы на лячэбны факультэт, хачу быць анестэзіёлагам-рэаніматолагам.

У размову ўключылася маці абітурыента Святлана:
— Так, я ведаю, што гэта вельмі няпростая вобласць медыцыны, але падказала сыну абраць гэты кірунак. Ён мне вельмі падабаецца, спадзяюся, і сын знойдзе сябе тут. Калі не, вядома, нічога страшнага. Але думаю, што яму будзе даспадобы гэты выбар.
«Хачу дапамагаць людзям»
Так цікава склалася, што і чарговая мая суразмоўніца Соф’я КАСЦЮКЕВІЧ прыехала з Брэстчыны, з самога абласнога цэнтра. Вядома ж, і яна падкрэсліла прыгажосць Гродна, а што датычыцца непасрэдна медыцыны — выбрала яе з глыбока асабістых памкненняў:
— Мяне цікавіць праца ўрачоў-псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў. Хачу лячыць не толькі цела, але і душу, дапамагаць людзям маральна. Я ведаю, як можа быць цяжка ў гэтым плане, таму мне хочацца разабрацца ў тонкасцях працы псіхікі чалавека, дапамагчы пацыентам. Лічу, гэта вельмі важна. А ўніверсітэт запаў мне ў душу, калі я прыязджала сюды ў дзень адчыненых дзвярэй.
Да размовы далучыўся тата Соф’і Антон:
— Мы з жонкай размаўлялі з дачкой, тлумачылі ёй, што будзе няпроста. Не, мы не адгаворвалі, проста хацелі, каб яна разумела, які шлях ёй давядзецца прайсці. І яна вырашылася выбраць яго. Наша задача як бацькоў — падтрымаць дачку.
Страсці кіпяць
Заключныя дні прыёму — перыяд павышанай актыўнасці. У гэты час абітурыенты, маючы доступ да інфармацыі на сайтах ВНУ, могуць прааналізаваць прахадныя балы і ўзровень канкурэнцыі. На гэтым этапе яны прымаюць рашэнне аб выбары навучальнай установы. Як гаворыцца, усё можа вырашыцца ў апошні момант!
Дакументы 17 ліпеня будуць прымаць да 18.00, але калі абітурыент паспеў своечасова забраніраваць чаргу, то ўсё аформяць і пасля шасці вечара.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара