Ён устаноўлены на месцы масавага пахавання мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны — на ўскрайку Казіміраўскага лесу па вуліцы Раўчакова ў Магілёве. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае яго адкрыццю, адбудзецца заўтра, 21 чэрвеня. Плануецца, што ў ім возьмуць удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, сенатар, старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, працоўных калектываў, грамадскасці, дэпутаты, кіраўнікі розных рэлігійных арганізацый, удзельнікі міжнароднага маладзёжнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» з Магілёўскай вобласці і 20 рэгіёнаў Расіі.
Месца для мемарыяла выбрана не выпадкова. Масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва праводзіліся тут у 1941-1943 гадах. Летась і сёлета ў Казіміраўскім лесе адбыліся сумесныя работы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны і Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру».
— Па гэтым месцы можна прасачыць трагічную гісторыю акупацыі, — паведаміў кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.—Тут могуць ляжаць і падпольшчыкі Магілёва, і партызаны, якія трапілі ў палон, і наогул усе ўдзельнікі супраціву, якія былі ў Магілёве. Усе ямы адрозніваюцца, няма ніводнай аднолькавай. Ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што сюды звозілі трупы псіхічна хворых людзей, якіх пазбаўлялі жыцця ў машынах-душагубках.Свае вар’яцкія дзеянні, накіраваныя супраць насельніцтва, нацысты рабілі вельмі сакрэтна. Ачапляўся лес, праводзіліся расстрэлы, трупы скідвалі ў ямы і прысыпалі зямлёй. Мясцовыя жыхары маглі бачыць толькі наступствы гэтых злачынстваў. Фашысты не пакідалі сведак, расстрэльвалі нават тых, хто закопваў трупы.
Зрабіць Казіміраўскі лес мемарыяльным прапаноўвалі і пошукавікі, і пракурорскія работнікі, і мясцовыя жыхары. І кіраўніцтва вобласці з гэтым пагадзілася. Вельмі важна, што помнік устаноўлены менавіта ў тым месцы, дзе ўсё адбывалася. Ён будзе нагадваць усім, што нацызм гэта заўсёды страшна.
Што датычыцца далейшых раскопак, то, як адзначыў Мікалай Барысенка, гэта справа часу. Летась у Казіміраўскім лесе атрымалася знайсці астанкі 304 чалавек, сёлета — не меней 150.
Нэлі ЗІГУЛЯ.