Развіццё тэрыторыі — гэта і пра захаванне таго, што фарміруе яе ідэнтычнасць. У гэтым перакананы жыхары Хойніцкага і Ельскага раёнаў Гомельшчыны, якія сёлета аднымі з першых у вобласці рэалізавалі знакавыя для сваіх раёнаў грамадзянскія ініцыятывы. Яны прысвечаны 40-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.
Памятны знак «Рэха Чарнобыля» ўрачыста адкрылі ў аграгарадку Стралічава Хойніцкага раёна. Да 1986 года на Хойнікшчыне было 13 сельсаветаў. Пасля здарэння на ЧАЭС іх колькасць скарацілася, многія населеныя пункты перасталі існаваць. У ліку адселеных апынуліся і вёскі Стралічаўскага сельсавета.
— Гранітны пастамент са звонам і калонамі сімвалізуе тое, што мы знаходзімся заўсёды пад Божым покрывам і, нягледзячы ні на што, жывём з верай у будучыню, — аб ідэі іх праекта распавяла кіраўнік ініцыятыўнай групы, жыхарка Стралічава Наталля Кавалёва. — На граніце — карта сельсавета і пазначаныя вёскі, якія зніклі пасля аварыі на ЧАЭС, і населеныя пункты, якія працягваюць жыць, ды бусел закрывае сваімі крыламі нас ад любых нягод, дапамагае нам рухацца наперад.

Рэалізавалі ініцыятыву дзякуючы перамозе ў конкурсным адборы Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праект стаў адным з 33-х, прызнаных лепшымі. Больш як дзве тысячы рублёў на ўвасабленне ў жыццё ініцыятывы сабралі жыхары сельсавета, Хойніцкага раёна, а таксама былыя землякі.
— Наш аграгарадок развіваецца. За час рэалізацыі дзяржпраграм у Стралічаве пабудаваны новыя дамы, прыязджаюць маладыя спецыялісты, адрэстаўравана школа. Дзякуючы гэтаму і насельніцтва вырасла, і мы атрымалі статус аграгарадка. Сёння не стаім на месцы, — падкрэсліла Наталля Кавалёва.
Акрамя ўстаноўкі самога памятнага знака, вяскоўцы добраўпарадкавалі і прылеглую тэрыторыю, стварылі зону сямейнага адпачынку.
Разам з жыхарамі Хойнікшчыны ўдзел у адкрыцці месца памяці з нагоды 40-й гадавіны аварыі на ЧАЭС узяла ўдзел член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
— Беларуская дзяржава ніколі не пакідала пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыі. Дзякуючы рэалізацыі шасці дзяржаўных і пяці саюзных праграм частка тэрыторый вярнулася да нармальнага ладу жыцця, — зрабіла акцэнт сенатар. — Сёння мерапрыемствы па далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых тэрыторый працягваюцца. Гэта замацавана ў васьмі новых дзяржаўных праграмах бягучай пяцігодкі і шостай саюзнай праграме, — нагадала Кацярына Зенкевіч.
Як звярнула ўвагу сенатар, сёння на Гомельшчыне шырокую падтрымку і развіццё атрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі. Выдатная магчымасць для жыхароў раёнаў рэалізаваць праекты — удзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў.
— У рэгіёне на іх падтрымку ў гэтым годзе накіравана 750 тысяч рублёў. Гэта роўна ўдвая больш, чым летась, а разам з тымі сродкамі, якія сабрала насельніцтва, агульная сума складае амаль 840 тысяч рублёў. І тут важны не толькі сам рост фінансавання, гэта, пераканана, рост даверу паміж уладай і грамадствам, — падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў.
Кацярына Зенкевіч выказала асаблівую падзяку кіраўніцтву Хойніцкага райвыканкама, Савета дэпутатаў, ініцыятыўным вяскоўцам, дэпутатам і ўсім, хто далучыўся да стварэння памятнага месца ў аграгарадку Стралічава.

У гэтыя ж дні грамадзянскую ініцыятыву «Душа баліць — тут быў наш дом...» рэалізавалі ў Ельскім раёне. Прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, ураджэнцы вёскі Асавы і жыхары Дабрынскага сельсавета добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол памятнага знака.
— Сёлета 33 гады як гэты населены пункт (некалі вельмі жывое, бойкае месца каля трасы Мазыр-Оўруч) знік з карты раёна. У 1993 годзе жыхароў вёскі перасялілі ў спецыяльна пабудаваныя кватэры ў Ельску, а апусцелыя дамы і гаспадарчыя пабудовы былі пахаваны. Пра Асавы нагадвае толькі памятны знак каля дарогі. Мы, удзельнікі ініцыятыўнай групы, сумесна з жыхарамі Дабрынскага сельсавета і валанцёрамі, вырашылі добраўпарадкаць гэта памятнае месца, — распавёў старшыня Дабрынскага сельсавета Васіль Сакула. — Рэха тых падзей будзе гучаць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Менавіта таму гісторыя пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС заслугоўвае таго, каб людзі пра гэта ведалі і памяталі, — перакананы дэпутат.
— Для мяне Асавы былі і застаюцца малой радзімай. У памяці — толькі светлыя і цёплыя ўспаміны: дзе быў чый дом, як мы хадзілі адзін да аднаго ў госці. Наша вёсачка была невялікая, таму мы жылі як адна сям’я. Сёння памятны знак — сведчанне таго, што мы не забыліся, дзе выраслі і жылі. Я рада, што жыццё перамагло. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы пасля аварыі многае зрабілі, пабудавалі новыя дамы, газіфікавалі вёскі, шмат увагі надавалі і надаюць здароўю людзей, бясплатнаму лячэнню ў санаторыях дзяцей і дарослых. Шчыры дзякуй усім, хто стараецца захаваць памяць пра зніклыя вёскі, пра нашу малую радзіму, — падзялілася ўраджэнка былой вёскі Асавы Людміла Більдзюк.
Старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка падкрэсліла значэнне такіх ініцыятыў:
— Захоўваць памяць пра мінулае — важна і каб цаніць тое, што мы маем сёння, і задумвацца аб будучыні. Беларусь прайшла вялікі шлях аднаўлення тэрыторый, і гэтая работа працягваецца. Жыхары раёна і надалей будуць прыкладаць усе намаганні, каб Ельшчына заставалася месцам, куды хочацца вяртацца, будаваць сваё жыццё, ствараць сям’ю, працаваць, выхоўваць дзяцей і праслаўляць родны край.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота БелТА і Ельскага раённага Савета дэпутатаў