Урачыста адкрыўся X Міжнародны форум «Дзеці Садружнасці».
Урачыста адкрыўся X Міжнародны форум «Дзеці Садружнасці».
У аўторак у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае адкрыццё X Міжнароднага форуму «Дзеці Садружнасці». Некалькі разоў яго прымаў Кыргызстан, праходзіў ён ва Узбекістане, у Расіі. А ў юбілейны раз ён упершыню праходзіць у нашай краіне. Наперадзе ва ўдзельнікаў — насычаная праграма. Асноўным месцам правядзення стане Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Там, на беразе Нарачы, каля сотні прадстаўнікоў з васьмі краін даведаюцца шмат новага і цікавага аб нашай краіне.

Знакавае месца адкрыцця форуму — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — добрая нагода гаварыць аб агульнай слаўнай гісторыі. «Мы павінны з вамі зрабіць усё, каб мір і спакой былі ў нашых краінах, каб нашы краіны сябравалі. І таму праводзіцца столькі мерапрыемстваў, прысвечаных нашай моладзі,» — звярнулася да ўдзельнікаў форуму Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
«Мы дакладна разумеем — моладзь павінна сябраваць, камунікаваць, таму што яна — будучыня нашых краін. І ад таго, наколькі вы сёння будзеце разам памятаць і шанаваць сваю гісторыю, нашу агульную гісторыю, настолькі будуць сяброўскія і добрыя адносіны паміж нашымі краінамі, — заўважыла Наталля Качанава. — Мы, парламентарыі, працуем на розных міжнародных пляцоўках — пад эгідай МПА СНД, асамблеі АДКБ і іншых, але ўсюды гаворым аб адным. У пачатку гэтага года ў Санкт-Пецярбургу прайшло мерапрыемства, якое было прысвечана Вялікай Перамозе. І там, выступаючы, спікеры ўсіх краін, прадстаўнікі моладзі якія прысутнічаюць тут, разам казалі: мы павінны памятаць і шанаваць нашу агульную гісторыю. Для Беларусі, як і для любой іншай краіны, гэтая гісторыя святая».

У размове з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла плённае ўзаемадзеянне парламентарыяў краін: «Сімвалічна, што гэты форум праходзіць пад той знакавай падзеяй, якую адзначалі ўсе нашы краіны — гэта 80-годдзе Вялікай Перамогі. І мы рады таму, што маладыя людзі, якія прыязджаюць з розных краін (а сёння тут прадстаўнікі 8 краін былога Савецкага Саюза), якія з’яўляюцца нашчадкамі пераможцаў, якія адваявалі свабоду і незалежнасць нашай тады агульнай Радзімы, сёння сабраліся зноў разам для таго, каб успомніць старонкі гісторыі, для таго, каб шанаваць памяць і перадаваць яе з пакалення ў пакаленне. Вядома, для нас гэта вельмі важна».
Як адзначыў генеральны сакратар Савета МПА СНД Дзмітрый Кабіцкі, тэма форуму пад назвай «Памяць і адзінства пакаленняў» стане напамінам пра тое, як важна захоўваць гісторыю і быць разам: «Сёння наша самая галоўная задача-перадаць малодшым пакаленням памяць аб гэтай вайне, зрабіць усё магчымае, каб і яны захоўвалі яе яшчэ доўгія гады».
Глабальная мэта форуму — дружба народаў. «І дзеці на такіх форумах вучацца не проста камунікаваць, але і расказваць пра культуру сваіх краін, гісторыю сваіх краін, архітэктуру, традыцыі. І вельмі важна, што яны дзеляцца гэтай інфармацыяй і дапамагаюць адзін аднаму разумець, што праходзіць у той ці іншай краіне, як яна развіваецца. Паколькі кожная краіна па-свойму ўнікальная», — адзначыў Дзмітрый Кабіцкі.

«Асабліва цікава стала, калі даведалася, што паеду ў Беларусь»
Пасля ўрачыстага адкрыцця форуму яго ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Для Аляксандра Суворава, удзельніка з Расіі, вельмі важная і цікавая тэма Вялікай Айчыннай вайны: «Мне вельмі цікавая гэтая тэма. Я лічу, што трэба шанаваць памяць усіх людзей, якія аддалі свае жыцці за нашу свабоду». Ён таксама прызнаўся, што на ўдзел у форуме яго падштурхнулі асабістыя перакананні і водгукі ўдзельнікаў мінулых гадоў: «Яны расказвалі, што форум пакідае незабыўныя ўспаміны. І ў цэлым, як можна адмовіцца ад такой цудоўнай ініцыятывы?».
Аляксандр расказаў таксама, што задумалі дзеці на дзень сваёй краіны. «Будзе вялікая колькасць нумароў з песнямі, танцамі і майстар-класамі. Усё на вышэйшым узроўні, бо мы доўга і старанна рыхтаваліся». Хлопец ужо паспеў пазнаёміцца з прадстаўнікамі некаторых дэлегацый. «Вельмі прыемныя і добрыя людзі, паміж намі не адчуваецца адрозненняў, якія могуць стаць перашкодай. Хутчэй, адрозненні ў нацыянальнасці, гісторыі і мове робяць наша ўзаемадзеянне больш цікавым і дазваляюць вывучаць гісторыю нашых краін».
Сваімі ўражаннямі падзялілася ўдзельніца форуму з Казахстана Сафія Бекетава. Яна паведаміла — паўдзельнічаць у форуме яе запрасілі дзякуючы яе актыўнасці як у школе, так і ў роднай вёсцы. «Ну і проста я вельмі прыязны чалавек, — дадала яна. — Асабліва цікава стала, калі даведалася, што паеду ў Беларусь. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я адразу ж пагадзілася».

Школьніца прызналася, што наведвае нашу краіну ўпершыню, і ўражанняў у яе асабліва шмат. «Мне вельмі спадабаўся баланс прыроды і інфраструктуры, дзейнасці чалавека. А яшчэ я заўважыла, што ў Беларусі ўсюды прысутнічае патрыятызм, і мне гэта вельмі падабаецца». Паводле яе слоў, форум — ідэальны баланс, дзе можна даведацца культуру іншых краін і праявіць талент. Для гэтага ў праграме прадугледжаны дні, прысвечаныя пэўным краінам. Удзельніца дадала, што адна з яе мэтаў на форуме — годна прадставіць сваю краіну.
Дарэчы, 9 ліпеня на Форуме — дзень Рэспублікі Беларусь. Нашы ўдзельнікі паабяцалі: будзе вельмі цікава.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.