«Я ганаруся сваёй краінай»
У рамках культурнай праграмы IX З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД Палац Незалежнасці наведалі амаль 140 дэлегатаў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, а таксама ўдзельнікі чацвёртага (заключнага) этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026». Для людзей, якія штодня стаяць каля дошкі, Палац Незалежнасці — гэта месца, пра якое яны расказваюць вучням, але не ўсе бачылі яго самі. 1 кастрычніка ў іх з’явілася магчымасць убачыць прыгажосць галоўнага будынка краіны на свае вочы і адчуць атмасферу свята напярэдадні іх прафесійнага дня.


Экскурсія пачалася ў Зале ўрачыстых цырымоній — самай маштабнай зале краіны, дзе праходзяць інаўгурацыі Прэзідэнта і прымаюць самых высокіх гасцей. Педагогі прайшлі праз Зялёную залу, вядомую дзякуючы перагаворам «нармандскай чацвёркі», наведалі Камінную залу, Малую і Вялікую залу перагавораў. Асобнае ўражанне аказаў на прысутных музей падарункаў — калекцыя ўнікальных экспанатаў, прэзентаваных кіраўніку дзяржавы замежнымі лідарамі і дэлегацыямі.
Падчас экскурсіі пагаварылі з Дзянісам Дубаневічам, настаўнікам матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 5 горада Смалявічы. Ён пераможца ў намінацыі «Фізіка, матэматыка, астраномія, інфарматыка» конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026», суперфіналіст конкурсу, узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». «Я заўсёды хацеў пабываць у гэтым будынку, але не было такой магчымасці. Заходзячы ў гэты маштабны палац, зразумеў — ён сапраўды апраўдвае сваю назву. Экспазіцыя ўражвае, асабліва тыя экспанаты, якія зроблены дзецьмі. Я ганаруся сваёй краінай», — падзяліўся настаўнік.
Яго шлях у прафесію быў невыпадковы. Маці была таксама настаўніцай матэматыкі, і менавіта яна прывіла сыну любоў да гэтай навукі. Дзяніс Мар’янавіч не проста выкладае матэматыку — ён бачыць у дзецях патэнцыял і дапамагае яго раскрыць. Паводле слоў настаўніка, для яго матэматыка і выкладанне — гэта не проста прафесія, а справа жыцця.

На экскурсіі сустрэлі Сяргея Гарошку, дырэктара Антонаўскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна, пераможцу ў новай намінацыі конкурсу «Настаўнік года — 2026» — «Малады дырэктар установы адукацыі», якая рэалізуе праграму агульнай сярэдняй адукацыі. Свой шлях у педагогіку ён пачаў таксама дзякуючы маці. Яна амаль 36 гадоў адпрацавала майстрам вытворчага навучання ў каледжы ў Жлобіне. «Яна была для мяне прыкладам — мне хацелася пераймаць яе жыццёвую энергію, веды, уменні». Але мама папярэджвала: «Калі ты выбераш прафесію настаўніка, табе будзе складана, гэта нялёгкая праца. Але аддача, энергія ад поспехаў вучняў — усё пераважае над цяжкасцямі», — прызнаўся малады дырэктар. Аб Палацы Незалежнасці Сяргей Гарошка кажа з захапленнем: «Палац атаясамліваецца з нашай цудоўнай краінай. Тут ёсць розныя лакацыі, прысвечаныя і культуры, і Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Ад узрушанасці і захаплення — дрыжыкі па скуры. Уражанне проста неверагоднае».

Сярод экскурсантаў была і дэлегацыя з Кыргызстана. Мы пагаварылі і з Назірай Дзюшэевай, прэзідэнтам Кыргызскай акадэміі адукацыі, доктарам педагагічных навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, узнагароджанай нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Сваё першае ўражанне ад Мінска яна апісала так: «Вельмі чыста, акуратна. Архітэктура і атмасфера нагадалі мне Савецкі Саюз». А Палац Незалежнасці не проста будынак, ён увасабляе годнасць і гісторыю вашай краіны». «Мы прыехалі, каб паглядзець, як арганізавана адукацыя ў Беларусі, — кажа яна. — Нам вельмі важна ўбачыць не толькі тое, што паказваюць на слайдах, але і жывы працэс: як працуюць установы, як ставяцца да дзяцей, як выбудоўваецца сістэма ад дашкольнага ўзроўню да вышэйшай школы».

Падзялілася ўражаннямі і Лілія Разгонава, метадыст «Цэнтра развіцця дзіцяці — дзіцячага садка № 341» г. Омска. Аб наведванні нашага галоўнага будынка сказала: «Нам вельмі спадабалася. Гэта такое асаблівае, сакральнае месца. Калі сюды трапляеш, атрымліваеш захапленне. У той жа час разумееш, што тут вырашаюцца глабальныя пытанні — краіны, дзяржаў і свету ў цэлым. У захапленні ад вашай гасціннасці, ад адкрытасці, ад цеплыні, ад таго, што мы вырашаем агульныя праблемы, у нас агульная стратэгія развіцця, мы разумеем, што ісці трэба менавіта гэтым шляхам. Вельмі шмат агульных пунктаў судакранання, пачынаючы ад дашкольнікаў, заканчваючы вышэйшай адукацыяй».
Сярод экскурсантаў была і Айда Мусакеева, загадчыца Дашкольнай адукацыйнай арганізацыі «Ак-Шоола-Кемін» Кемінскага раёна Чуйскай вобласці Кыргызстана. «Я так марыла трапіць у Беларусь. Шмат хто казаў, што тут прыгожа. Па тэлевізары толькі бачылі», — расказвае яна. Уражанні ад Мінска — самыя цёплыя: «Прыгожа, чыста. Як мы ў аэрапорце прызямліліся, адразу ўбачылі — проста прыгажосць».

Хочацца верыць, што для найлепшых педагогаў напярэдадні прафесійнага свята экскурсія ў беларускі Палац Незалежнасці стала не проста архітэктурным уражаннем, а асаблівым падарункам за іх важную працу, і што кожны з іх, вярнуўшыся дамоў, перадасць частку сваіх уражанняў ад гэтай экскурсіі сваім выхаванцам.
Надзея ЗУЕВА