Top.Mail.Ru

Пагранічны стан Еўрасаюза? Чаму Брусель маўчыць на дзеянні Польшчы?

Польшча закрыла сухапутны калідор для тавараў для ўсяго ЕС: Брусель маўчыць.



Магчыма, я прапусціў нейкія навіны? Еўрасаюз яшчэ жывы? Несумненна, чыноўнікі ў Бруселі засталіся ў сваіх крэслах, атрымліваюць зарплату і выказваюць традыцыйныя занепакоенасці і заклапочанасці. Але ці існуе ЕС як адзіная эканамічная і мытная прастора?! Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Павел Уроньскі літаральна шчыра заявіў: Варшава прыняла самастойнае рашэнне па закрыцці граніцы з Беларуссю. Без кансультацый. Не з намі, Кітаем ці іншымі далёкімі краінамі, якіх у той ці іншай ступені закранае гэтае рашэнне. А з Бруселем і суседзямі па ЕС, якія таксама знаходзяцца на гэтым трансгранічным лагістычным канале. Дык Еўропа яшчэ адзіная ці ўжо пачынае ператварацца ў пазл? !

Пытанне насамрэч не трывіяльнае, а нават вельмі сур’ёзнае. У нейкай ступені гістарычнае з геапалітычнага пункту гледжання. Бо якая цікавая гісторыя вымалёўваецца. Вельмі нечакана (у тым ліку, для сваіх грамадзян і бізнэсу) Варшава адчула вострую небяспеку ад вучэнняў «Захад — 2025». Панікаваць і выбар нагоды для гэтага — суверэннае права любой дзяржавы. Толькі вось аб вучэннях было вядома доўгія-доўгія месяцы. І экзістэнцыйнай небяспекі ні польскія вайскоўцы, ні іх калегі па НАТА, ні іх прыбалтыйскія суседзі не заўважалі. І раптам наспела рашэнне — спыніць усялякі рух праз мяжу. Прычым закрыццё прапускных пунктаў надыходзіла праз 50 гадзін! Далей — болей: вучэнне паспяхова скончылася, а граніца з польскага боку так і засталася на замку. Сотні фур польскіх перавозчыкаў затрымаліся на нашай тэрыторыі. І не зусім разумеюць, як ім зараз вярнуцца на радзіму самім і вярнуць тэхніку. Нават сваіх не пашкадавалі. Быццам бы абяцалі пакрыць выдаткі бізнэсу. Але потым, калі-небудзь і калі будуць падлічаны ўсе страты...

Але справа ў тым, што Варшава пайшла на абвастрэнне аднабакова. Нават без кансультацый ні ў рамках Еўрасаюза, ні з краінамі, якія зацікаўлены ў міжнародным транспартным калідоры, які праходзіць з Азіі ў Еўропу праз Беларусь. А пастаўкі ж сарваліся і ў нямецкіх атрымальнікаў грузаў, і ў галандскіх, бельгійскіх... Нават на партнёраў па Еўрасаюзе наплявалі! Прычым Брусель неяк не вельмі і абураецца. Атрымліваецца, што так можна?

Так сабе прэцэдэнт. Еўропа дастаткова вялікая, каб па яе граніцах маглі ў тых ці іншых дзяржаў узнікаць асцярогі, сумневы, боязь. Асабліва ва ўмовах, калі ўвесь свет схільны мілітарызацыі, а гарачыя кропкі мінулага працягваюць тлець і разгарацца, ды яшчэ ўзнікаюць шматлікія новыя канфлікты. Міграцыйных рызык і пагроз хапае з усіх бакоў. І Міжземнамор’е, і Балканы працягваюць заставацца ключавымі каналамі пранікнення з Паўночнай Афрыкі і іншых рэгіёнаў у Еўропу. Але нават у самыя драматычныя часы крызісу, звязанага з сірыйскімі бежанцамі ў сярэдзіне 2010-х, рух тавараў не закрываўся. А тады ж у ЕС з Блізкага Усходу ішлі караваны з дзясяткаў і сотняў тысяч бежанцаў.

Атрымліваецца, што граніцы Еўрасаюза перасталі падпарадкоўвацца ўніверсальным правілам функцыянавання? Несумненна, нарматыўна-прававая база дае магчымасць уводзіць нацыянальныя абмежаванні. Але гэтай магчымасцю неяк не прынята карыстацца. Тым больш, што асабліва важкіх падстаў для правакавання лагістычнага крызісу не было. Тым больш што Латвія і Літва на экстраныя меры не ішлі. Завілі толькі, што гатовы гэта зрабіць у любы момант з-за непрадбачаных падзей. Што ж, пагранічная служба любой краіны павінна быць гатовай да неадкладнай рэакцыі на нейкую надзвычайную сітуацыю. Але нават у Вільнюсе і Рызе не палічылі цяперашнюю сітуацыю нейкай празмерна пагрозлівай.

Паўтаруся: пагранічны інцыдэнт можа мець далёкасяжныя геапалітычныя наступствы. Па-першае, аказалася, што, калі вельмі захацець, то любая краіна з ЕС можа рабіць нейкія дзеянні без аглядкі на еўрадыпламатыю, на суседзяў, на працэдуры. Адсюль узнікае пытанне: наколькі існуюць адзіныя падыходы ў Еўрасаюзе? І ці ёсць глыбокі сэнс весці нейкі дыялог з Бруселем? Прынамсі, па значных пытаннях.

Па-другое, закрыццё граніцы б’е па еўрапейскіх узаемаадносінах з Кітаем, які па-ранейшаму з’яўляецца важным гандлёвым партнёрам усёй Еўропы. Здаецца, аб’яднанай. Адпаведна, і адказнасць эканамічная можа наступіць салідарная. Тым больш, што не будзем забывацца: зараз не толькі Вашынгтон перазагружае гандлёвыя ўзаемаадносіны з Пекінам. Падобны працэс, але менш яскравы і публічны, адбываецца і па лініі ЕС — КНР. І варшаўскі дэмарш можа нават вельмі моцна пашкодзіць гэтым перагаворам.

Па-трэцяе, эскалацыя неяк вельмі выразна кладзецца ў іншы трэк — патрабаванне Вашынгтона ад ЕС адмовіцца цалкам ад расійскіх нафты і газу. Кажучы прасцей — перайсці на амерыканскія энерганосьбіты. Дональд Трамп вельмі актыўна і безапеляцыйна праціскае ў Старым Свеце эканамічныя інтарэсы ЗША. І паслабленне геаэканамічных сувязяў ЕС з КНР, у прыватнасці, і Паўднёва-Усходняй Азіяй у цэлым — цалкам лагічная палітыка Штатаў для паслаблення еўрапейскага і азіяцкага эканамічных цэнтраў. Тады з імі будзе зручней дамаўляцца паасобку.

Заканчэнне гэтай пагранічнай гісторыі пакуль не зразумелае і не відавочнае. Але ўжо безумоўна зразумела: пад вялікае пытанне пастаўлена эканамічнае адзінства Еўропы. Несумненна, заўсёды кожны з членаў ЕС спрабаваў іграць сваю мелодыю і навязаць яе астатнім. Але ў рамках еўрапейскага канцэрта неяк атрымлівалася знаходзіць агульную танальнасць, каб яна не рэзала слых знешняму слухачу. Апошняя гісторыя з Варшавай ужо сур’ёзна прымушае засумнявацца ў адзінстве Еўропы. Не па духу, але па эканамічнай палітыцы. І ці ёсць сэнс сёння аб нечым дамаўляцца з Бруселем, калі прынцыповыя пытанні могуць вырашацца на ўзроўні нацыянальных сталіц?

Аляксей КЛІМАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю