Сёлетняя зіма — не выключэнне. Медыкі да павелічэння колькасці пацыентаў гатовы. У паліклініках маецца ўсё неабходнае для зладжанай работы — сродкі індывідуальнай абароны, тэст-сродкі, антысептыкі.
Як паведаміла галоўны ўрач 10-й гарадской паліклінікі Святлана ЦАБКАЛА, праведзены ўсе арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, вучоба персаналу, закуплены ў дастатковай колькасці сродкі індывідуальнай абароны, тэст-сродкі, антысептыкі.
— У месцах чакання прыёму пацыентаў размешчаны насценныя рэцыркулятары, якія абеззаражваюць паветра. Яны могуць працаваць на працягу 12-ці гадзін і цалкам бяспечныя для пацыентаў. Акрамя гэтага, арганізаваны прыём пацыентаў з прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый, грыпу ў асобным інфекцыйным кабінеце, уваход у які абсталяваны з двара.
Святлана Цабкала адзначыла, што сёлета захваральнасць не характарызуецца вялікай інтэнсіўнасцю, і колькасць візітаў параўнальна невялікая.
— Пакуль мы добра спраўляемся. Непакою ні з боку медыкаў, ні з боку санэпідэмнагляду сітуацыя з захваральнасцю не выклікае. На мой погляд, ролю ў гэтым сыграла і тая работа, якую мы правялі яшчэ ўвосень па вакцынацыі пацыентаў і медработнікаў. Выпрацаваўся калектыўны імунітэт, які і абараняе пацыентаў ад грыпу і ВРВІ.
Намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля АЎТУХОВА дадала, што ў цяперашні час у Мінску сезон пад’ёму вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Захваральнасць знаходзіцца ў межах шматгадовых значэнняў нізкай ступені інтэнсіўнасці. Сярод захварэлых больш дзяцей — да 60 %.
— Прэваліруе група негрыпозных вірусаў, аднак назіраецца актывізацыя віруса грыпу А тыпу H3N2. Пры гэтым дзякуючы вакцынацыі ўзровень захваральнасці дастаткова нізкі, — адзначыла Наталля Аўтухова. — Мінчане дастаткова актыўна прышчапляліся. Групы рызыкі, якія вызначаны Нацыянальным календаром прышчэпак, а гэта дарослыя старэйшыя за 65 гадоў, асобы з хранічнымі захворваннямі, дзеці і цяжарныя жанчыны, вакцыянаваны нават вышэй за рэгламентаваныя паказчыкі — на 100 %.
Медыкі нагадалі і аб мерах прафілактыкі: пазбягаць масавага збору людзей, выключыць кантакты з асобамі, якія маюць прыкметы інфекцыйных захворванняў, абавязкова прытрымлівацца гігіены рук, рэспіраторнага этыкету. Абавязковыя і элементы здаровага ладу жыцця: збалансаванае харчаванне, паўнавартасны сон, прагулкі на свежым паветры.
Алена КРАВЕЦ