Top.Mail.Ru

Паглядзелі, як валанцёры БРСМ дапамагаюць пажылым у Мінску

Пад знакам клопату


Падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, уносіць свой уклад у добраўпарадкаванне сваёй краіны — менавіта ў гэтым заключаецца скразная мэта рэспубліканскага маладзёжнага марафону «ДАБРО. БЕЛ», тэматыка якога кожны месяц мяняецца. Кастрычнік, напрыклад, прысвяцілі клопату аб старэйшым пакаленні. Карэспандэнты «Звязды» паназіралі за працай мінскай моладзі і даведаліся, куды можна звярнуцца па дапамогу.


Дабро кожнаму

Старт праекту БРСМ даў сёлета. Яго ўдзельнікі — актывісты валанцёрскага руху «Добрае Сэрца», які налічвае звыш 42 тысяч неабыякавых маладых людзей па ўсёй краіне. Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічных вучылішчаў і каледжаў, студэнты вышэйшых навучальных устаноў уключаюцца ў сацыяльна карысны вольны час. Цікава, што арганізаваны ён у фармаце штомесячных тэматычных выпрабаванняў — так званых чэленджаў:

«У кастрычніку ў нас два асноўныя заданні. Першае — „Кірмаш дабра“, дзе валанцёры дапамагаюць пажылым людзям на сельскагаспадарчых кірмашах загрузіць сельгаспрадукцыю і даставіць яе дахаты. Другое — „ДАБРО. СТАРЭЙШЫМ“: у рамках гэтага задання нашы валанцёрскія атрады арганізуюць комплексныя мерапрыемствы для пажылых людзей», — адзначыў Аляксей ПІКУС, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ.


Маштабна і цікава

Перш за ўсё падтрымка аказваецца адрасна: прывезці прадукты і лекі, навесці парадак на ўчастку або ў кватэры, насекчы дроў, суправадзіць да паліклінікі ці іншай установы... Словам, моладзь бярэ на сябе ўвесь той паўсядзённы клопат, з якім самому пажылому чалавеку не заўсёды ўдаецца справіцца самастойна. Арганізоўваецца таксама і вольны час: канцэртныя праграмы, творчыя майстар-класы, выязныя прагулкі. Маладыя людзі дораць пажылым зробленыя ўласнымі рукамі паштоўкі і сувеніры, а яшчэ ўдзельнічаюць у дабрачынных зборах.

Сваім меркаваннем аб такіх добрых акцыях падзяліўся студэнт БДУ, кіраўнік валанцёрскага атрада «Добрае Сэрца» БРСМ БДУ Аляксандр СТРАГАНАЎ. Юнак далучыўся да працы яшчэ ў сваім родным горадзе, школьнікам удзельнічаў у аднаўленні мясцовых святынь, добраўпарадкаванні гістарычных месцаў.

«Калі паступіў ва ўніверсітэт, працягнуў праяўляць сябе ў валанцёрскім руху. І што радуе, з кожным годам ён маштабуецца, становіцца ўсё больш удзельнікаў. Напрыклад, сёння каля дома па вуліцы Карла Лібкнехта нас сабралася каля дзесяці чалавек з розных факультэтаў БДУ, — расказаў хлопец. У рамках задання „ДАБРО. СТАРЭЙШЫМ“ студэнты дапамаглі пенсіянерцы вызваліць кватэру ад старой мэблі і няспраўнай тэхнікі. — Такой камандай мы вынеслі ўсю мэблю, а адначасова з намі яшчэ адна група працавала на добраўпарадкаванні сквера ў Мінску».


Паспрабаваць і выпрабаваць сябе

Асаблівая ўвага — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам 1-й і 2-й груп, адзінокім пажылым грамадзянам. На тых жа сельскагаспадарчых кірмашах валанцёры дапамагаюць не толькі данесці пакупкі, але і сарыентавацца, выбраць тавар. Вось і мы хлопцаў і дзяўчат у яркіх камізэльках засталі паміж радоў з бульбай, капустай і яблыкамі.

Надвор’е не песціла: зранку дождж і вецер. Але кірмаш не апусцеў, таму і валанцёры «ДАБРО. БЕЛ» засталіся дапамагаць — насілі мяшкі да машыны або загружалі ў сваю, спецыяльна падрыхтаваную для дастаўкі. Варта паглядзець на гэтых хлопцаў, якія бяруць на сябе чужыя клопаты, — і вечны стэрэатып аб «бесталковай» моладзі рассыпаецца на вачах.


«Захацелася паспрабаваць нешта новае», — пра тое, чаму вырашыў паспрабаваць сябе ў валанцёрскай справе, расказаў студэнт Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Аляксей Мацуль. — На выхадных усё роўна рабіць асабліва няма чаго, а ў такое надвор’е гуляць ці чымсьці яшчэ займацца не хочацца. Дык чаму б не дапамагчы іншым? Лічу, гэта карысна для моладзі: старэйшае пакаленне трэба падтрымліваць. Ім цяпер няпроста — у гэтым узросце нярэдкія праблемы са здароўем, а дапамагчы не заўсёды ёсць каму. 

15-гадовы Кірыл Кандрацьеў, які таксама вучыцца ў каледжы, у праекце вырашыў паўдзельнічаць разам з іншымі першакурснікамі: «Насамрэч, я проста люблю дапамагаць сваім бабулям і дзядулям, і таму падумаў: а чаму б не дапамагчы і іншым?»


Адданасць добрай справе

Хтосьці бярэ зусім мала — маўляў, аднаму больш і не трэба; хтосьці адмаўляецца ад дапамогі, трымаючыся за свае каляскі і сумкі. Чаму так? Адной пажылой жанчыне, напрыклад, было няёмка: шкада хлопцаў, не хочацца іх абцяжарваць. Іншыя, магчыма, не давяраюць незнаёмым або проста саромеюцца.

Але некаторыя жыхары, асабліва тыя, хто жыве непадалёк, пра валанцёраў БРСМ добра ведаюць: «Мінулым разам бачыў, што хлопцы гэтак жа працавалі, і вырашыў падысці, папрасіць — вось цяпер яны мне і дапамагаюць, — расказаў 73-гадовы Міхаіл Іванавіч. — Планую дома квасіць капусту — для гэтага купіў шэсць качаноў. Вялікіх закупак я не раблю, так, трошкі. Зараз вось аднясём, а потым я зноў падыду, яшчэ што-небудзь куплю».


Каля аднаго з прылаўкаў — Леанід, прадавец з шматгадовым стажам. Ён звыкла ўзважвае бульбу і паглядае на хлопцаў, якія дапамагаюць пажылой пары з пакупкамі: «Валанцёры вельмі стараюцца, — кажа мужчына. — З імі пакупнікі яшчэ больш задаволеныя. Большасць пажылых людзей бяруць шмат, вось такімі вялікімі сумкамі. Хтосьці сам нясе, але добра, калі ёсць магчымасць папрасіць маладых хлопцаў на адрас даставіць».


Шчырае жаданне дапамагчы

Дарэчы, кожнае выкананае заданне ўдзельнікі фіксуюць у модулі смарт-білета — так ім трапляюць «балы дабра». Іх пазней можна абмяняць на падарункі. І ўсё ж самае важнае, падкрэсліў Аляксей Пікус, гэтае шчырае жаданне дапамагчы, тое, што хлопцы і дзяўчаты ўсёй душой пранікаюцца добрай справай.

Валанцёры працуюць па графіку, а штодня па буднях з 14:00 да 18:00 па нумары +375 17 311 89 89 працуе кол-цэнтр. Патэлефанаваўшы туды, можна ўдакладніць, на якіх пляцоўках сельгаскірмашоў будуць працаваць валанцёрскія атрады, а таксама даведацца пра дакладныя даты і адрасы пунктаў па ўсёй краіне.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю