Top.Mail.Ru

«Сёння трэба дзень і ноч працаваць»

Якія за­да­чы для эка­но­мі­кі кра­і­ны на на­ступ­ны год па­ста­віў Прэ­зі­дэнт



Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб завяршэнні рэалізацыі шостай пяцігадовай праграмы. Ён арыентуе, што ў тыя некалькі месяцаў, якія засталіся да канца года, трэба прыкласці неймаверныя намаганні для выканання ўсіх даведзеных параметраў.

Пакуль жа, па словах Аляксандра Лукашэнкі, карціна ў эканоміцы неадназначная. «З аднаго боку, ёсць відавочны вынік: стабільна растуць рэальны заробак і агульныя даходы насельніцтва. Двойчы сёлета ўдалося падняць пенсіі. У нас моцная нацыянальная валюта. Рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы, — адзначыў ён. — З другога боку, ёсць бягучы спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры з пяці найважнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца. Валавы ўнутраны прадукт павялічыўся менш чым на 2 % за 8 месяцаў».

Кіраўнік дзяржавы пазначыў прынцыповыя пытанні па асобных галінах 

Аграрны сектар. «Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, змаглі ўбраць нядрэнны ўраджай. Але па тэмпах росту ў сельскай гаспадарцы не ўдалося наблізіцца да ўзроўню мінулага года, пакуль менш за 100 %, хай на 1 %, але менш», — адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што паказчык у 100 % атрымаецца перайсці. «Зразумела, што ссунуліся тэрміны вегетацыі ў раслінаводстве і, натуральна, уборкі ўраджаю», — заўважыў беларускі лідар. Па сітуацыі ў галіне пастаўлены персанальныя задачы ўсім адказным асобам. «Пры гэтым хачу папярэдзіць: любое, найменшае невыкананне не толькі маіх даручэнняў, а нашых дамоўленасцяў і рашэнняў, будзе карацца самым жорсткім чынам. А то мы сёння збіраемся ўсюды на ўсіх узроўнях і крычым аб тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліне. А самі?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прамысловасць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што яна прасядае — 99,2 %. «Больш за тое пагаршэнне дынамікі яе работы назіраецца пачынаючы з першага квартала (у сярэднім штомесяц на паўпрацэнта)», — працягнуў ён. 

Экспарт тавараў. Тэмп продажаў у апошнія месяцы застыў на ўзроўні 97 %. Гэта значыць, недаатрымана мінімум каля 650 мільёнаў долараў. «І губляем там, дзе, здавалася б, павінны зарабляць, — на нашых флагманскіх таварах: трактары, аўтамабілі, камбайны, фарбы, шыны, масла, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — У выніку вырабленая прадукцыя асядае на складах, узровень запасаў пяты месяц не апускаецца ніжэй за 80 %. Як вынік, маем устойліва адмоўнае сальда знешняга гандлю. Нягледзячы на рост інвестыцый, іх аб’ём пакуль далёкі нават ад простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі, каля 19 % ВУП».

Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што праз два тыдні на пашыраным пасяджэнні з апаратам урада і запрошанымі бягучыя вынікі работы эканомікі будуць абмеркаваны больш падрабязна. 

«Я не магу разважаць аб макраматэрыях, калі за плотам палае вайна»

«Галоўнае — я хачу ўбачыць, якім чынам мы ў прынцыпе арганізавалі работу так званай „мабілізацыйнай эканомікі“ (у СМІ часта гучыць гэты тэрмін і правільна гучыць). Прычым на канкрэтных прыкладах, без вады і агульных разваг аб „кіраваным ахаладжэнні расійскага рынку“ як аб галоўнай прычыне нашых цяжкасцяў», — пазначыў яшчэ адно пытанне Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што за экспартам замацаваны віцэ-прэм’еры з канкрэтнымі прозвішчамі. «Як з іх і міністра замежных спраў патрабуе Прэм’ер-міністр і яго прэзідыум?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. 

Другі ўзровень — работа галіновых міністраў і нашых паслоў у ключавых краінах, якіх Прэзідэнт арыентуе найперш на гандаль і інвестпраекты. «Далей — дырэктары прадпрыемстваў і іх маркетынгавыя службы. Паўтараю: выразная вертыкаль і сістэма. Ёсць яна ці не? Ёсць. Працуе?» — працягнуў беларускі лідар. Ён таксама згадаў пра такія фактары, як алічбоўка заданняў і кантроль. 

«Я не магу разважаць пра макраматэрыі, калі за адным плотам ужо палае вайна, за другім — да яе ляцяць поўным ходам. А вы масла з трактарамі і камбайнамі прадаць не можаце. Параю вам: вылазьце, пакуль не позна, са сваіх цёплых крэслаў, аўтамабіляў і пачынайце глядзець далей, значна далей, чым наш традыцыйны расійскі рынак, — заявіў Прэзідэнт. — Пакуль поспехі, калі адкінуць сыравінныя тавары, вельмі сціплыя: ад Кітая да Аргенціны. Увогуле, хутка вывучым, як наша ўрадавая вертыкаль займаецца ўстойлівым развіццём эканомікі. Паўтараю: да канца года яшчэ цэлы квартал. І перастаньце стагнаць, што ўрад новы і працуе нібыта няпоўны год, таму, быццам бы, гэта не вашы промахі і касякі. А чые? Пра гэта і казаць не трэба. Гэта проста несалідна ў цяперашняй абстаноўцы, і скажу: гэта не па-мужчынску». 

Патрэбен рэалістычны, але напружаны сцэнарый 

Што датычыцца прагнозных паказчыкаў на 2026 год, па словах кіраўніка дзяржавы, патрэбен рэалістычны, але напружаны сцэнарый. «Яшчэ раз падкрэсліваю — рэалістычны і напружаны», — зрабіў акцэнт ён. Аляксандр Лукашэнка не выключае таго, што хтосьці можа прапанаваць тэмпы вышэйшыя за ацэначны рост у 2,8 %. «Хтосьці прапануе тры, тры з паловай працэнты — калі ласка. Дзе, за кошт чаго і як сам запражэцца ў павышэнне гэтай дынамікі. Калі хтосьці ніжэйшыя — хай растлумачыць, як гэта будзе ўспрынята нашым грамадствам і як будзе жыць Беларусь. А не проста ўстаць і сказаць: „Вось, цяпер мала плануем, трэба больш“. За кошт чаго?» — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён пацікавіўся, што канкрэтна было ўзята за аснову росту эканомікі, які ўрад ацэньвае на ўзроўні 102,8 %. 

Трэба ўзмацніць работу па асноўных рынках

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што расійская эканоміка звужаецца, і наогул не ўлічваць бягучую сітуацыю нельга, 67 % нашага экспарту і 56 % імпарту — гэта Расія.

«Значыць, тым больш нам патрэбныя падрабязныя алічбаваныя таварныя планы (матрыцы): што і ў якіх аб’ёмах вырабляем, куды прадаём і колькі валюты прывязём у краіну» — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён нагадаў, што перад кожнай службовай асобай, вызначанай урадам адказнай, павінна ляжаць шпаргалка: куды і колькі завязе трактароў, камбайнаў і масла.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба больш строга патрабаваць за эфектыўную работу ў Казахстане, Узбекістане, Азербайджане — там немалы рынак, на якім нас чакаюць. Пры гэтым важна не забываць, што беларускі рынак — гэта святое, арыентуе Прэзідэнт. Ён ухваліў выказванне Аляксандра Турчына аб дастатковым забеспячэнні ўнутранага рынку нафтапрадуктамі. «Ты правільна ўчора сказаў у інтэрв’ю — ні ў якім разе не пакрыўдзіць беларусаў. Рынак Беларусі — гэта святое», — сказаў беларускі лідар. І ў сувязі з гэтым выказаўся на злабадзённую тэму. Зараз на ўзровень кіраўніка дзяржавы паступае інфармацыя аб скаргах людзей на чэргі на АЗС. І ўзнікаюць яны не таму што ўнутраны рынак у дастатковым аб’ёме не забяспечваецца палівам, а таму што АЗС ператвараюцца ў кафэ. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час людзі літаральна патрабавалі, каб на кожнай запраўцы былі спадарожныя тавары і магчымасць, напрыклад, папіць кавы.

«Вы што там, з глузду з’ехалі? Вы прасілі? Прасілі. Я прыняў рашэнне — на кожнай запраўцы павінны быць спадарожныя тавары і кава. — «Сёння не можам пад’ехаць, заправіцца, таму што не там аўтамабілі стаяць...» — працытаваў ён сутнасць нараканняў. Прэзідэнт папрасіў дзяржсакратара Савета Бяспекі даручыць кіраўніку МУС да панядзелка навесці парадак у гэтым пытанні. 

«Трэба ўзмацніць работу па асноўных нашых рынках. Нядаўна Прэзідэнт Расіі прывёў прыклад: наш двухбаковы тавараабарот вышэйшы, чым сумарны Расійскай Федэрацыі з усімі краінамі СНД разам узятымі. Прыемны факт. Дык хіба і для нас гэта не сігнал ісці на дадзеныя рынкі, дзе з часоў СССР ужо ў разы вырасла колькасць насельніцтва і ёсць велізарная патрэба ва ўсім — ад прадуктаў харчавання да прамысловых тавараў?» — абазначыў поле дзейнасці Аляксандр Лукашэнка. У прыклад ён прывёў Узбекістан, дзе з кожным годам прырастае насельніцтва, адпаведна, расце попыт на прадукты харчавання, якія мы можам пастаўляць. Аналагічная сітуацыя з Казахстанам — вялікая тэрыторыя і шмат насельніцтва і ўсё трэба. «Але папярэджваю — якасць. У нас ёсць магчымасці рабіць якасны тавар», — нагадаў сваё нязменнае патрабаванне Прэзідэнт. 

Гэта павінны быць планы пад канкрэтны вынік

«Наколькі ўвязаныя і збалансаваныя паміж сабой эканамічныя планы з бюджэтнымі? З матэрыялаў вынікае, што Мінфінам распрацаваны хай і не крытычны, але дэфіцытны бюджэт. А ў нас наперадзе сур’ёзныя выплаты па дзяржаўным доўгу (2026 год — адзін з пікавых перыядаў). Ёсць крыніцы для іх пакрыцця? Будуць пры гэтым паўнавартасна і ў тэрмін выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы?» — пазначыў яшчэ адзін момант кіраўнік дзяржавы. У наступным годзе пачынаюць дзейнічаць новыя дзяржаўныя праграмы. Урад ужо сфарміраваў іх пералік, які будзе разгледжаны асобна. Большасць — сацыяльна-эканамічнай накіраванасці і фінансуюцца з бюджэтаў.

«Але што ў аснове гэтых праграм? Як вызначалася патрэба ў рэсурсах? Гэта павінны быць рэальныя, прыдатныя на практыцы планы пад канкрэтны і эфектыўны вынік!» — арыентуе Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адзін момант, які даручана выканаць і Прэм’ер-міністру: «Ні ў якім разе не займацца будаўніцтвам і стварэннем таго, без чаго сёння і заўтра, магчыма, можна абысціся. Гляджу, гэтыя офісы, палацы на месцах, яшчэ нешта. „Трэба будаваць!“ — і ў праграму. Слухайце, кароўнікі трэба будаваць, кароў нармальна ўтрымліваць і даіць і цялят. Хопіць ужо гэтых палацаў і культурных аб’ектаў. Важней, напэўна, людзям пабудаваць жыллё. Не трэба раскідвацца грашыма, якіх у вас няма. Аб’ектыўна трэба сітуацыю ацэньваць. І спыніць будаўніцтва ўсялякіх музеяў, дамоў адпачынку — гэтыя трэба задзейнічаць». Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што будзе пабудаваны Нацыянальны гістарычны музей, дзе будзе сабрана ўсё разам. Па яго словах, дастаткова гэтага музея, тым больш што на месцах іх ужо «акіян». Тое самае і па іншых аб’ектах. 

Валюта павінна працаваць

Пэўныя навацыі прапануюцца ў падатковым заканадаўстве і яго адміністраванні. Аднак узгодненага меркавання сярод прысутных па падатковых правілах няма. «Паўстае пытанне: не толькі чаму няма, Дзмітрый Мікалаевіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. — «Зв.»), а чаму вы прыйшлі да мяне не ўзгадніўшы. Вы зараз будзеце перада мной мудрагеліць і выказваць кожны сваё меркаванне? Недапушчальна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Што датычыцца крэдытнай палітыкі, Прэзідэнт папярэдзіў, што ён чакае ад Нацыянальнага банка зразумелага плана дзеянняў, цалкам увязанага з параметрамі росту эканомікі. «Вы ведаеце, чаму вы туды накіраваныя, не для адпачынку і не таму, што вы дрэнна працавалі, я вам ужо пра гэта казаў. А таму што вы як ніхто іншы разумееце, што такое Нацыянальны банк для эканомікі», — звярнуўся беларускі лідар да кіраўніка Нацбанка Рамана Галоўчанкі. 

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што новага кіраўніцтва Нацбанка прапануе для падтрымкі экспарцёраў. Спытаў, якая стратэгія кіравання золатавалютнымі рэзервамі? На што выкарыстоўваюцца дадатковыя даходы? Прэзідэнт станоўча ацаніў факт росту золатавалютных рэзерваў, але звярнуў увагу на іншы момант: «Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра. Але валюта павінна працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба. Можа, патрошку і пускаць у абарот гэтыя грошы. Па-гаспадарску трэба дзейнічаць». 

Трэба справядлівае цэнаўтварэнне

Найважнейшым пытаннем кіраўнік дзяржавы назваў кантроль інфляцыі. Нацыянальны банк сумесна з урадам прапануюць яе на ўзроўні 7 працэнтаў. «Значыць, трэба будзе прапісаць там «да», — адзначыў Прэзідэнт. 

«Нагадаю, людзям патрэбна цэнавая стабільнасць, а не стабільны рост цэн!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што нядаўна «дапытваў» першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова ў тым ліку па пытаннях цэнаўтварэння. «Вы за гэта несяце персанальную адказнасць. Мы яшчэ пагаворым на гэту тэму. Нам не трэба, як тут некаторыя пішуць, стрымліваць рост цэн, яшчэ нешта. Трэба справядлівае цэнаўтварэнне, каб людзі маглі купіць неабходнае, — нагадаў беларускі лідар сваё нязменнае патрабаванне. — Іншых людзей у нас няма і не будзе. Гэта нашы людзі, мы начальнікі, яны нас выбіраюць. Мы павінны працаваць у іх інтарэсах, і дзесьці накіроўваць трэба». 

«Сёння трэба дзень і ноч працаваць»

Асобна Прэзідэнт засяродзіў увагу на пытаннях сельскай гаспадаркі — найважнейшай сферы эканомікі. Ён падкрэсліў важнасць своечасовага выканання восеньскіх палявых работ, уключаючы ў тым ліку ўборку ўраджаю, узорванне і ўзняцце зябліва, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку глебы да наступнага сезона.

Аляксандр Лукашэнка коратка пацікавіўся ходам сельскагаспадарчых работ у старшыняў аблвыканкамаў, якія таксама прысутнічалі на нарадзе. Асобная ўвага — Гродзенскай вобласці, адной з вядучых па многіх паказчыках у АПК. Аднак сёлета ў рэгіёне яшчэ не завершана ўборка некаторых культур. Губернатар Юрый Караеў далажыў, што сітуацыя пад кантролем, сяўба азімых закончана цалкам.

Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу заўважыў, што ў Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях яшчэ не прыступілі да ўзняцця зябліва. «Маразы вось-вось надыдуць. Калі не падымем зябліва, не перааром, у нас будзе такая запарка вясной, што мы не пра ўраджай будзем гаварыць... Таму сёння трэба дзень і ноч працаваць», — арыентуе Прэзідэнт. Ён папярэдзіў, што за страты на палях з губернатараў па выніках года сур’ёзна спытае. Напрыклад, на палях яшчэ застаецца кукуруза, якасць якой з кожным днём губляецца. Яе трэба як мага хутчэй збіраць, нарыхтоўваць у плюшчаным выглядзе, што вельмі добра для кармлення жывёлы. Тым больш абсталявання для плюшчэння зерня і нарыхтоўкі такога корму ў краіне дастаткова.

Прэзідэнт пахваліў вынікі работы ў Мінскай вобласці, якую назваў складанай. А кіраўніцтва Гомельскай і Віцебскай абласцей папярэдзіў, што стан спраў у сельскай гаспадарцы будзе прынцыпова вывучаны, асабліва ў частцы таго, што зроблена для выпраўлення сітуацыі з падзяжом жывёлы.

Праекты прагнозных дакументаў дэталёва разглядаліся Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў эканамічнай сферы пры Савеце Бяспекі і экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі. Маюцца адпаведныя заключэнні. Яны таксама былі вынесены на абмеркаванне на нарадзе. Аляксандр Лукашэнка заклікаў працаваць так, каб не выглядаць, як у Маякоўскага, «прозаседавшимися».

Даслоўна 

Для дасягнення запланаваных паказчыкаў прыйдзецца «папацець»

Размаўляючы з журналістамі, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын выказаў перакананасць, што рост эканомікі ў цэлым павінен быць устойлівым і збалансаваным на доўгатэрміновы перыяд. «Вельмі важна знайсці збалансаваны падыход, каб, з аднаго боку, забяспечыць рост эканомікі, а з другога — не дапускаць у ёй дысбалансу. Каб усе паказчыкі паміж сабой былі ўзаемазвязаны. А самы галоўны вынік — гэта далейшае павышэнне ўзроўню жыцця нашых грамадзян», — сказаў ён, зрабіўшы акцэнт на тым, што гэта важна і з улікам няпростых знешніх умоў, ды і санкцыйны ціск нікуды не падзеўся.

Кіраўнік урада назваў лічбы і паказчыкі, якія разглядаліся на нарадзе ў Прэзідэнта, напружанымі. Па яго словах, для выканання гэтых паказчыкаў неабходна будзе прыкласці максімум намаганняў. На нарадзе было адзначана, што ў 2026 годзе чакаецца рост экспарту на 3,7 %. Павелічэнне гэтага паказчыка плануецца забяспечыць за кошт пашырэння паставак у краіны далёкай дугі і СНД пры захаванні пазіцый на рынку Расіі. Плануецца павялічыць пастаўкі беларускай прадукцыі ў Кітай, краіны Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Для рэалізацыі намечаных планаў у найбліжэйшы час урад плануе прыняць пастанову, у якой вызначыць персанальныя задачы паслам і кіраўнікам прадпрыемстваў па рэалізацыі нашай прадукцыі ў краінах знаходжання. 

«Значную частку росту нашага ВУП забяспечвае экспарт. Сёння гэта адна з першачарговых задач, і яна будзе персаніфікаваная не толькі для кожнага чыноўніка, але і для кожнага кіраўніка прадпрыемства і замежнай установы. Яны павінны дакладна і ясна разумець, што, у якіх аб’ёмах і на рынках якіх краін мы павінны абавязкова ў наступным годзе прадаць», — падкрэсліў Аляксандр Турчын. 

Рост ВУП у 2026 годзе запланаваны на 2,8 %, рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва — на 4,8 %. Што датычыцца такога паказчыка, як інфляцыя, то Нацбанк сумесна з урадам плануе яе на ўзроўні да 7 %. Плануецца, што інвестыцыі ў эканоміку ў наступным годзе вырастуць на 3,1 %. Сярод кірункаў інвеставання — рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, стварэнне і развіццё інфраструктуры ў рэгіёнах, будаўніцтва жылля і іншыя. 

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка адзначыў, што асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія закладзены ў адпаведным праекце ўказа кіраўніка дзяржавы, могуць здацца на першы погляд недастаткова напружанымі, таму што арыфметычна меншыя, чым тыя, што былі ў папярэднія гады. «Але на тое ёсць свае прычыны. Гэта і складаная міжнародная абстаноўка, гандлёвыя войны, даволі істотнае ахаладжэнне расійскай эканомікі, нашага асноўнага гандлёвага партнёра. На гэтым фоне задачы выглядаюць досыць напружанымі, — патлумачыў кіраўнік Нацбанка. — І нам не трэба самім сабе тлумачыць, што сітуацыя складаная, таму мы будзем трохі больш стрыманымі ў дасягненні нашых мэт. Прэзідэнт правільна сказаў, што свет вялікі і трэба працаваць напружана — і на расійскім рынку, і больш актыўна выходзіць на іншыя рынкі».

Па словах Рамана Галоўчанкі, прыйдзецца сур’ёзна «папацець», каб выканаць пастаўленыя задачы, нават, калі яны, можа, здаюцца не такімі вялікімі. «Але ў прынцыпе яны не меншыя, чым тэмпы росту эканомік самых развітых краін», — сказаў кіраўнік Нацбанка. Пры гэтым, паводле яго слоў, ёсць рэзервы для выхаду на больш высокія пазіцыі. «Нам трэба сур’ёзна павялічваць аб’ём інвестыцый у вытворчую сферу, у камерцыйныя праекты, якія дадуць нам сур’ёзны прыток дабаўленай вартасці», — дадаў Раман Галоўчанка. На гэта нацэлена работа групы па дапрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. «Ёсць два пытанні, над якімі трэба будзе сур’ёзна папрацаваць. Па-першае, трэба павышаць навукаёмістасць прадукцыі, гэта значыць, усе — ад дзяржавы да невялікіх фірмаў — павінны актыўна інвеставаць у інавацыі, усе павінны быць інавацыйна актыўнымі. Калі мы не хочам быць пастаянна даганяючай эканомікай, нам трэба павышаць інавацыйнасць і выдаткі на даследаванні і распрацоўкі, у тым ліку на камерцыйных прадпрыемствах. Па-другое, трэба ў цэлым павялічваць інвестыцыі ў камерцыйны сектар, каб яны давалі большы аб’ём дабаўленай вартасці, чым ёсць цяпер. Гэта адзін з ключавых і прынцыповых момантаў для развіцця нашай краіны. Я бачу гэта адным з прыярытэтаў для нас на найбліжэйшую эканамічную будучыню», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

Міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко заявіў, што падатковае заканадаўства краіны ўжо адбылося, але з кожным годам разам з бюджэтным пакетам яно актуалізуецца. «Сістэмна, структурна нічога не мяняецца. Ёсць некалькі традыцыйных блокаў, якія рэалізуюцца штогод. Гэта індэксацыя ставак падаткаў, якія ўстаноўлены ў беларускіх рублях, каб адаптаваць іх да інфляцыйных працэсаў. Асобны блок накіраваны на павышэнне справядлівасці падаткаабкладання. Дыскусійнае пытанне ў дачыненні да павышэння стаўкі падаходнага падатку, але дыялог па гэтым пытанні будзе працягнуты ў парламенце. Ёсць блок, які ўдасканальвае падатковыя льготы: з аднаго боку, адмяняецца частка падатковых ільгот, якія аказваюцца неэфектыўнымі і незапатрабаванымі, з другога, прапануюцца льготы стымуляцыйнага характару. Ёсць прапановы па ўдасканаленні работы падатковых органаў», — расказаў Дзмітрый Кійко. 

Журналісты асобна ўдакладнілі аб павышэнні стаўкі падаходнага падатку. Міністр растлумачыў, што гэта прапанова па павышэнні справядлівасці падаткаабкладання называецца прагрэсіўнае падаткаабкладанне. «Чым большы ў цябе ўзровень даходу, тым больш табе прапануецца заплаціць стаўку. Гэта наогул стандартная сітуацыя ў еўрапейскіх краінах для такіх падатковых сістэм. У нас ужо часткова рэалізаваная дадзеная сістэма. Мы з 2024 года павысілі стаўку падаходнага падатку. У нас прымяняецца 25 % для даходаў звыш 200 тысяч беларускіх рублёў. Мы ўжо атрымалі першыя вынікі гэтай работы», — адзначыў Дзмітрый Кійко. Ён звярнуў увагу, што гэта не датычыцца абсалютнай большасці грамадзян, якія атрымліваюць даходы ў выглядзе заработнай платы. Калі ўзяць наша працаздольнае насельніцтва — гэта больш за 4 млн чалавек, — то павышаная стаўка закранула крыху менш за 8 тысяч чалавек. Тым не менш у даходы мясцовых бюджэтаў паступіла каля 200 мільёнаў рублёў. 

«Узнікла пытанне аб тым, каб разгледзець магчымасць увядзення і трэцяй стаўкі для яшчэ больш забяспечанай групы грамадзян. На сёння мы ацэньваем іх колькасць прыблізна ў адну тысячу чалавек. Тут галоўнае не перагнуць палку. Гэта як прапанова мае права на жыццё. Тым не менш па выніках абмеркавання вырашана працягнуць дыскусію ў парламенце. Таму, я думаю, пра падрабязнасці мы будзем гаварыць, калі дакументы непасрэдна паступяць у парламент і там пачнецца канкрэтнае абмеркаванне», — дадаў Дзмітрый Кійко.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю