Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як працуюць ясельныя групы для самых маленькіх

«Мамы, таты давяраюць»

Трохгадовы дэкрэтны водпуск у Беларусі — адна з самых істотных сацыяльных гарантый для сем'яў, але ўсё больш мам ці тат у «дэкрэтным» хочуць вярнуцца ў працоўны рытм раней. І тут дзяржава падтрымае... Адкрыццё ў садках груп для дзяцей ад аднаго года, дзе малыя пад наглядам педагогаў робяць першыя крокі ў сацыялізацыю, — выдатная магчымасць для бацькоў. Каб убачыць, як арганізаваны побыт самых маленькіх выхаванцаў, завіталі ў дашкольныя ўстановы адукацыі Гомеля.

Пяшчотная, як мама

Групу для дзяцей другога ранняга ўзросту ў гомельскім дзіцячым садку № 124 набіраюць чацвёрты год запар. Галоўная ўмова для яе адкрыцця — да 10 заяў ад бацькоў, не больш, бо, вядома, такім маленькім выхаванцам патрабуецца значна больш індывідуальнай увагі выхавальніка і памочніка.

Сёлета ў садку групу сфарміравалі ў жніўні. У ёй дзевяць малых узростам ад года і шасці месяцаў да двух гадоў. Працуе група з сямі гадзін раніцы.

— Ад старэйшых груп наша адрозніваецца распарадкам дня. Нашы дзеткі раней снедаюць і раней, чым у астатніх групах, кладуцца спаць. Ужо за гэтыя тыдні дзеці прызвычаіліся да рэжыму, — расказвае выхавальнік 124-га дзіцячага садка Гомеля Дар’я Кухарэнка.


Як заўважае педагог, вядома, выхаванне дзетак такога ўзросту патрабуе тонкага падыходу. Некаторыя прыходзяць яшчэ ў падгузніках, не ўмеюць есці самастойна. Але праходзіць усяго некалькі тыдняў — і малыя вучацца магчымаму для гэтага ўзросту самаабслугоўванню.

— У такім узросце дзеці лягчэй праходзяць адаптацыю, псіхалагічная залежнасць ад мамы яшчэ не такая вострая, як у трохгадовых, таму ўзрост да двух гадоў ідэальны для першых крокаў у сацыялізацыю, — пераконвае Дар’я Кухарэнка. Жанчына — сама мама трох дзяцей і спецыяліст з больш як 15-гадовым стажам.

— Працавала раней толькі са старэйшымі дзеткамі, і гэта мая першая група самых маленькіх, але я вельмі рада, што атрымаю такі досвед у рабоце. Спецыяльна прайшла курсы павышэння кваліфікацыі, дзе даюць усе неабходныя веды па асаблівасцях развіцця дзяцей да трох гадоў, камунікацыі з бацькамі. Гэтыя малыя — проста сонечныя. Яны заўсёды ідуць да цябе такія радасныя, а калі ідуць дадому, махаюць ручкамі: «Пакуль-пакуль!» — з цеплынёй дзеліцца Дар’я Кухарэнка.

Раніцай пры прыёме малых ёсць свае сакрэтныя правілы. Зусім не пажаданыя доўгія развітанні бацькоў з дзеткамі. Выхавальнік выходзіць, бярэ дзіця на рукі і адразу вяртаецца ў групу. На працягу дня патрабуецца максімальная ўключанасць і ўвага кожную хвіліну, таму без адказнага памочніка выхавальніка нікуды.

— У нас шмат якасных яркіх цацак і абсталявання. Горка, басейн з мячыкамі, лялечныя хаткі, гумовыя конікі-«скакункі», машынкі... Першыя дні дзеці могуць гуляць паасобку, але заўжды цікавяцца цацкамі, а праз некалькі дзён уключаюцца і ў сумесную гульню. Гуляем у «краму», «бальніцу», «цырульню». Многія дзеці вельмі любяць гуляць з цацкамі для развіцця (так званыя сортары) — падбіраюць фігурку па адпаведнай форме, — тлумачыць памочнік выхавальніка Луіза Федарцова.


У групах для дзяцей другога ранняга ўзросту ёсць і пэўныя патрабаванні па рацыёне: калі для малых да паўтара года стравы ідуць пераважна працёртыя, то ад паўтара да двух гадоў рацыён ужо такі, як і ў стандартнай ясельнай групе.

— Але калі дзіця дома працягваюць карміць толькі працёртай ежай, у дзіцячым садку яму можа быць складана. Менавіта таму мы рэкамендуем бацькам загадзя паступова рыхтаваць малога і набліжаць кансістэнцыю дамашняй ежы, само меню і рэжым дня да тых, што дзейнічае і выкарыстоўваецца ў садках. У нас на сайце ёсць дзесяцідзённае меню на кожны сезон, яно даступнае для ўсіх, — на важныя асаблівасці для адаптацыі дзяцей звяртае ўвагу загадчык дзіцячага садка № 124 Гомеля Ірына Раманава.

Вопыт матуль

Маленькай Міі хутка год і восем, і, як падзялілася мама дзяўчынкі Аліна Місачэнка, яна прыемна ўражана тым, як хутка ў дачкі прайшла адаптацыя ў садку.

— Мы спецыяльна рыхтаваліся, бо я сама — педагог, хацелася, каб дзіця не адчувала дадатковага стрэсу з-за ежы і іншых бытавых момантаў, таму ўсё паступова асвойвалі дома. 

У год ужо адвучылі малую ад соскі, каля месяца спакойна ходзім без падгузкаў, навучылі самастойна есці і відэльцам, і лыжкай, — з вялікай удзячнасцю за клопат выхавальніка і памочніка, іх падтрымку расказвае маладая мама.

Гамяльчанка Алёна Маручак месяц таму ў чацвёрты раз стала мамай, а днямі ў групу для дзяцей другога ранняга ўзросту пайшоў яе трэці сынок.

— Наведваў такую групу раней і наш другі сын, і гэта быў вельмі добры вопыт для яго і нас як бацькоў. Я тады змагла раней выйсці на працу. Цяпер, калі ў нас нарадзілася чацвёртае дзіця, такая група — неацэнная дапамога, — дзякуе Алёна за магчымасць аддаць малодшае дзіця ў надзейныя рукі педагогаў, каб захаваць уласны рэсурс маладой маці для яе вялікай сям’і.

Адказная задача

У гомельскім дзіцячым садку № 163 група для дзяцей другога ранняга ўзросту таксама карыстаецца попытам у бацькоў, гэта вельмі чаканая форма сацыяльнай падтрымкі сем’яў.

— Па спісах дзяцей, якіх бацькі паставілі на чаргу для паступлення ў дзіцячы садок, заўважна, што колькасць жадаючых наведваць такую групу не змяншаецца. Перад навучальным годам сустракаемся з бацькамі, педагогі кансультуюць тат і мам, а таксама даведваюцца пра навыкі дзіцяці, як есці, да чаго прызвычаілася і ці «сябруе» з гаршком. Псіхолаг у сваю чаргу падказвае, як палегчыць адаптацыю, — падкрэслівае загадчыца дзіцячага садка № 163 г. Гомеля Алена Канаваленка.


Сёлета ва ўстанове ў групе другога ранняга ўзросту з малымі працуюць выхавальнік дашкольнай адукацыі Юлія Цімашэнка і памочнік выхавальніка Аксана Бычкова.

— Як дзеці адаптуюцца, цалкам прывыкнуць да рэжыму, ужо можна будзе далей заахвочваць іх гульнямі-заняткамі па развіцці маўлення, сэнсорыцы, выяўленчай дзейнасці. Працягласць такіх заняткаў невялікая — каля сямі хвілін, пакуль захоўваецца ўвага дзіцяці. Адна з важных задач — паступова ўключыць малога ў зносіны, бо 

ў гэтым узросце яны хутчэй гуляюць побач, чым разам. Правілы паводзін паказваем мякка і акуратна. І праз непрацяглы час у калектыве вельмі заўважна дынаміка развіцця малога. Прыходзяць яшчэ зусім несамастойныя малыя, а затым пераходзяць у малодшую групу ўжо гаваркімі, акуратнымі і больш сталымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі, — у вялікім захапленні пра работу з дзецьмі расказвае выхавальнік Юлія Цімашэнка.


Для бацькоў выхаванцаў, асабліва самых маленькіх, вядома, вельмі важна, хто са спецыялістаў будзе дапамагаць малым рабіць, фактычна, першыя крокі ў вялікае жыццё. І гісторыя Юліі Цімашэнкі сапраўды матывуе. Для работы з дзецьмі педагог прайшла вялікі шлях. Больш як дзесяць гадоў таму яна пачала працаваць памочнікам выхавальніка.

— Профільнай педадукацыі не было, але было вялікае жаданне працаваць з дзецьмі. Паступіла на завочнае аддзяленне педагагічнага каледжа. Сумяшчаць працу, вучобу і ўласную сям’ю было няпроста. Загадчык дзіцячага садка падтрымала імкненне развівацца ў прафесіі. Пасля атрымання дыплома стала выхавальнікам і мне адразу даверылі работу з самай малодшай узроставай катэгорыяй — дзецьмі ад года да двух. Вельмі ўдзячная за гэты давер, — падзялілася педагог, як разам з малымі можна і даросламу рабіць важныя крокі ў жыцці.


Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю