Top.Mail.Ru

Палкоўнік Ігар Ляшкоў расказаў пра службу ў войсках супрацьпаветранай абароны

Адзначаць сваё прафесійнае свята ў другую нядзелю красавіка беларускія войскі супрацьпаветранай абароны сталі з 1975 года. Менавіта тады пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прынятае адпаведнае рашэнне. У гісторыі суверэннай Беларусі Дзень войскаў СПА атрымаў статус прафесійнага свята ў 1998 годзе — гэта даніна павагі ўсім, хто праходзіць службу, магчымасць выказаць глыбокую ўдзячнасць тым, хто днём і ноччу надзейна ахоўвае паветраную прастору нашай краіны.


Напярэдадні свята аб асаблівасцях прафесіі расказаў намеснік камандзіра 15-й зенітнай ракетнай брыгады па ўзбраенні, палкоўнік Ігар Ляшкоў, за плячыма якога ўжо 22 гады службы.


Шлях у прафесію Ігара Ляшкова пачаўся з простага захаплення — з юных гадоў яго цікавілі ТБ-праграмы пра зброю і побыт вайскоўцаў. Таму ў 2004 годзе ён паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт супрацьпаветранай абароны, які паспяхова скончыў у 2009-м, пасля чаго і прыйшоў служыць у 15-ю зенітную ракетную брыгаду. Спачатку — начальнікам разліку.

Па словах Ігара Ляшкова, службу цяжка назваць аднастайнай: кожны дзень прыносіць новыя выклікі. Вядзенне радыёлакацыйнай разведкі, забеспячэнне палётаў авіяцыі, баявое дзяжурства — гэта толькі частка тых адказных работ, якія штодня выконваюць вайскоўцы супрацьпаветранай абароны.

Адным з ключавых у службе з’яўляецца нясенне баявога дзяжурства, адзначае намеснік камандзіра 15-й зенітнай ракетнай брыгады па ўзбраенні: «Кожны дзень — новы спіс задач. Увесь тыдзень распісаны, усё спланавана на месяц. У тым ліку пастаноўка задач падначаленым, кантроль іх выканання, аказанне дапамогі, праверка пэўных пытанняў, тэхнічнае абслугоўванне, падрыхтоўка тэхнікі да выхаду на розныя вучэнні, палявыя выхады, удзел у вучэннях. І спіс можна працягваць». 


Якімі ж якасцямі і навыкамі трэба для гэтага валодаць? Вядома, проста неабходна веданне тэхнікі, абсталявання на вышэйшым узроўні. Ваеннаслужачым войскаў СПА даводзіцца ўстараняць любыя няспраўнасці, у тым ліку складаныя, прычым разлічваць на пабочную дапамогу не даводзіцца — усё робяць самі. Не абысціся і без такіх рыс характару, як сумленнасць, мэтанакіраванасць, цярплівасць і ўседлівасць.

Такая служба тоіць у сабе нямала цяжкасцей і падыходзіць далёка не кожнаму. Неабходна быць гатовым выконваць задачу ў любых умовах — незалежна ад надвор’я, часу сутак, стомленасці і іншых фактараў: «Малады чалавек, які рашыў звязаць сваё жыццё з СПА, павінен у першую чаргу звярнуць увагу на сваю фізічную падрыхтоўку і цягавітасць, а таксама на маральна-псіхалагічны стан», — падкрэслівае Ігар Ляшкоў. Бо якасць выкананых ваеннаслужачымі задач заўсёды павінна быць на вышыні: «Моладзь, якая прыходзіць да нас на службу, атрымлівае ваенна-ўліковую спецыяльнасць, развіваецца, вывучае новыя магчымасці, спрабуе сябе ў цяжкіх умовах, — расказвае палкоўнік. — Бо трэба станавіцца дарослымі, вучыцца па-сапраўднаму любіць нашу Радзіму».


Аміна НАЗАРАВА

Фота з асабістага архіва героя і 15-й зенітнай ракетнай брыгады

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю