«За цялят галавой адкажаце». Гэтыя словы Прэзідэнт сказаў у пачатку 2026 года падчас рабочай паездкі ў Лагойскі раён, калі асабіста правяраў умовы ўтрымання маладняку на адным з сельгаспрадпрыемстваў. Праз некалькі тыдняў, 18 сакавіка, Савет Міністраў прыняў пастанову № 126 «Аб будаўніцтве аб’ектаў аграпрамысловага комплексу», якой зацвердзіў пералік жывёлагадоўчых аб’ектаў па ўсёй краіне і ўстанавіў тэрмін уводу — да 1 кастрычніка. Усяго па краіне неабходна было пабудаваць 528 прафілакторыяў для цялят.
Каб паглядзець, як функцыянуюць новенькія прафілакторыі, мы выправіліся ў Клічаўскі раён, у КСУП «Бацэвічы», дзе ўзвялі сучаснае памяшканне для ўтрымання маладняку. Мы ацанілі, як змяніліся ўмовы для цялят і наколькі камфортна стала працаваць жывёлаводам.
«Проста, але эфектыўна»
«Дзякуючы новаму прафілакторыю сёлетні халодны сезон цяляты сустрэнуць ужо ў камфортных умовах — у цяпле і пад наглядам», — мяркуе дырэктар гаспадаркі Анатоль Салановіч.
Новы прафілакторый ён паказвае без лішняй урачыстасці. Будынак з дошак, дах — звычайны метал, боксы — пластыкавыя. Але менавіта такая прастата, па яго словах, і працуе лепш за любыя дарагія рашэнні: «Можна пабудаваць вельмі проста, і яно будзе эфектыўней, чым штосьці прыдумляць і ўкладвацца. Як гаварыў Прэзідэнт, шмат не трэба», — расказвае Анатоль Анатольевіч.

Святла ўнутры шмат — удзень яно трапляе ў прасторнае памяшканне праз полікарбанатную палоску ў даху, а ўвечары прадугледжана электрычнае асвятленне. Сэнс аб’екта не ў знешнім выглядзе, а ў тым, што ён дае не толькі маленькім жывёлам, але і тым, хто іх даглядае: умовы працы для цялятніц паляпшаюцца, даглядаць за малымі становіцца прасцей. «Утрыманне цялят стала нашмат якасным, не трэба забываць, што і ўмовы працы для цялятніц таксама сталі больш камфортнымі», — гаворыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства.
Загадчыца МТК «Комплекс-2» Таццяна Доўгая паказвае гаспадарку знутры. На тэрыторыі малочнатаварнага комплексу ўтрымліваюцца дойны статак, сухастойныя каровы і цяляты ад нараджэння да трох месяцаў. На сённяшні дзень на комплексе — 210 цялят і яшчэ 590 кароў і 120 нецеляў са сцельнымі цёлкамі чорна-пярэстай пароды.
Работніца падрабязна тлумачыць, што даў новы прафілакторый. Першае — гэта больш месца. Раней галоў было больш, чым дазваляла плошча, цяпер прасторы хапае. Другое — гэта сучаснае і зручнае абсталяванне.
«У нас новая „малочная мамка“ (аўтаматызаваная станцыя выпойвання цялят. — „Зв.“), дзе будзе стэрылізавацца малако. То-бок выпойванне стала якасным, малачко цёпленькае. У нас ёсць цяпер абсталяванне для таго, каб мыліся вёдры, утрымліваліся ў чысціні соскі».
Трэцяе, і самае відавочнае, — ізаляваныя боксы. «Тут для кожнага цяляці свой індывідуальны домік, адгароджаны, цяля не кантактуе з іншымі жывёламі. Заўсёды чыстая пасцелька, вёдры для камбікорму, прадугледжаны свабодны доступ да вадзічкі. Тут будуць утрымлівацца гадаванцы ад нараджэння і да трох месяцаў».
Асобна спецыяліст спыняецца на тым, як адбываецца догляд цяляці пасля нараджэння. «Малозіва захоўваем у замарожаным стане. Потым размарожваем яго і на працягу першай гадзіны жыцця выпойваем цялятка. Таксама адразу неабходна і першасная апрацоўка пупавіны. Лямпа з абагрэвам дапамагае абсохнуць і акрэпнуць малому».
Загадчыца комплексу не хавае, што ўсё гэта трымаецца на людзях. «У маёй камандзе добрыя жывёлаводы — Пётр Фясько і Галіна Бакатовіч. «Яны з жывёламі ўсё жыццё, таму ведаюць падыход да кожнага цяляці.

Трымаюць дома сваю гаспадарку — карову, свіней. Разам рупліўцы выпойваюць, падсцілаюць, рассыпаюць камбікорм, потым ідуць дадому на абед і вяртаюцца ўвечары зноў да сваіх гадаванцаў», — тлумачыць жанчына.
На пытанне, наколькі цёпла будзе ўзімку ў прафілакторыі, Таццяна Доўгая адказвае: «Пажывём — убачым. У планах кіраўніцтва — паставіць пушкі для абагрэву. Я разлічваю на тое, што мы цалкам запоўнімся — паставім амаль трыста галоў цялятак». Таццяна Анатольеўна дадае, што дырэктар гаспадаркі заўсёды спагадлівы, ва ўсім дапамагае. «І тэхніку даў, каб прывезці саломы для подсцілу. І для чысткі трактароў усё ёсць. Таму ўмовы створаны максімальна».
Таццяна Анатолеўна прыйшла ў прафесію ў 20 гадоў — у Бабруйскім раёне пачынала з раздою. «Гэта цяжка, — расказвае жанчына. — Пасля ацёлу маладую кароўку трэба яшчэ прывучыць даіць». Год таму жанчыну прызначылі загадчыцай. Калгасніца не хавае, што новая пасада складанейшая: «Раней я адказвала толькі за сябе, а цяпер — за ўвесь калектыў». Таццяна Доўгая жыве ў Бацэвічах, у калгаснай хаце, трымае сваю гаспадарку — свіней, курэй, качак. Муж працуе механікам на мясцовай пілараме. Дзеці ўжо дарослыя. На пытанне, ці лічыць яна сваю прафесію важнай, адказвае стрымана: «Усе прафесіі важныя, і кожны ў сваёй галіне павінен быць прафесіяналам. Мне праца па душы, я ўсё жыццё ў ёй».
У новым прафілакторыі — усе ўмовы для якаснай дэзынфекцыі

Спецыяліст тлумачыць, што новы аб’ект даў прастору для зручнай і якаснай дэзынфекцыі.
Міхаіл Міхайлавіч ветэрынарам стаў невыпадкова: «У прафесію я ішоў не з бухты-барахты, а мэтанакіравана. Падабалася праца. Спачатку ў тэхнікуме вучыўся, потым скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію». На пытанне, што трымае яго тут шмат гадоў, адказвае проста: «Не прамяняў бы ні на якую іншую спецыяльнасць, толькі тут працаваў бы — дом побач, ну і любоў да жывёл», — адказвае ветэрынар.
«Лепш мець 800 галоў і ўсё ім даць»
Кіраўнік гаспадаркі глядзіць на новы аб’ект не як на пункт справаздачы, а як на частку стратэгіі. «Будуць кармы — будзе пагалоўе і маладняк. Я лічу, што лепш мець, няхай, 800 галоў і ўсё ім даць, чым трымаць дзве тысячы — і нічога не даць». Анатоль Салановіч прыйшоў у сельскую гаспадарку пасля школы трактарыстаў, потым была армія, праца кіроўцам, вучоба ў сельгасакадэміі, два гады аграномам і праца ў раённай гаспадарцы «Будзёнава». У «Бацэвічах»
у якасці дырэктара мужчына ўжо трэці год. Сям’я жыве ў Любонічах, што на Магілёўшчыне, у аграгарадку з поўнай інфраструктурай.
Як кажа кіраўнік сельгаспрадпрыемства, новы прафілакторый у Бацэвічах — гэта не проста будынак з дошак і полікарбанату, а 268 месцаў для маладняку — будучага пагалоўя комплексу. І, відавочна, што сёлетні зімні сезон цяляты сустрэнуць у цяпле, пад дахам, з якасным выпойваннем і людзьмі, якія ведаюць сваю справу.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ