З нагоды Сусветнага дня якасці, які адзначаецца на гэтым тыдні, спецыялісты Дзяржстандарту прадэманстравалі, як і дзе функцыянуюць айчынныя сістэмы стандартызацыі і метралогіі. Які шлях праходзяць тавары перад тым, як трапіць на спажывецкі рынак? Гэта журналістам паказалі на прыкладзе работы двух вядучых інстытутаў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі: Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі і Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі. Па сучасных выпрабавальных лабараторыях прайшлі і нашы карэспандэнты.
Каб дзверы на хаду не адчыняліся...
Выкананне ўсіх норм і стандартаў патрабуе строгага кантролю на кожным этапе, дзеля чаго ў структуры Дзяржстандарту існуе шэраг выпрабавальных лабараторый. У тым ліку — па энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі, вызначэнні колькасці небяспечных рэчываў у электратэхніцы, прадукцыі лёгкай прамысловасці і сродках індывідуальнай абароны. За працай такіх спецыялістаў заўсёды цікава паназіраць.

Адным з пунктаў нашага маршруту стала радыёбязрэхавая камера, прызначаная для выпрабаванняў тэхнікі па электрамагнітнай сумяшчальнасці. Для гэтага яе сцены абабітыя радыёпаглынальнымі пірамідамі, якія імітуюць свабодную прастору. «У сучасным свеце цяжка знайсці месца без знешніх радыёперашкод. Наша камера ізалюе тэхніку ад любых сігналаў звонку — тут нават сотавая сувязь не працуе, і забяспечвае ідэальныя ўмовы для дакладных вымярэнняў, — расказала начальнік выпрабавальнага цэнтра БелДІСС Вольга МІЛАЕНКАВА. — Пры тэсціраванні доследных узораў здараліся выпадкі, калі ад знешніх перашкод на хаду адчыняліся дзверы транспарту або без прычыны спрацоўвала сістэма пажаратушэння. Каб выключыць падобныя рызыкі, розную тэхніку прывозяць да нас яшчэ на этапе распрацоўкі».

За шэсць гадоў работы тут пратэсціравалі больш за тысячу адзінак транспарту, а таксама сотні бытавых прыбораў — ад тэлевізараў да пральных машын і светлавога абсталявання ад розных вытворцаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана і Кітая.
Каб не паваліўся будаўнічы кран...
У двухпавярховым памяшканні ў БелДІМ размясціўся нацыянальны эталон адзінкі сілы. Самая вялікая ўстаноўка ўзнаўляе адзінку сілы да 2 меганьютанаў, што арыенціровачна складае 200 тон. Тут правяраюць дынамометры, датчыкі сілы і кранавыя вагі, якія забяспечваюць бяспеку і дакладнасць на будоўлі, у цэхах і выпрабавальных лабараторыях, растлумачыла начальнік вытворча-даследчага аддзела вымярэння механічных велічынь Наталля КАМКОВА: «Сістэма нагружае прыбор і імгненна параўноўвае яго паказчыкі з эталоннымі ўстаноўкамі, каб адхіленні не перавышалі межы дапушчальнай хібнасці».

Паслугамі лабараторыі карыстаюцца гіганты айчыннай індустрыі: МАЗ, БелАЗ, «Беларуськалій», «Нафтан» і іншыя, у тым ліку прадпрыемствы лёгкай і медыцынскай прамысловасці. Таксама на аб’ектах БелДІМ прадэманстравалі выпрабавальныя магчымасці лабараторыі па харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Словам, за кожным беларускім таварам стаіць навуковая дакладнасць і надзейны шчыт кантролю якасці і бяспекі.
Фундамент бездакорнай дакладнасці
Нязменным прыярытэтам застаецца бескампрамісны падыход да бяспекі тавараў на ўнутраным рынку, адзначае намеснік старшыні Дзяржстандарту Іван КІСЛЕНКА. За дзевяць месяцаў рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі папоўніўся 677 найменнямі. Асноўная доля (каля 40 %) прыпала на харчовыя тавары, за якімі ідуць электратэхнічная прадукцыя, а таксама вырабы для дзяцей і падлеткаў. Іван Кісленка падкрэсліў, што беларускі спажывец можа быць упэўнены: на прылаўках застаецца выключна якасная прадукцыя, а любыя сумнеўныя або небяспечныя тавары аператыўна выяўляюцца і знімаюцца з продажу.

У сваю чаргу, надзейным падмуркам для дакладнай вытворчасці і кантролю якасці выступае айчынная метралагічная база. З пачатку года профільныя структуры Дзяржстандарту паверылі больш за пяць мільёнаў сродкаў вымярэнняў і пацвердзілі іх бездакорную дакладнасць.
Дарэчы, сам камітэт і Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі з’яўляюцца трымальнікамі 70 нацыянальных эталонаў, кожны з якіх створаны спецыяльна пад патрэбы эканомікі нашай краіны: «60 нацыянальных эталонаў знаходзяцца ў гэтых сценах, 10 — непасрэдна ў выканаўцаў, якія іх прымяняюць для фундаментальных і навукова-прыкладных даследаванняў у Інстытуце фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі і БДУІР», — адзначыў Іван Кісленка.
Сёння акцэнт робіцца на глыбокай мадэрнізацыі і дакладнай настройцы нацыянальных эталонаў, каб праводзіць вымярэнні на самым сучасным тэхналагічным узроўні, падкрэсліў дырэктар БелДІМ Аляксандр КАЗАЧОК: «Менавіта метралогія з’яўляецца рухавіком развіцця вытворчасці. Мы працуем дзеля прамысловасці, аховы здароўя і іншых галін народнай гаспадаркі, дапамагаем ім дасягаць высокага ўзроўню і максімальнай аддачы. Штогод мы ўносім у рэестр каля тысячы новых прыбораў, з якіх як мінімум 250 — медыцынскага прызначэння».
Даслоўна
Курс на экспарт і высокія тэхналогіі
Залогам канкурэнтаздольнасці сучаснай беларускай прамысловасці выступае апераджальная стандартызацыя. Як адзначыў першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Аляксандр БУРАК, для вырашэння маштабных задач, якія стаяць сёння перад вытворчасцю, навукай і інфраструктурай якасці, крытычна важна ўкараняць перадавыя тэхнічныя патрабаванні. Спецыяльна для гэтага і была распрацаваная праграма апераджальнай стандартызацыі ў прыярытэтных сферах нацыянальнай эканомікі на 2025–2029 гады. «Мы закладваем у праграму апераджальнай стандартызацыі патрабаванні, якія будуць запатрабаваныя нашымі вытворцамі, пастаўшчыкамі, каб прадукцыя ў тым ліку была арыентаваная на экспарт, — падкрэсліў Аляксандр Бурак. — А яшчэ ў максімальных паказчыках адпавядала патрабаванням замежных пастаўшчыкоў да нашай прадукцыі».

Сярод прыярытэтных кірункаў праграмы апераджальнай стандартызацыі — рабатызаваная тэхніка, адытыўныя тэхналогіі і станкабудаванне. Праводзіцца актыўная работа таксама ў сферах тэлекамунікацый, сістэм кіравання, нанатэхналогій, а таксама пры стварэнні высокатэхналагічных апрацоўчых і перапрацоўчых комплексаў, уключаючы аграпрамысловы сектар.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД