Top.Mail.Ru

Паляўнічы каляндар — інструмент кіравання прыродай

Напярэдадні адкрыцця летняга сезона палявання на казулю, які стартуе з 15 мая, спецыялісты расказалі аб ролі паляўнічага календара і ўнёску паляўнічай гаспадаркі ў эканоміку і ў турыстычны патэнцыял краіны.


Асноўная функцыя заканадаўча замацаваных тэрмінаў дазволенага палявання, паводле слоў начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Беларусі Аляксандра КАЗАРЭЗА, — у захаванні і ўстойлівым карыстанні аднаўляльных прыродных рэсурсаў. Ва ўразлівыя перыяды (размнажэнне жывёл, выкормліванне маладняку, лінька) паляванне забаронена. Выразныя тэрміны дазваляюць кантраляваць агульны прэс палявання, не дапускаючы празмернага вымання, і ў той жа час, па неабходнасці, рэгуляваць колькасць, весці селекцыйны адстрэл.

Цяпер у Беларусі 56 відаў жывёл, якія ўключаны ў спіс дазволеных для здабычы. Найбольш масавымі з’яўляюцца казуля, высакародны алень, лось. Колькасць кожнага з гэтых відаў вымяраецца дзясяткамі тысяч. Агульная плошча паляўнічых угоддзяў складае больш за 17 млн га, на якіх вядуць паляўнічую дзейнасць 165 юрыдычных асоб. Усяго ў галіне задзейнічана каля 1500 чалавек. За 2025 год даходы ад палявання склалі каля 17 млн рублёў, што на 47 % перавышае аналагічныя паказчыкі папярэдняга перыяду. Значна павялічылася і колькасць замежных паляўнічых-турыстаў.

Пастаянная палітыка з акцэнтам на захаванне і далейшы рост колькасці паляўнічых рэсурсаў прывяла да таго, што па некаторых відах ужо некалькі гадоў не цалкам выбіраецца дазволеная да вымання квота. З’явіўся патэнцыял для эканамічнага росту галіны за кошт прыцягнення большай колькасці паляўнічых, а таксама нарыхтоўкі і рэалізацыі дзічыны.

Багацце капытных жывёл спрыяе росту колькасці буйных драпежнікаў, уключаючы чырванакніжных. Па даных апошняга ўліку, колькасць мядзведзяў наблізілася да 1500 асобін (прырост да мінулага года — 15,7 %), рысі — 3200 асобін, што больш на 25,2 %.

І гэта пры тым, што летась упершыню за шмат дзесяцігоддзяў на гэтых жывёлах адкрылі паляванне. Выдадзеныя квоты на гэтыя два віды ў выніку былі закрытыя ў межах 80 % і крыху больш за 10 % адпаведна.

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, як расказаў начальнік упраўлення паляўнічай гаспадаркі РДГА «БТПР» Сяргей ЦЭБРУК, у першую чаргу арыентавана на задавальненне запытаў мясцовых паляўнічых. Забяспечваючы даступнасць, для іх ужо некалькі гадоў не мяняюцца цэны на паляванне. 

У той жа час магчымасць прыёму замежных гасцей дазваляе развіваць паляўнічыя гаспадаркі і павышаць якасць абслугоўвання. Выкарыстанне паляўнічага календара дае магчымасць планаваць дзейнасць, фарміраваць рынак паляўнічых паслуг і турызму.

Нягледзячы на палярныя ў грамадстве меркаванні аб паляванні, жадаючых далучыцца да гэтага віду вольнага часу менш не становіцца. Штогод па афармленне паляўнічага білета звяртаецца 1700–1800 чалавек. Пры БТПР створаны жаночы паляўнічы клуб «Ласка», які аб’ядноўвае больш за 120 актыўных жанчын-паляўнічых. Сваімі мэтамі яны лічаць папулярызацыю здаровага ладу жыцця, фарміраванне культуры палявання, адраджэнне і развіццё жаночых паляўнічых традыцый і этычных норм. Уступіць у таварыства беларускіх паляўнічых таксама могуць дзеці і падлеткі. Маладыя людзі ад 8 да 16 гадоў маюць права стаць членам БТПР з афармленнем білета катэгорыі «Юны паляўнічы і рыбалоў». На думку Аляксандра Казарэза, паляванне — гэта сувязная нітка паміж чалавекам і дзікай прыродай, якая цягнецца з глыбіні стагоддзяў і будзе заўсёды, паколькі людзі — частка прыроды.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю