Top.Mail.Ru
175

Пагаварылі з выпускнікамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта аб размеркаванні

Было хвалююча!

Вясной у ГрДМУ традыцыйна праводзіцца канчатковае размеркаванне, у якім прымае ўдзел міністр аховы здароўя. І ў выпускнікоў ёсць магчымасць задаць яму пытанні, якія датычацца іх прафесійнай будучыні. А мы, пачакаўшы пакуль эмоцыі крыху ўлягуцца, пацікавіліся ў будучых урачоў, як усё прайшло і дзе яны будуць працаваць.

Увага кожнаму

На канчатковае размеркаванне, як правіла, прыходзяць тыя, у каго змяніліся сямейныя абставіны або ўзніклі іншыя прычыны. Кожны выпадак разглядаецца асобна, і рашэнне камісіі можа як застацца ранейшым, так і быць змененым у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі.

Як адзначыў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ, студэнты звычайна імкнуцца да таго, каб іх месца працы было блізка да дома і родных, а таксама выбіраюць спецыяльнасць, якая ім больш знаёмая і цікавая. Калі такая магчымасць ёсць як па спецыяльнасці, так і па месцы працы, мы імкнёмся даць яе. Стварэнне камфортных умоў, у тым ліку эмацыйная падтрымка з боку сям’і, станоўча адбіваецца на рабочым працэсе і адаптацыі на першым месцы працы. Аднак не заўсёды ўдаецца задаволіць усе гэтыя запыты.

— Перад намі стаяць задачы, якія патрабуюць урачоў у розных рэгіёнах, уключаючы сельскую мясцовасць. Гэта падкрэслівае неабходнасць папярэдняй размовы з кожным студэнтам: будучы спецыяліст павінен дакладна ўяўляць сабе месца сваёй работы. Акрамя таго, універсітэцкі прафесарска-выкладчыцкі склад і супрацоўнікі кадравай службы аховы здароўя павінны надаваць увагу кожнаму выпускніку, які будзе размеркаваны, — падкрэсліў міністр.

Блізка да сэрца

Валерыя ПАПЯЛУШКА заканчвае лячэбны факультэт, размеркавалася выкладчыкам унутраных хвароб на другую кафедру сваёй alma mater, у будучым плануе займацца кардыялогіяй. Медыцынай цікавілася з дзяцінства. Яе бабуля, дзядуля і цётка — медыкі. 

Кардыялогію выбрала таму, што заўсёды ўражвала работа сэрца, бо гэта дзіўны орган!

— Я заўсёды ведала, што буду ўрачом, не разглядала іншыя варыянты. Калі вучылася ў гімназіі, выбрала хімбіяпрофіль. З таго часу нічога не змянілася, я ўпэўнена, што гэта мой кірунак. Родныя часта расказвалі аб сваёй працы, асабліва цётка. Яна акушэр-гінеколаг, і я заўсёды з цікавасцю яе слухала. Да шостага курса думала, што пайду па яе слядах, але патрапіла на практыку ў Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр. І захацела звязаць сваё жыццё з кардыялогіяй. Цяпер я на шостым курсе, пасля яго заканчэння буду праходзіць інтэрнатуру ў Гарадской клінічнай бальніцы № 2 Гродна, затым два гады — выкладаць. І ўжо пасля буду кардыёлагам. Мне падабаецца займацца навукай, маю цікавы досвед выкладання. Я задаволена месцам размеркавання. Выдатна, што атрымалася застацца ў Гродне, я тут нарадзілася і вырасла, жыву тут з мужам.

Валерыя зазначае, што працэдура размеркавання прайшла камфортна. Вядома, дзяўчына хвалявалася, але вынікі вучобы казалі аб тым, што яна можа атрымаць жаданае размеркаванне.

Новы жыццёвы этап

Выпускнік медыка-дыягнастычнага факультэта Іван КОЧАТАЎ будзе ўрачом лабараторнай дыягностыкі. Малады чалавек гаворыць, што асаблівага хвалявання 

не было, бо вучыўся па мэтавым накіраванні ад Полацкага раёна. Пасля навучання Іван хацеў вярнуцца дадому ў Наваполацк, а каб быць у гэтым упэўненым, заручыўся мэтавым накіраваннем. Ён кажа, што не любіць вялікія гарады:

— Не ведаў, у якой менавіта ўстанове буду працаваць, але гэта было непрынцыпова для мяне, галоўнае — каб у родным раёне. Пяцігадовая адпрацоўка таксама не палохае, таму што мне падабаецца сфера, якую абраў. І я не супраць застацца пасля адпрацоўкі на сваім першым працоўным месцы. Медыцына заўсёды мяне цікавіла, ужо ў восьмым класе я зразумеў, што хачу быць урачом. Бацькі параілі паступіць у Гродна. Мне вельмі падабаецца работа менавіта ў лабараторыі, гэтай сферай я зацікавіўся на пары па клінічна-лабараторнай дыягностыцы. Пасля навучання буду праходзіць інтэрнатуру ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, там жа будзе праходзіць і мая адпрацоўка. Вельмі чакаю, калі ўжо змагу працаваць па сваёй спецыяльнасці. Не хвалююся, гэта новы жыццёвы этап, усе мы павінны яго прайсці. Вельмі рады, што буду працаваць у родным горадзе.

Іван пажадаў усім студэнтам-медыкам поспехаў, моцнай нервовай сістэмы і цярпення. Бо навучанне няпростае, асабліва першыя тры гады. А таксама параіў паспяваць па вучобе, бо гэта ўплывае на размеркаванне.

Сфера, якая звязана са шчасцем

Ірына АЛЕКСАНДРОВІЧ — з Гродна, і ёй хацелася працягваць вучобу ў родным горадзе. Да таго ж сябры добра адгукаліся аб Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Бацька маёй суразмоўніцы — урач ультрагукавой дыягностыкі, таму Ірына з самага дзяцінства знаходзілася побач з медыцынскай сферай. Вучылася на лячэбным факультэце, будзе працаваць акушэрам-гінеколагам.

— Тата не быў супраць, каб я пайшла па яго слядах, але заўсёды шчыра расказваў аб сваёй працы, папярэджваў, што гэта няпроста і што вучоба ў медуніверсітэце не даецца лёгка. Але я была вельмі натхнёная, і мяне гэтыя цяжкасці не спынілі. Я заўсёды ведала, што буду ўрачом. Пакуль вучылася, былі розныя думкі наконт кірунку, канчаткова вызначылася на пятым курсе. Мне падабаецца працаваць з жанчынамі, быць датычнай да з’яўлення новага жыцця на свет. Ды і па большай частцы гэта сфера медыцыны звязана са шчасцем. Мне падабаецца працаваць у радзале, у пасляродавым аддзяленні. Размеркаванне атрымала ў Слонімскую цэнтральную раённую бальніцу, інтэрнатуру буду праходзіць у Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры. Вельмі хвалявалася падчас размеркавання, усё ж гэта важны момант. Першапачаткова хацела ў Ліду, але не атрымалася, таму мне прапанавалі Слонім, чаму я ўзрадавалася (хацела застацца ў Гродзенскай вобласці). І было вельмі прыемна, што мяне і майго жаніха размеркавалі разам, улічылі гэты момант. І мы з нецярпеннем чакаем, калі прыступім да працы.

Ірына гаворыць, што адпрацоўка ў раёне яе не палохае, бо там ёсць магчымасць атрымаць большы досвед. Дзяўчына чула шмат станоўчых водгукаў аб бальніцы і раёне, таму будзе спакойна праходзіць навучанне ў інтэрнатуры. Студэнтам яна жадае прыслухоўвацца да сябе і выбіраць тое, што па душы.

Упэўненасць у сваёй будучыні

Сваё сэрца слухала і выпускніца Марыя БАХ. Першапачаткова дзяўчына хацела звязаць сваё жыццё з фармакалогіяй, але пасля размовы з сяброўкай, якая таксама вучылася ў Гродзенскім медуніверсітэце, вырашыла выбраць менавіта медыка-дыягнастычны факультэт. Будзе працаваць урачом клінічна-лабараторнай дыягностыкі.

— Я чалавек, які любіць быць упэўненым у сваёй будучыні. А медыцына дае ўпэўненасць, што будзеш запатрабаваны як прафесіянал заўсёды, — разважае Марыя. — Да таго ж тут шмат кірункаў, дзе можна расці і развівацца. Цяпер у мяне ў прыярытэце праца, звязаная з лабараторнай дыягностыкай. Гэтую сферу я палюбіла на другім курсе, калі займалася навуковай дзейнасцю. Інтэрнатуру буду праходзіць у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, а размеркаванне атрымала ў новую бальніцу па праспекце Янкі Купалы. Я вельмі гэтаму ўзрадавалася, бо хацела застацца ў Гродне. З нецярпеннем чакаю адпрацоўкі! Бальніца новая, з класным абсталяваннем. І ў цэлым займацца даследаваннямі, навукай вельмі здорава! Так што жадаю студэнтам не баяцца спрабаваць сябе ў гэтай сферы.

Марыя не перажывае, што будзе працаваць у зусім новай бальніцы з калектывам, які толькі-толькі будзе сфарміраваны. Гаворыць, бывала ў розных лабараторыях і з усімі калегамі ў яе былі добрыя адносіны.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фото з архіва студэнтаў і прэс-цэнтра ГрДМУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю