У ААТ «Залужжа» Старадарожскага раёна палявыя работы на фінішнай прамой. Сяўба азімых ужо завершана — 3 кастрычніка ў гаспадарцы цалкам закрылі клін. Засталіся лічаныя дні ўборкі кукурузы на зерне і нарыхтоўкі сіласу. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на палях, каб на свае вочы ўбачыць, як праходзяць завяршальныя работы.
Разлічваць на свае сілы
Усяго ў «Залужжы» 5 тысяч 400 гектараў зямлі. Працуюць тут не толькі мясцовыя, але і жыхары суседняга, Асіповіцкага раёна. Многія работнікі жывуць у саміх Старых Дарогах. Для ўсіх прадстаўляецца падвоз і харчаванне. Дырэктар ААТ «Залужжа» Дзмітрый Каролька лічыць, што найперш — увага да чалавека. «Знайшлі добрага повара, набылі абсталяванне. Працаўнікам гатуюць і наварысты суп, і піцу, і беляшы, булачкі. Закупляем у прыватнікаў грыбы, ягады. Вось, напрыклад, сёння ў меню абляпіхавы кісель, — расказвае кіраўнік. — Утрымліваем толькі 30 % ад сабекошту абеду, які абыходзіцца ў 2-3 рублі».

За няпоўныя пяць гадоў гаспадарка прайшла шлях ад неперспектыўнай да стабільнай рэнтабельнасці, сучаснай тэхнікі і амбіцыйных планаў. Цяпер рэнтабельнасць гаспадаркі складае 25 % і больш. Чысты прыбытак — 3,2 мільёна рублёў. Тэхніка ўкамплектавана на 100 %. Купляюць усё за свае грошы, сваімі сіламі. Кожны год набываюць па камбайне.
Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства, асноўны кірунак, на якім спецыялізуюцца ў «Залужжы», — гэта мяса і малако. У раслінаводстве акцэнт робіцца на кукурузу і рапс. Сёлета атрымалі 48 цэнтнераў з гектара. Хоць глеба тут бедная — 25 балаў раллі, і дабіцца ўраджайнасці складана, але, дзякуючы тэхналогіі, сёлета гаспадарка атрымала і намалаціла гістарычны вал у раёне — 1 тысяча 700 тон з малых гектараў.
З сяўбой азімых сёлета справіліся раней, чым запланавалі. Пры гэтым, запэўнівае кіраўнік гаспадаркі, работы прайшлі пры захаванні самага высокага ўзроўню: якасць насення і сяўбы, пратручванне. Астатнія палі, на якіх прыбіраюцца апошнія гектары кукурузы, у хуткім часе будуць рыхтавацца да веснавых работ.
«Лепш купіць два беларускія, чым адзін замежны»
На палетках ва ўрочышчы Плеса — апошнія шнуры кукурузы вышынёй з чалавечы рост — гэта беларускі гібрыд «Палескі 212». «Тут прыкладна каля ста гектараў, — тлумачыць дырэктар. — Тэхніка дабірае апошняе — кукурузу на зерне». Як расказалі ў гаспадарцы, намалот складае 1 тысячу 200 тон. Неабходна прыбраць яшчэ 2 тысячы тон па плане — для гадавога запасу пад камбікорм, які, дарэчы, вырабляюць непасрэдна ў гаспадарцы. Ураджайнасць складае прыкладна 50 цэнтнераў з гектара, на 30–40 % дадалі да мінулага года.
Мы прыехалі на кукурузнае поле. Тэхніка тут працуе другі дзень. Кіраўнік запэўніў, што назаўтра, да абеду, павінны скончыць. Гэта адзінае поле, дзе засталася кукуруза на зерне і яшчэ на другім полі — на сілас. На сілас убіраюць два беларускія камбайны КВК-800, адзін з іх новы. Для сезона ўборкі гэтай культуры, вядома, таксама важна надвор’е. «Чым жаўцейшая кукуруза, тым лепш: у пачатку больш утрымліваецца крухмалу, а гэта важна для надояў і прываг, — тлумачыць Дзмітрый Каролька. — Менш вільгаці — менш паліва пойдзе на сушылку», — гаворыць ён.
На полі, дзе прыбіраюць кукурузу на сілас, кіпіць работа. Мы пагаварылі з кіроўцам КВК-800 Аляксандрам Шынкевічам. У гаспадарцы мужчына працуе з 1994 года, з іх сем гадоў на КВК, сёлета атрымаў новы.

«Прыемна ездзіць, працаваць, — усміхаецца камбайнер. — Тэхніка скошвае кукурузу, здрабняе яе і загружае ў прычэп. Важна не рассыпаць, паспяваць за трактарыстам, каб усё здробненае трапляла ў яго кузаў», — тлумачыць ён.
Мы пераязджаем на другое поле — ва ўрочышча Дражна. Тут — апошнія гектары кукурузы на зерне.
«Ужо завяршаем, — кажа Дзмітрый Каролька. — Думаю, за тыдзень, калі дазволіць надвор’е, з кукурузай «разлічымся» цалкам.
На гэтым полі працуюць зернеўборачныя камбайны КЗС-812 вытворчасці «Гомсельмаш». Іх жатка разлічана на восем радкоў, шырыня захопу — 5,6 метра. Дырэктар хваліць беларускую тэхніку: «Цяпер вельмі годна робяць, ніякіх праблем. Лепш купіць два беларускія, чым адзін замежны», — лічыць гаспадар.
Працуюць сямейнымі дынастыямі
На адным з камбайнаў працуе сямейны экіпаж Чака — бацька з сынам — найлепшыя механізатары гаспадаркі.
Старэйшы з экіпажа, Віктар Чака, працуе ў «Залужжы» кіроўцам, а падчас уборкі — на камбайне. Мужчына амаль 40 гадоў у сельскай гаспадарцы. Тлумачыць з веданнем справы: «Тэхналогія ўборкі кукурузы больш складаная, чым уборка збожжавых. Складаная і жатка. Тут трэба быць уважлівым і адказным». З сынам Сяргеем Віктар Уладзіміравіч працуе ўжо 12 гадоў. Сяргею 29, ён працуе ў лясной гаспадарцы, але на сезон дапамагае бацьку.
Летам экіпаж намалаціў больш за 2 тысячы 340 тон зерня і заняў першае месца ў раёне. «Гэта дзякуючы яму, — кажа Віктар Уладзіміравіч пра сына. — Ён малады, я ўжо ва ўзросце. Ёсць каму падмяніць, дапамагчы».
Патрэба ў адказнай і стараннай рабоце
Пакідаючы шумныя палі, дзе працуе тэхніка, імчым па шашы, назіраючы на чыстых палетках белыя рулоны ў поліэтылене. «Гэта работа прэс-падборшчыка-абмотчыка, — тлумачыць Дзмітрый Каролька. — У рулонах змяшчаецца духмяны сянаж, добра правялены. Гэта самы якасны корм. Мы рулоны хутка, як скончым з кукурузай, з поля звязём. Выкарыстоўваем таксама і тэхналогію захоўвання корму ў 60-метровых палімерных рукавах».
Нам паказалі, як запаўняюць сіласныя траншэі, у тым ліку і пабудаваныя за апошнія два гады.
Побач з тэхнікай, якая высыпае і трамбуе сілас, — фуражыр-брыгадзір Святлана Назарава.

«За дзень запаўняем каля 1 тысячы тон. Па закрыцці ямы гэта ўсё фіксуецца. Ад якаснай работы залежыць і зарплата работнікаў, і тэхналагічна правільная напаўняльнасць ямы. Вільгамерам абавязкова вымяраю вільготнасць, тэмпературу, сачу за ўкрыццём траншэі — гэта ўсё мая работа», — тлумачыць фуражыр.
Жанчына падзялілася, што праз чатыры месяцы ёй выходзіць на заслужаны адпачынак. Аднак усміхнулася, убачыўшы здзіўлены позірк кіраўніка, і сказала, што, напэўна, яе не адпусцяць, бо гаспадарка мае патрэбу ў яе стараннай і адказнай рабоце.
Па дарозе дадому мы бачым залужскія палі, дзе тэхніка працягвае сваю справу — роўна і ўпэўнена. Яшчэ тыдзень — і з кукурузай тут будзе завершана.
А потым — узворванне зябліва, падрыхтоўка машын і агрэгатаў да захоўвання. Пабываўшы ў «Залужжы», мы ўпэўніліся, што тут дакладна разумеюць — менавіта якасная кармавая база, закладзеная сёлета, — фундамент для далейшага развіцця жывёлагадоўлі і стабільнай прыбытковасці гаспадаркі.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Старадарожскі раён