25 жніўня дзверы інтэрната № 4 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі адчыніліся для наваспечаных студэнтаў. Гэты корпус каторы раз становіцца месцам прапіскі для тых, хто толькі-толькі робіць першыя крокі ў дарослае жыццё. На засяленні нядаўніх абітурыентаў у інтэрнат пабывалі карэспандэнты «Звязды».
Галоўнае — дапамагчы адаптавацца
«Наш інтэрнат быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2012 годзе, разлічаны ён на 969 месцаў, — расказала загадчыца Святлана Дзянісава. — Было прынята рашэнне, што менавіта сюды будуць засяляцца першакурснікі. Так ім прасцей адаптавацца: усе ўпершыню пакідаюць дом, усе знаходзяцца ў аднолькавых умовах».

Яны, праўда, максімальна набліжаны да хатніх: у блоках кватэрнага тыпу ёсць два пакоі, кухня, душ і санвузел. Ёсць і спартыўная зала з сучаснымі трэнажорамі, і пакой самападрыхтоўкі, дзе можна спакойна рыхтавацца да іспытаў.
Засяленне праходзіць з 25 да 27 жніўня, яшчэ два дні адведзены для тых, хто не паспеў. «Мы размяркоўваем час так, каб пазбегнуць чэргаў. Цяпер заязджае факультэт камп’ютарнага праектавання, пасля абеду — радыётэхнікі і электронікі. Студэнты без замінак атрымліваюць ключы і спакойна ідуць знаёміцца з суседзямі», — удакладняе загадчыца.
Цікавымі ім здадуцца пакоі вольнага часу. Напрыклад, у гасцёўні «Гаспадарка» — тэма нацыянальных традыцый: студэнты гатуюць стравы беларускай кухні, дзеляцца сямейнымі рэцэптамі. А ў пакоі, прысвечанаму малой радзіме, праходзяць знаёмствы: першакурснікі расказваюць аб родных гарадах і славутасцях, знаходзяць аднадумцаў і завязваюць сяброўства, якое нярэдка працягваецца за межамі ВНУ. У мінулым годзе ў інтэрнаце з’явіліся таксама фотастудыя і гасцёўня «Памяць», прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У «чацвёрцы» БДУІР шмат увагі ўдзяляюць адаптацыі дзяцей да жыцця ў інтэрнаце. «У нас працуе студсавет — гэта каля 60 чалавек, якія дапамагаюць першакурснікам, арганізоўваюць мерапрыемствы, ствараюць утульную атмасферу, — кажа старшыня студсавета Аляксандр Міхнюк. — Мы вядзём Telegram-канал, ладзім канцэрты, вечары настольных гульняў, гурткі па інтарэсах. Кожны знаходзіць занятак па душы».

Студсавет дзеліцца на камісіі: жыллёва-бытавую, культурна-масавую, інфармацыйную і сацыяльна-прававую. У кожнай — свае абавязкі: сачыць за парадкам, арганізоўваць і асвятляць сустрэчы, весці прафілактычныя гутаркі. «Нашы старасты ведаюць усіх студэнтаў на паверхах, дапамагаюць парадай і словам. Гэта своеасаблівае настаўніцтва, каб першакурснікі хутчэй уліваліся ў калектыў», — дадае Аляксандр.
Развіваюцца і сацыяльна значныя праекты: ад ваенна-патрыятычных і гістарычных да літаратурна-этнаграфічных. Старэйшыя таварышы дапамогуць увасобіць і іншыя ідэі ў жыццё, рэалізавацца ў розных кірунках. Галоўная ўмова: каб справай «гарэлі вочы».

Прывітанне, інтэрнат!
З раніцы каля дзвярэй стаяць хлопцы і дзяўчаты. Непадалёк ад іх — бацькі з чамаданамі і сумкамі. Для многіх сем’яў гэта хвалюючы момант: дзеці ўпершыню з’язджаюць з бацькоўскага дома.
Адным з першых засяліўся Аляксандр Янцукевіч. Юнак прыехаў з Ліды, будзе вучыцца на спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя». Спачатку, па словах хлопца, спраўляцца з побытам яму будзе цяжка: «Умовы добрыя, але прызнаюся — прыбірацца я не люблю. Я такі чалавек, для мяне хаос — гэта парадак. А тут так нельга будзе, усё павінна быць прыгожанька. Давядзецца вучыцца і гатаваць, і прыбіраць, і жыць па раскладзе. Папраўдзе кажучы, гэта нават цікава. Спадзяюся, праз год стану больш самастойным».

Ксенія Канстанчук, якая паступіла на спецыяльнасць «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», таксама з Ліды. Дзяўчына не баіцца цяжкасцяў: «Вядома, страшнавата, але я ўпэўнена, што спраўлюся. А яшчэ планую знайсці тое, чым буду займацца ў вольны ад вучобы час. Цешыць, што тут ёсць усё для гэтага, — прызнаецца дзяўчына. — Бо жыццё ў інтэрнаце — гэта не толькі пра камфорт і зручнасць, але і пра магчымасць хутчэй адаптавацца.
Мы з суседкамі, напрыклад, загадзя стварылі чат блока, ужо пазнаёміліся».
Не хвалюйцеся, мамы
Амаль усе прыехалі са сваімі бацькамі. Хтосьці трымае ў руках дакументы, хтосьці дапамагае сыну ці дачцэ занесці скрынкі. І ўсе як адзін прызнаюцца: адпускаць дзіця жыць самастойна — вельмі трывожна і хвалююча. Пра гэта кажуць і бацькі Ксеніі: «Вядома, хваляванне ёсць: дачка ўпершыню так далёка ад дома. Але мы рыхтавалі яе да самастойнага жыцця: улетку яна сама гатавала, прыбірала. Увогуле, прайшла «курс маладога байца», — з усмешкай адказала маці дзяўчыны.

Ала Кумішча з Мядзельскага раёна, якая праводзіць дачку Аліну, глядзіць на рэчы спакайней. Яна ўспамінае свой студэнцкі досвед: «У свой час я жыла ў інтэрнаце калідорнага тыпу. Умовы непараўнальныя: у гэтых пакоях утульна, сучасна, ёсць усё і нават больш. Лічу правільным, што першакурснікі жывуць разам: ім лягчэй прывыкнуць, у тым ліку адзін да аднаго».
Ёсць бацькі, якія прытрымліваюцца і некалькі іншай думкі: «З аднаго боку, першакурснікам будзе прасцей сярод „сваіх“. Але калі б побач жылі старэйшыя, яны маглі б падказаць нешта ў побыце, накіраваць у той жа вучобе. Усё ж досвед важны», — падзялілася сваімі чаканнямі і трывогамі Ала Смут, якая прыехала з Гомеля з сынам Вадзімам. Перажыванні маці ён не падзяляе: хлопец ужо маральна гатовы да ўсіх цяжкасцяў. Галоўнае — ісці на кантакт, не баяцца знаёміцца, тады інтэрнат стане і домам, і школай сяброўства і самастойнасці.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Актуальна
Прыярытэт — запатрабаванасць у эканоміцы. Больш як 30 тысяч чалавек прынята ў каледжы на ўзровень ПТА
23 жніўня скончыўся асноўны прыём у каледжы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, раней фінішаваў набор на ўзровень ССА. Па словах спецыялістаў Мінадукацыі, уступная кампанія ў апошнія гады паказвае стабільна добрыя вынікі, а прыёмныя паказчыкі практычна не мяняюцца.
Напрыклад, на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета планавалася прыняць 38 тысяч чалавек, і мэта была дасягнута — лічба атрымалася такая ж, як і летась. Пры гэтым, па словах начальніка ўпраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандры ПЯТРОВАЙ, была зноў павялічана доля бюджэтнікаў — гэта каля 30 тысяч студэнтаў, на 1 тысячу больш за мінулагоднюю лічбу. Начальнік упраўлення падкрэсліла, што гэта важна, паколькі дзяржава ўкладвае сродкі менавіта ў падрыхтоўку патрэбных эканоміцы спецыялістаў. Яна таксама раскрыла, якім чынам фарміруюцца лічбы прыёму: на аснове заказу кадраў, які праходзіць праз аўтаматызаваныя сістэмы і дагаворы з каледжамі: «Мы выразна бачым, колькі бюджэтнікаў патрабуецца эканоміцы, і на гэтыя спецыяльнасці павялічваем колькасць месцаў».
Станоўчыя вынікі, па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргея ПІШЧОВА, дала зладжаная прафарыентацыйная работа, што праводзілася са школьнікамі — будучымі абітурыентамі ВНУ. Начальнік Галоўнага ўпраўлення адзначыў, што ў гэтую ўступную кампанію практычна стапрацэнтнае выкананне як бюджэтнага — на 99,5 %, так і платнага — 99 % — набору. На бюджэт залічаны 30,5 тысячы студэнтаў, на платнае навучанне — каля 15 тысяч.
Прыёмная кампанія яшчэ не скончылася — у лістападзе-снежні пройдзе прыём на завочную форму навучання ў аграрныя ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Там на бюджэт выдзелена больш за 1 тысячу месцаў і каля 1,3 тысячы — платных. Сяргей Пішчоў растлумачыў прычыну пазнейшых тэрмінаў прыёму на «завочку» ў аграрных ВНУ: «Мы ўлічваем тое, што ў асноўным туды паступаюць выпускнікі каледжаў. Гэта наша рабочая моладзь, у якой цяпер таксама гарачая пара, падаць дакументы ў лістападзе-снежні — гэта дадатковая магчымасць для іх паступіць у пазнейшыя тэрміны».
Паводле БелТА
Дыялог пакаленняў. 1 верасня ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Беларусі пройдзе адзіны першы ўрок
Першы дзень навучальнага года — гэта не проста новая вяха ў жыцці нашых юных грамадзян. Гэта дзень, калі сустракаюцца мінулае і будучыня. Гэтай тэме і прысвечаны адзіны першы ўрок, які будзе называцца «Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучыню».
Мэта ўрока — нагадаць школьнікам, педагогам і ўсім, хто неабыякавы да лёсу краіны, пра важнасць гістарычнай памяці, нацыянальных традыцый і духоўнай спадчыны. Праз дыялог пакаленняў навучэнцы адчуюць сувязь з мінулым і ўсвядомяць адказнасць за будучыню Радзімы.
Для падрыхтоўкі да мерапрыемства педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць бібліятэку адзіных урокаў на Нацыянальным адукацыйным партале, дзе прадстаўлены інфармацыйна-метадычныя матэрыялы, сцэнарыі, прэзентацыі і практычныя рэкамендацыі.