«Пачынаю працоўны дзень з выдатным настроем»
У полі кіпела работа — ішла сяўба аднагадовых траў. Па ворыве, нібы вялізны чырвоны карабель, плаўна рухаўся МТЗ-3522.
Знаёмімся з механізатарам. Андрэй Байкачоў працуе ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў — з таго часу, як пасля заканчэння вучылішча ў Светлагорску і службы ў арміі прыехаў у Асавец.
Пра сяўбу Андрэй Валер’евіч гаворыць коратка і ёмка — на доўгія размовы часу ў гэтую пару ў аграрыяў няма:
— Працую на сучаснай тэхніцы, трактар не падводзіць. Калі будзе добрае надвор’е, упэўнены, што ўсе патрэбныя работы выканаем хутка.

Механізатара падтрымлівае жонка Святлана Фёдараўна, якая працуе настаўніцай. Яна разумее ўсю важнасць работы хлебароба і з паразуменнем ставіцца да таго, што ў гарачы час мужу даводзіцца працаваць да позняга вечара.
— Сваю работу я вельмі люблю. Пачынаю працоўны дзень з выдатным настроем і імкнуся зрабіць сваю справу на належным узроўні. Калі работу выконваеш шчыра і з душой, яна абавязкова прынясе поспех, — упэўнены Андрэй Байкачоў.
Руплівая праца работнікаў гаспадаркі мае і дастойную ўзнагароду. Сярэдні памер заробку тут складае больш за дзве тысячы рублёў.
Яравыя пасеялі за некалькі дзён
— Для паспяховага правядзення пасяўной у нашай гаспадарцы ёсць усё неабходнае, — расказвае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Клімовіч. — У рабоце задзейнічаны вопытныя механізатары і сучасная тэхніка. Пад сяўбу ранніх яравых культур у нашай гаспадарцы было адведзена 500 гектараў. Гэта работа ўжо завершана, а цяпер вядзём сяўбу аднагадовых культур. Трактары энерганасычаныя, выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы ўсяго тры-чатыры гады. Гэта, вядома, таксама садзейнічае паспяховаму ходу пасяўной.
Працоўны дзень механізатараў, як правіла, пачынаецца ў 6 гадзін 30 хвілін і доўжыцца ўвесь светлавы рабочы дзень. Раннія яравыя ў гаспадарцы пасеялі ўсяго за некалькі дзён.
Ёсць у паспяховай рабоце сельгаспрадпрыемства яшчэ адзін знакавы складнік. Практычна ўсе работнікі гаспадаркі мясцовыя. Тут, як кажуць, нарадзіліся — тут і спатрэбіліся.
Дысцыпліна плюс клопат
— Цяпер рыхтуем глебу пад сяўбу кукурузы, вільгаць была закрыта на плошчы 2 380 гектараў, у належны тэрмін, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі. — Актыўна працуем па ўнясенні арганічных угнаенняў, якіх ужо нарыхтавалі сто тысяч тон. На правядзенні гэтых работ таксама задзейнічаны энерганасычаныя трактары. За дзень у сярэднім мы ўносім больш за дзве тысячы тон арганічных угнаенняў.
За вытворчай дысцыплінай, якая не менш важная, чым энерганасычаная тэхніка, дапамагаюць сачыць сучасныя тэхналогіі.
— На ўсіх адказных участках таварыства ўстаноўлены відэакамеры, — расказвае дырэктар. — Больш чым на 60 адзінках тэхнікі дзейнічае навігацыя, што дазваляе ўбачыць, дзе знаходзіцца аўтамабіль.
Клапоцяцца ў гаспадарцы і аб тым, каб механізатары былі накормлены — ёсць свой катлапункт, маецца магчымасць забяспечыць іх гарачымі абедамі. Работнікі аплачваюць толькі 20 % кошту. У адвозцы абедаў задзейнічаны два аўтамабілі.

— Памер аплаты харчавання мы імкнёмся зрабіць як мага меншым, — адзначае Уладзімір Клімовіч. — Вырошчваем сваю грэчку, якая перапрацоўваецца ў Гомелі, цесна супрацоўнічаем з Мінскім камбінатам хлебапрадуктаў, адкуль за збожжа, што пастаўляем па дзяржаўным заказе, атрымліваем муку, крупы. Акрамя таго, мы вырошчваем бычкоў, забой якіх ажыццяўляецца ў Любанскім раённым спажывецкім таварыстве. Усё гэта дае магчымасць зрабіць цану абедаў максімальна невялікай.
Кіраўнік гаспадаркі ўпэўнены: паколькі за справу адказвае зладжаная каманда прафесіяналаў, людзей, якія прысвяцілі рабоце ў сельскай гаспадарцы шмат гадоў, і здольных маладых спецыялістаў, усе работы будуць праведзены своечасова. І ніякіх сумненняў на гэты конт у нас не ўзнікла.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ