Новую мемарыяльную зону «Смутак» адкрылі 21 чэрвеня на тэрыторыі легендарнай Цытадэлі над Бугам. Яна стала вынікам рэалізацыі трохгадовай праграмы Саюзнай дзяржавы па рамонтна-рэстаўрацыйных работах у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».
Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, якая ўзяла ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай зоны «Смутак», прачытала радкі з верша нашай сучасніцы, звычайнай школьніцы, якая простымі і пранізлівымі словамі выказала памяць і боль юнага пакалення за кожнага загінулага ў самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне.

«Калі чытаеш такія радкі, напісаныя маладым, зусім юным пакаленнем, адразу ёсць адказ на пытанне — такія помнікі патрэбныя, іх шмат не бывае, — падзялілася Наталля Пяткевіч. — Здавалася б, прышчэпку ад вайны чалавецтва атрымала шмат-шмат дзесяцігоддзяў таму. А сёння вайна ў кожным доме — або ў тэлевізары, у СМІ, або за акном. І страшна, што ўрок, які павінен быць высечаны ў памяці назаўжды, не засвоены. Застаюцца тыя, хто наўмысна стварае канфлікты, якія забіраюць тысячы і тысячы жыццяў без усялякай прычыны. Гэты помнік — набат пра тое, што жахі вайны на нашай шматпакутнай зямлі не павінны паўтарыцца».
Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліла, што скульптурная кампазіцыя ўвабрала ў сябе боль усіх беларусаў. «Напэўна, у свеце няма ніводнага народа, які б пацярпеў так. Таму што гэта боль кожнай нашай сям’і. Вельмі хочацца, каб нашы будучыя пакаленні, якія возьмуць у кіраванне краіну, пранеслі гэта пачуццё каштоўнасці міру, памяці і падзякі за тое, што мы сёння жывыя. Каб праводзілі такую палітыку, каб ніколі падобнага не паўтарылася», — рэзюмавала віцэ-прэм’ер.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяла падкрэсліў, што нашчадкі салдат, якія вызвалілі свет ад карычневай чумы, памятаюць усе злачынствы, учыненыя нацыстамі тады.
«Мы ўпэўненыя ў палітычнай волі нашых прэзідэнтаў, — звярнуў увагу Сяргей Глазьеў. — Мы ўпэўненыя ў моцы нашых Узброеных Сіл. І мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэтыя злачынствы не паўтарыліся. Помнік „Смутак“ — жывы напамін пра тое, што нашы ворагі — ворагі роду чалавечага — зноў хочуць зрабіць нашу зямлю зямлёй суцэльнага смутку. Гэтаму не бываць».
Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі да манумента і ўшанавалі памяць абаронцаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і пры абароне Брэсцкай крэпасці

Новая памятная зона размешчана ў заходняй частцы Цытадэлі. Менавіта там у пасляваенны час быў выяўлены знакаміты надпіс «20 ліпеня 1941 года. Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма».
Правобразам скульптурнай кампазіцыі «Смутак» стала рэальная жанчына Алена Кузняцова, якая разам з двума дзецьмі змагла выбрацца з падпаленых руін крэпасці. Усё жыццё яна захоўвала памяць аб загінулым мужы і ўсіх абаронцах Цытадэлі над Бугам, якія ступілі ў неўміручасць. Па абодва бакі ад скульптуры размясцілася сцяна памяці з імёнамі 71 абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія загінулі ў палоне фашыстаў.
Стварэнне мемарыяльнай зоны «Смутак» увайшло ў спіс з 11 мерапрыемстваў па цяперашнім праекце Саюзнай дзяржавы па рэстаўрацыі і музеефікацыі. Выкананыя работы дазволілі адкрыць доступ для наведвальнікаў у заходнюю частку Цытадэлі, якая раней выкарыстоўвалася як службовая тэрыторыя.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
г. Брэст