У чацвер на экскурсію ў Палац Незалежнасці ўпершыню завіталі спецыялісты, якія штодзённа нагадваюць людзям пра гатоўнасць да нечаканага. Больш за сто прадстаўнікоў страхавой галіны краіны — супрацоўнікаў Беларускай нацыянальнай перастраховачнай арганізацыі (БНПА) і «Белдзяржстраха». Галоўнай нагодай для візіту стаў 20-гадовы юбілей БНПА, якая з’яўляецца адзінай спецыялізаванай установай у краіне па пераразмеркаванні буйных рызык. У экскурсіі прынялі ўдзел страхавыя агенты, спецыялісты розных напрамкаў і кіраўнікі філіялаў найбуйнейшага страхоўшчыка краіны. Экскурсія ў Палац Незалежнасці для прадстаўнікоў гэтай сферы — не проста пазнавальнае мерапрыемства, а своеасаблівы знак павагі да іх працы з боку дзяржавы.
Экскурсія пачалася ў Зале ўрачыстых цырымоній — самай маштабнай, дзе праходзяць інаўгурацыі Прэзідэнта і прымаюць самых высокіх гасцей. Экскурсанты прайшлі праз Зялёную залу, вядомую дзякуючы перагаворам «нармандскай чацвёркі», наведалі Камінную залу, Малую і Вялікую залу перагавораў. Асаблівае ўражанне аказаў на прысутных музей падарункаў — калекцыя ўнікальных экспанатаў, прэзентаваных кіраўніку дзяржавы.

«Мы як прафесійныя страхоўшчыкі адразу бачым, што тут можна застрахаваць»
Для дырэктара філіяла «Белдзяржстраха» па Заводскім раёне Мінска Вадзіма Вакульчыка гэты візіт стаў доўгачаканым. Ён прызнаўся, што раней шмат разоў праязджаў міма Палаца Незалежнасці, але ўнутры апынуўся ўпершыню: «Маштаб, прыгажосць, велічнасць... Заўсёды, калі праязджаў міма, было цікава, што тут унутры...».
Але нават на экскурсіі прафесійная звычка бярэ сваё. Калі ў іншых экскурсантаў захапленне выклікаюць люстры, то ў страхоўшчыка — жаданне іх ацаніць: «Люстры вельмі прыгожыя. Мы задаваліся пытаннем, колькі яны важаць і як іх можна памыць. А пытанні наконт прафесійнай часткі? Застрахаваць такі будынак — складана было б? Мы ўжо прыкладна ўяўлялі, у колькі гэта ацаніць...»

На пытанне, ці паспелі яны з калегамі прыдумаць канкрэтныя прапановы, Вадзім Васільевіч адказаў з усмешкай: «Мы як прафесійныя страхоўшчыкі, калі заходзім у новы будынак, адразу ж глядзім, што тут можна застрахаваць. Што найбольш схільнае да рызыкі. І, адпаведна, пачынаць з гэтага, з прапановы больш актуальнай для кліента. Таму паглядзелі люстры, вядома. Трэба будзе і людзей застрахаваць, тых, якія іх мыюць. І адказнасць іх за тое, каб яны якасна выканалі працу». «Разумею, што рызыкі ёсць усюды, але яны тут будуць мінімальныя, зведзены да нуля», — ужо сур’ёзна дадаў наш суразмоўца.

Для начальніка аддзела філіяла «Белдзяржстраха» па горадзе Мінску Паўла Юрэвіча ўражанні ад убачанага перасягнулі ўсе чаканні: «Уражвае маштаб. Вельмі прыгожа, аж займае дух!»
Па словах начальніка ўпраўлення ідэалагічнай і інфармацыйнай работы «Белдзяржстраха» Віталя Гардзейчыка галоўнае ўражанне — гэта магчымасць убачыць на свае вочы тое месца, дзе прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні. «Палац Незалежнасці не проста будынак, ён увасабляе годнасць і гісторыю нашай Беларусі», — падкрэсліў ён.
Спецыяліст па ідэалагічнай рабоце філіяла «Белдзяржстраха» па Мінскай вобласці Анастасія Салагуб падзялілася, што асабліва прыемна яе сыну будзе: «Вярнуся дамоў, раскажу родным. Сыну Івану сем гадоў, ён цікавіцца архітэктурай і любіць Прэзідэнта. Мы часта прыязджаем сюды, гуляем побач з палацам, я яму расказваю. Цяпер пакажу, што бачыла ўнутры. Сёння ў яго будзе шмат уражанняў, што мама тут пабывала, напэўна, і ў школе раскажа».

Для генеральнага дырэктара Беларускай нацыянальнай перастраховачнай арганізацыі Вольгі Тарасевіч гэты візіт асабліва сімвалічны, бо лістапад — знакавы месяц для іх установы. На пытанне, ці адчувае яна дачыненне да вялікай гісторыі, якая творыцца ў гэтых сценах, Вольга Акімаўна адказала: «Вядома. Асабліва як кіраўніку арганізацыі пабываць тут важна. Мяне прызначыў Прэзідэнт, наша арганізацыя створана на падставе яго рашэння. І для нас тое, што мы знаходзімся ў гэтым цудоўным будынку, дзе працуе кіраўнік дзяржавы, асабліва ганарова».
Надзея Зуева