Жнівень — асаблівы месяц для выпускнікоў універсітэтаў. Яны заступаюць на свае першыя працоўныя месцы — пачынаецца адпрацоўка пасля размеркавання. Уласны карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з Таццянай ІВАШКЕВІЧ, якая будзе працаваць у Іўеўскай сярэдняй школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
Нечаканае размеркаванне
Дзяўчына родам з Ваўкавыска. Варыянтаў будучай прафесіі ў Таццяны было шмат — чалавек яна дапытлівы, і многія сферы былі ёй па душы. На сямейнай нарадзе вырашылі, што лепш за ўсё падыдзе сфера адукацыі, з якой Таццяна была ўжо знаёмая, таму што там працавала яе маці. Выбрала Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
— Мне заўсёды падабалася філалогія, і я вырашыла абраць беларускую мову, — тлумачыць яна. — Наша мова цікавая і самабытная. Да таго ж у Купалаўскім універсітэце моцная філалагічная школа, ёсць дысцыпліны, якіх няма ў іншых універсітэтах. Яны звязаныя з фальклорам і культурай. Памятаю, як выязджалі ў сельскую мясцовасць, размаўлялі з жыхарамі, збіралі даныя, было вельмі цікава. Так, я ведала, што пасля ўніверсітэта буду, хутчэй за ўсё, працаваць настаўніцай, але гэта не палохала, мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Амаль кожнае лета працавала ў дзіцячых аздараўленчых лагерах і з задавальненнем праходзіла практыку ў школе падчас вучобы.
Першапачаткова, як і многія выпускнікі, Таццяна планавала працаваць у вялікім горадзе. Але жыццё вырашыла па-іншаму.
— Калі даведалася, што еду ў Іўе, напачатку была засмучаная, — прызнаецца дзяўчына. — Усе планы поўнасцю змяніліся. Дый наогул я была настроена скептычна да працы ў раённым цэнтры. Але ўсё змянілася...
Прыгожы Горад і ветлівыя людзі
У Таццяны быў час падумаць. Па-першае, яна радавалася, што будзе працаваць па спецыяльнасці. А па-другое, ёй вельмі спадабалася школа. Калектыў аказаўся ветлівым, адразу адчула падтрымку, не было ўражання, што яна тут чужая.
— Мяне сардэчна сустрэлі. Адразу прапанавалі дапамогу з жыллём. Я зняла кватэру, і большую частку арэнды мне будуць кампенсаваць. Кватэра вельмі ўтульная, умовы выдатныя. І сам горад такі цікавы. А яшчэ мяне як філолага зацікавіла тое, як размаўляюць у рэгіёне. Тут такі цікавы дыялект! Планую займацца даследчай дзейнасцю і далучаць да гэтага дзяцей, — дзеліцца планамі Таццяна. — Не ведаю, як там у іншых, але на маіх уроках хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем вывучалі беларускую мову. Я хачу рэалізаваць свае ідэі і планы, думаю, што ў гэтай школе мне дапамогуць. Горад прыгожы, а людзі ветлівыя, так што я не адчуваю негатыўных эмоцый. Для мяне гэта перш за ўсё досвед і магчымасць прафесійнага росту. Пакуль не магу дакладна сказаць, ці застануся тут пасля адпрацоўкі. Буду глядзець па абставінах, але такі варыянт не выключаю.
З нецярпеннем чакае 1 верасня
Часта гавораць, што працаваць з дзецьмі складана, бо яны вельмі розныя, часам непрадказальныя. Але ж і дарослыя могуць рабіць сюрпрызы. Таня перакананая, што з дзецьмі трэба размаўляць на роўных і ў першую чаргу паважаць іх. Гэты падыход яна прымяняла ў лагеры і плануе выкарыстоўваць у школе. А працу пачне ўжо на наступным тыдні і будзе з нецярпеннем чакаць 1 верасня.
— Чаму я раблю акцэнт на разуменні і павазе? Мы не ведаем, што ў гэтага дзіцяці дома, як яно рэагуе на нейкія рэчы. І адказваць на агрэсію дзіцяці агрэсіяй — гэта наогул не выйсце. Кожны чалавек у сваім жыцці, у тым ліку дзіцё, перажывае пэўныя крызісы, і мы не можам рэагаваць на іх неяк дэструктыўна. І якая розніца, дзе я буду прымяняць гэтыя падыходы?
І ў вялікіх, і ў малых гарадах дзеці застаюцца дзецьмі, — лічыць мая суразмоўніца.
Многія ў школе падыходзілі да Таццяны і казалі, што яна заўсёды можа звярнуцца па дапамогу, спытаць парады, калі нешта незразумела. Таму яна ўпэўненая, што ўсё будзе добра. Гэта вельмі каштоўна. А яшчэ дзяўчына верыць, што наперадзе яе чакае займальнае падарожжа, якое падорыць ёй шмат досведу, надзейных калег і сяброў!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ