Беларусь пераканана, што правы чалавека павінны разглядацца ва ўсёй іх паўнаце і ўзаемасувязі. Такую думку выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў у час пасяджэння Агульнага камітэта ПА АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, паведамляе БелТА.
Ён звярнуў увагу на тое, што гуманітарнае вымярэнне АБСЕ задумвалася як прастора для ўмацавання даверу паміж дзяржавамі і народамі, развіцця ўзаемаразумення і пошуку аб’яднальных рашэнняў. «Але сёння мы вымушаны канстатаваць, што менавіта гэта сфера ўсё часцей становіцца арэнай палітычнага процістаяння. За апошнія гады атмасфера супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ істотна пагоршылася. Санкцыі, абмежаванне кантактаў, разрыў прафесійных, адукацыйных, навуковых і культурных сувязей аказваюць негатыўны ўплыў не толькі на міждзяржаўныя адносіны, але і на магчымасці прамога дыялогу паміж людзьмі», — сказаў Сяргей Рачкоў.
Асаблівую занепакоенасць выклікае практыка прымянення двайных стандартаў пры ацэнцы сітуацыі ў розных дзяржавах. І ўсё часцей можна назіраць спробы дзяліць краіны на правільныя і няправільныя, выкарыстоўваць праваабарончую тэматыку як інструмент палітычнага націску і ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. У якасці прыкладу Сяргей Рачкоў прывёў ініцыяваную шведскім парламентарыем антыбеларускую дадатковую рэзалюцыю, якая мае выключна прадузяты і палітызаваны характар. Ён параіў калегу са Швецыі звярнуць увагу на сваю краіну і занепакоіцца працэсамі, якія адбываюцца ў ёй. «Палітызаваныя падыходы, якія прымяняюцца ў дачыненні да Беларусі, не садзейнічаюць умацаванню аўтарытэту АБСЕ. Наадварот, яны падрываюць давер да нашых інстытутаў, ствараюць дадатковыя бар’еры для канструктыўнага ўзаемадзеяння», — адзначыў ён.
«Беларусь пераканана, што правы чалавека павінны разглядацца ва ўсёй іх паўнаце і ўзаемасувязі. Размова ідзе не толькі аб палітычных правах і свабодах, але і аб праве на працу, адукацыю, медыцынскую дапамогу, сацыяльную абарону, захаванне культурнай ідэнтычнасці і дастойны ўзровень жыцця. Не менш важным застаецца пытанне барацьбы з нецярпімасцю, дыскрымінацыяй і спробамі перапісвання гісторыі, — падагульніў сваё выступленне Сяргей Рачкоў. — Мы лічым недапушчальнымі любыя формы гераізацыі нацызму, апраўдання ваенных злачынстваў і разбурэння гістарычнай памяці. Захаванне праўды аб трагічных падзеях мінулага з’яўляецца важнай умовай разбурэння гістарычнай памяці. Захаванне праўды аб трагічных падзеях мінулага з’яўляецца важнай умовай прадухілення новых канфліктаў і ўмацавання ўзаемнай павагі паміж народамі».