Толькі недасведчаны чалавек можа аднесці аграэкатурызм да забаўляльнага занятку. А той, хто сутыкнуўся з ім на практыцы, добра ведае, што гэта даволі складаны і клопатны кірунак. Каб гэты спецыфічны бізнес стаў прыбытковым, трэба ўкласці і грошы, і сілы, і душу. На адным голым энтузіязме тут нічога не атрымаецца. І толькі дзякуючы адчувальнай падтрымцы дзяржавы ў нашай краіне ён больш-менш актыўна развіваецца. Шэраг дадатковых прэферэнцый прадугледжвае Указ Прэзідэнта ад 18.08.2026 г. № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму». Аб іх і іншых аспектах аграбізнесу мы і вырашылі пагаварыць на канкрэтным прыкладзе.
На месцы закінутай пусткі
Легендарная пушча са сваімі шматвекавымі таямніцамі і сама па сабе вабіць, а калі яшчэ ёсць магчымасць побач добра адпачыць, то гэта месца становіцца ўдвая прыцягальней. Аднак тут ужо заслуга не толькі прыроды. У гэтым мы пераканаліся, зазірнуўшы ў аграсядзібу «Белавежскі кут» у аграгарадку Новы Двор Свіслацкага раёна, і сёння вядома далёка за межамі Гродзеншчыны. Квітнеючы турыстычны комплекс вырас літаральна на месцы закінутай пусткі дзякуючы каласальным намаганням і вялікай працы.
Кіруючая сядзібы Наталля РУМЯНЦАВА родам з Брэсцкай вобласці. У 22 гады яна прыехала ў Свіслацкі раён і з вялікім энтузіязмам узялася за ўдзел у праекце па развіцці аграбізнесу. Сядзіба стала такой, якой бачаць яе госці цяпер, далёка не адразу. Месца на самай ускраіне Новага Двара, прама каля запаведнага ўзлеску і рачулкі, здавалася ідэальным. Аднак рэальнасць патрабавала тытанічных намаганняў: участак доўгі час знаходзіўся ў запусценні і фактычна ператварыўся ў стыхійную звалку. Прыйшлося выканаць вялікую працу па расчыстцы тэрыторыі, вывазу смецця і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Перш за ўсё тут абсталявалі лазню на дровах, а затым вырас першы канцэптуальны гасцявы дом — «Белавежскі Праванс», які гарманічна злучыў у сабе вясковы каларыт, натуральныя матэрыялы і гарадскі камфорт.

За некалькі гадоў Наталля Румянцава прайшла шлях ад памочніцы да паўнацэннага кіраўніка комплексу, асвоіўшы мноства прафесій — ад адміністратара да рэстаратара. Дзякуючы зладжанай каманднай рабоце сядзіба пачала развівацца імклівымі тэмпамі. Неўзабаве з’явілася другая ўтульная хата — «Скандынаўскі хюге», якая дадала лакацыі святла і сучасных дызайнерскіх нотак. З часам «Белавежскі кут» перарос фармат проста «домікаў у вёсцы». Тут адкрыўся ўласны рэстаран з аўтэнтычным меню, а над ім уладкавалі камфартабельныя нумары. На сённяшні дзень сядзіба здольна адначасова прыняць да 27 гасцей.
На выгадных умовах
Бізнес працягвае маштабавацца — ёсць прастора для росту, выдатная каманда, падтрымка з боку дзяржавы і мясцовых улад.
— Да праекта я далучылася без асаблівых роздумаў, — успамінае Наталля. — Тым больш што для развіцця бізнесу былі ўсе неабходныя ўмовы. І мне заўсёды хацелася зрабіць унёсак у развіццё маёй малой радзімы. Я не хачу, каб сельская мясцовасць згасала. Да таго ж месца і сапраўды выдатнае! Амаль усё маё жыццё прайшло побач з пушчай. Я не кажу, што не было цяжкасцяў, але яны мяне не палохалі. Мне падабалася, што мы ўсё стваралі з нуля. Да кожнага кутка я прыклала руку, зараз гэта не проста месца працы, гэта мой дом.
Па словах Наталлі, да гэтага года ў фінансавым плане яны спраўляліся сваімі сіламі. Але ёсць планы на маштабнае пашырэнне, і каманда праекта вырашыла скарыстацца дапамогай дзяржавы — разгледзець крэдытаванне. Умовы выгадныя, так што бізнесу гэта пойдзе толькі на карысць.
— Наша каманда адчувае сябе ўпэўнена, і мы смела глядзім наперад. Але справа не толькі ў фінансавых і заканадаўчых умовах. У цэлым добра падтрымліваецца трэнд на ўсё вясковае, на адпачынак, заснаваны на традыцыях. Нашым гасцям вельмі падабаецца гэты мерны сельскі тэмп. І яшчэ класная опцыя — дом за адну базавую. Нават калі людзі будуць выкарыстоўваць хатку проста як дачу, то гэта ўжо добра.
Сама Наталля жыве па прынцыпе «Бяры — і рабі». А ў яе сферы, нягледзячы на ўсе складанасці, ёсць усе неабходныя ўмовы, якія цяпер сталі яшчэ больш выгаднымі дзякуючы Указу Прэзідэнта ад 18.08.2026 г. № 275 «Аб развіцці аграэкатурызму». Ён дае шэраг абноўленых прэферэнцый, якія датычацца розных аспектаў вядзення аграбізнесу.
— Мне асабліва спадабалася, што сядзібы, якія размешчаны ўдалечыні ад населеных пунктаў, могуць плаціць адзіны збор — 45 рублёў замест падатку. Наша сядзіба якраз знаходзіцца на воддалі. Акрамя таго, на мой погляд, гэты пункт будзе садзейнічаць адкрыццю новых сядзіб у нераскручаных месцах, — лічыць яна.
Дакумент уступае ў сілу 20 лістапада 2026 года. Галоўнае фінансавае новаўвядзенне — бестэрміновая дзяржпадтрымка. Ільготнае крэдытаванне праз ААТ «Белаграпрамбанк» цяпер не мае жорсткіх лімітаў, а тэрміны вяртання павялічаны да васьмі гадоў для сельгасарганізацый і да дзесяці гадоў для фізічных асоб.
Колькасць дапушчальных жылых пакояў у сядзібах вырасла да 15, што дазваляе прымаць экскурсійныя групы. Акцэнт у працы ссоўваецца са звычайных банкетаў на нацыянальныя абрады, культурныя вечарыны і гастранамічныя падзеі. Важным пунктам стала патрабаванне абавязковай згоды суседзяў на правядзенне шумных мерапрыемстваў, што забяспечыць баланс інтарэсаў у сельскай мясцовасці.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з адкрытых крыніц