Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як рэалізуецца ў самым усходнім раёне Магілёўскай вобласці інвестыцыйны праект па вытворчасці рыбы каштоўных парод.

Хоцімскі — адзін з сямі раёнаў Прыдняпроўскага краю, дзе дзейнічаюць прэферэнцыі прэзідэнцкага Указа «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». Інвестпраект па вырошчванні вясёлкавай фарэлі быў запушчаны тут у 2023 годзе. За невялікі тэрмін на ўскрайку гарадскога пасёлку вырас сучасны комплекс, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Для вясёлкавай фарэлі створаны выключныя ўмовы пражывання. Наколькі гэта важны для раёна аб’ект, высвятлялі на месцы.


Пакуль едзем на вытворчы комплекс, начальнік комплексу Ігар Казлоў расказвае:

— Гаспадарка наша перадавая, вытворчасць высокатэхналагічная, каманда зладжаная. Створана 21 працоўнае месца, некалькі вакансій яшчэ ёсць, але яны хутка запоўняцца. Каб працаваць на такім высокатэхналагічным прадпрыемстве, трэба яшчэ прайсці адбор. Ды і маральныя якасці павінны быць высокія — важна, каб была каманда аднадумцаў. Без гэтага высокіх паказчыкаў у рабоце не дасягнеш. Цяпер нікога доўга не трэба ўгаворваць, усе разумеюць сваю адказнасць. І калі ёсць неабходнасць выйсці на суботнік, ніхто не адгаворваецца.


Фарэлевая гаспадарка кампактная і функцыянальная. Яшчэ нядаўна на месцы, дзе цяпер стаяць будынкі, рос лес. Цяпер сапраўдны міні-гарадок. Пабудаваны станцыя абезжалезвання, пяць свідравін, кацельная, рыбаводныя модулі. Трапіць на тэрыторыю можна толькі па дазволу. На КПП сістэма відэаназірання, для транспарту — дэзбар’ер.

— Вельмі дарагое і маштабнае прадпрыемства, — кажа начальнік комплексу. — І перспектывы ў нас добрыя. Калі б, як кажа наш Прэзідэнт, кожны год мы маглі такія вытворчасці запускаць, жылі б і гора не ведалі.

Ігар Казлоў праводзіць экскурсію па прадпрыемстве. Знаёмімся з сэрцам сучаснай вытворчасці — асобнае памяшканне з разумным абсталяваннем, адкуль вядзецца кіраванне ўсім аб’ектам. На кіслароднай станцыі назіраем, як праходзіць ачыстка. Вада ў рэзервуарах быццам бы кіпіць. З дапамогай насосаў яна падаецца з глыбокіх свідравін, ачышчаецца ад жалеза і насычаецца кіслародам. Фарэль — вельмі адчувальная да якасці вады рыба.

У вялікіх памяшканнях вытворчы гул, але работнікаў мінімум. Усе яны ў спецадзенні, кожны засяроджаны на сваёй справе. Ігар Казлоў прапануе паглядзець бытавыя пакоі, каб на свае вочы пераканацца, што для работнікаў тут створаны ўсе ўмовы. Ёсць душавыя, санвузлы, пральная машына для мыцця спецадзення. У пакоі прыёму ежы — халадзільнік, мікрахвалеўка, электрачайнік, посуд. Ёсць усё для таго, каб плённа працаваць.


Зарыбленне гаспадаркі ідзе поўным ходам. Вядучы рыбавод — нядаўні выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

— Спецыяліст добры, зацікаўлены, — знаёміць з Іванам Скачковым начальнік комплексу. — Сам стараецца і іншых вядзе за сабой.

Іван Скачкоў летась скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Прамысловая рыбаводства» і па размеркаванні прыйшоў працаваць у рыбгас «Палуж». Працаваў у Краснапольскім раёне на пасадзе звычайнага рыбавода, а калі адкрыўся комплекс у Хоцімску, адправіўся сюды ў якасці вядучага спецыяліста. Хутка дарос да пасады вядучага рыбавода. У яго абавязкі ўваходзіць кантроль за ўсім тэхналагічным працэсам вырошчвання рыбы — ад ікрынкі да паўнавартаснай таварнай вясёлкавая фарэлі, якая пойдзе на рэалізацыю. Пад яго кіраўніцтвам у рэжыме 24/7 працуюць яшчэ 8 рыбаводаў.

Разам з імі малады спецыяліст адсочвае ўсе паказчыкі, якія неабходныя для рыбы, у прыватнасці тэмпературу вады. Кантралюецца таксама ўтрыманне растворанага ў вадзе кіслароду, якім рыба дыхае.

— У нас ёсць спецыяльныя прыборы, якімі мы вымяраем усе паказчыкі: тэмпературу, кісларод, наяўнасць у вадзе нейкіх хімічных злучэнняў, — расказвае спецыяліст. — Ёсць цэх інкубацыі, дзе ў спецыяльных латках інкубіруецца ікра, група басейнаў для пачатковага кармлення лічынкі, басейны для малькоў, сегалеткаў, таварнай рыбы. Калі рыба дасягае пэўных памераў, перасаджваем яе з аднаго басейна ў другі.


Іван прызнаецца: на выбар прафесіі паўплывала тое, што акадэмія недалёка ад дома (гадзіна — на цягніку), і тое, што на гэтым жа факультэце «Біятэхналогіі і аквакультуры» вучыўся старэйшы брат. Да таго ж спецыяльнасць рыбавода сёння адна з самых запатрабаваных.

— Рыбаводству ўдзяляецца вялікая ўвага ў краіне, і гэты кірунак вельмі хутка развіваецца, — кажа суразмоўнік. — За кароткі тэрмін у Хоцімскім і Краснапольскім раёнах створаны комплексы па вытворчасці таварнай рыбы. У Чэрыкаўскім будзе матачная гаспадарка па вытворчасці ікры, якую ў далейшым мы будзем інкубаваць тут і ў Краснаполлі.

Магілёўшчына наогул наперадзе ўсёй краіны ў развіцці рыбаводства. Іван Скачкоў расказвае, што, калі стаяла пытанне размеркавання, перад яго вачыма былі спісы ўсіх рыбаводчых гаспадарак. Менавіта ў Магілёўскай вобласці засяроджана іх найбольшая колькасць. Па некалькіх раёнах Магілёўскай вобласці — Быхаўскаму, Бялыніцкаму, Касцюковіцкаму, Горацкаму — раскіданыя структурныя падраздзяленні фарэлевай гаспадаркі «Лахва». Паспяхова нарошчвае абароты ў трох раёнах вобласці — Краснапольскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім — рыбгас «Палуж». Суразмоўнік прызнаецца, што яшчэ падчас вучобы ў акадэміі добра засвоіў спецыфіку работы. На базе фарэлевай гаспадаркі «Лахва» праходзіў пераддыпломную практыку.

Ад 6-грамовай лічынкі да кілаграма стронга вырастае прыкладна за 14 месяцаў. Па словах намесніка старшыні Хоцімскага райвыканкама Жаны Белікавай, справа застаецца толькі за выкананнем тэхналогіі вырошчвання і выхаду на праектную магутнасць — 1000 тон рыбы ў год. Для развіцця раёна гэта вельмі важны і патрэбны праект. Ён даў магчымасць стварыць новыя працоўныя месцы і ўзмацніць мясцовую эканоміку.

Нэлі ЗІГУЛЯ,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю