Top.Mail.Ru

Пагаварылі з загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 1 Гродзенскай універсітэцкай клінікі Іванам Мысліўцом аб спецыфіцы гэтай прафесіі

Калі чалавек на сваім месцы

Калі я атрымала заданне ўзяць інтэрв’ю ў медыка, героем матэрыяла я выбрала ўрача, які выратаваў жыццё маёй сястры. У рэанімацыю яна патрапіла ў жудасным стане, выжывальнасць была малаверагодная, але ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі № 1 універсітэцкай клінікі пад кіраўніцтвам Івана Мысліўца здзейснілі цуд.

Прагматычны выбар

Часцей за ўсё інтэрв'ю з прафесіяналам пачынаецца са стандартнага пытання: чаму чалавек выбраў тую ці іншую сферу? Улічваючы ўсе прафесійныя поспехі Івана Мысліўца і яго стаўленне да пацыентаў, была ўпэўнена — медыцына была яго вялікай марай. Але адказ атрымала нечаканы:

— У сям'і ўрачоў не было, а медыцыну выбраў з прагматычнага пункту гледжання. Было ўсё выдатна з профільнымі прадметамі, быў найбольш упэўнены ў паспяховым паступленні. Школу скончыў у 2004 годзе. Тады не было такой маштабнай прафарыентацыі, як зараз, таму меў агульныя ўяўленні аб працы доктара. Так, былі іншыя варыянты, але я ўсё ж спыніўся на медыцыне. Падчас навучання канчаткова зразумеў, што  гэта маё.

На работу ва ўніверсітэцкую клініку (тады яшчэ абласную бальніцу) мой суразмоўнік прыйшоў у 2012 годзе на пасаду ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага. У статусе загадчыка Іван Альфрэдавіч не так даўно, паўтара гады.

На парозе жыцця і смерці

Добра памятую той дзень, калі апынулася ў кабінеце майго суразмоўніка як сястра пацыенткі. Дарэчы, пра тое, што яна ў рэанімацыі, я даведалася самастойна, бо дактары ўстановы, дзе яна была дагэтуль, не паведамілі пра стан хворай нават яе мужу, які гэтым часам знаходзіўся ў няведанні з маленькім дзіцем на руках. Было вельмі страшна, але я імгненна зразумела, што ўрачы зробяць усё магчымае. Паглядзеўшы ў вочы загадчыку аддзялення, убачыла надзвычайную неабыякавасць, перажыванне за жыццё пацыенткі, якая знаходзілася на парозе жыцця і смерці.

Я папрасіла Івана Альфрэдавіча расказаць, у чым заключаецца работа ўрачоў анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў.

— Любое аперацыйнае ўмяшанне не абыходзіцца без анестэзіёлага-рэаніматолага, — адразу адзначыў ён. — Спецыяліст нашага аддзялення не проста «адключае» пацыента. Увод у наркоз — толькі частка працы. Далей трэба старанна сачыць за станам чалавека. 

На розных этапах аперацыі патрэбна розная глыбіня наркозу. Трэба таксама правільна вывесці пацыента з гэтага стану. А ў выпадку ўскладнення спецыяліст павінен умець вывесці чалавека з крытычнага стану і правесці ўсе неабходныя рэаніматалагічныя дзеянні.

Гэта адзін вектар працы аддзялення рэанімацыі. Другі — лячэнне пацыентаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане, так званая інтэнсіўная тэрапія. Менавіта сюды з септычным шокам патрапіла і мая сястра. Урачы адчайна змагаліся за яе жыццё. Выкарыстоўвалі ўсе магчымыя метады, каб дапамагчы выкараскацца.

Акрамя таго, у аддзяленні знаходзяцца пацыенты пасля цяжкіх і працяглых аперацый, калі яны маюць патрэбу ва ўзмоцненым доглядзе. Тут заўсёды таксама ёсць урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, адказны па аддзяленні, які можа аказаць экстранную дапамогу ў выпадку неабходнасці. Яшчэ ён удзельнічае ў транспарціроўцы цяжкіх пацыентаў на месца дыягностыкі, напрыклад калі трэба МРТ. Урачы аддзялення аказваюць кансультатыўную дапамогу ў раённых бальніцах, праводзяць транспарціроўку пацыентаў з рэгіянальных медустаноў.

Чаму ў рэанімацыю могуць не пусціць?

Абсалютна зразумела, што родныя заўсёды жадаюць убачыць пацыента. Але ў рэанімацыі асаблівыя ўмовы наведвання. І гэта не проста так.

У аддзяленні ляжаць людзі з аслабленым імунітэтам, таму любая інфекцыя ці бактэрыя можа моцна нашкодзіць ім. Менавіта таму тут такі строгі санэпідрэжым. Ёсць небяспека і для візіцёраў, калі яны не будуць выконваць усе меры засцярогі. А часта так і здараецца. Эмоцыі бяруць верх, і чалавек проста забывае, што — можна, а што — нельга.

— Яшчэ мы ўлічваем стан самога пацыента. Калі дынаміка нестабільная, у любы момант можа спатрэбіцца рэанімацыя, а пры яго родных выконваць усе неабходныя дзеянні вельмі складана, у наведвальнікаў можа пачацца паніка. Акрамя таго, не кожны чалавек гатовы бачыць блізкіх людзей у такім стане.

І гэта так. Калі ўжо было можна, мяне пусцілі да сястры. Правады, якія тырчаць з шыі і не толькі, апаратура... На бальнічным ложку сястрычка выглядала зусім маленькай. На шчасце, дыхала сама. Да гэтага выпадку я прайшла праз тры анкалогіі родных, дзве са смяротным зыходам, сядзела каля ложка чалавека, які паміраў у хоспісе. Але ўсё роўна тое, што я ўбачыла ў рэанімацыі, мяне ўсхвалявала. Таму поўнасцю пацвярджаю словы Івана Альфрэдавіча. Не варта злавацца, калі вас не пусцілі да пацыента — значыць на тое ёсць прычыны.

Спяшацца павольна

На працягу ўсёй гутаркі мяне цікавіла пытанне: дзе знайсці сілы, каб прыходзіць на работу ў рэанімацыю? Бо кожны дзень тут на грані жыцця і смерці. Іван Мыслівец адказаў, што гэта шмат у чым залежыць ад характару чалавека:

— Сапраўды, вялікае шчасце, калі пацыента ўдаецца выратаваць. Так, у нашай сферы вельмі высокая рызыка эмацыянальнага і прафесійнага выгарання. Бо ў рэанімацыі працэнт смяротных зыходаў высокі. І доктар таксама чалавек, які не можа заставацца цалкам без-

эмацыянальным. Так ужо выйшла, што асабіста я праношу ўсё праз сябе, але пры гэтым я не ўяўляю сябе ў іншым месцы.

Калі я спытала, якім павінен быць добры ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, Іван Альфрэдавіч сказаў, што ў яго павінны быць гарачае сэрца і халодны розум. Трэба дзейнічаць хутка, але пры гэтым прымаць узважаныя рашэнні. Спяшацца павольна. Калі ты побач з чалавекам, у якога спынілася сэрца, права на памылкі і прамаруджванні няма. Трэба быць таксама фізічна моцным чалавекам. І, вядома, шчыра любіць сваю прафесію.

Спецыяльна не пісала пра тое, чаму мая сястра апынулася ў рэанімацыі. Скажу толькі, што гэта стала вынікам працы нядобрасумленных спецыялістаў, і гэта ўжо зусім іншая гісторыя. 

А маёй мэтай стала, наадварот, расказаць пра чалавека, які клапоціцца аб сваіх пацыентах, сапраўднага прафесіянала. І такія ў нас ёсць!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Івана МЫСЛІЎЦА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю