Напярэдадні 40-годдзя з дня трагедыі на ЧАЭС, якая стала буйнейшай тэхнагеннай катастрофай ХХ стагоддзя, у аршанскім гарадскім парку культуры і адпачынку ўрачыста адкрылі новы памятны знак.
— Аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 26 красавіка 1986 года, стала трагічнай вехай у гісторыі Савецкага Саюза. Яна закранула мільёны людзей і змяніла лёсы тысяч ліквідатараў, якія цаной свайго здароўя і жыцця ўтаймоўвалі «мірны атам». У гэты дні мы схіляемся перад мужнасцю людзей, якія сталі на абарону бяспекі вялікай краіны, якая звалася Савецкі Саюз. Супрацоўнікі падраздзяленняў МНС, МУС, вайскоўцы — усе ў адным страі сталі на барацьбу з катастрофай, якая, па сутнасці, на той момант нікім не была асэнсавана. Новы помнік прызваны ўвекавечыць мужнасць гэтых людзей і служыць напамінам будучым пакаленням аб цане памылак на шляху развіцця тэхналагічнага працэса і захаваць памяць, — адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік у звароце да грамадскасці, якая сабралася на новым паклонным месцы.
З’яўленне знака «Памяці ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі» — вынік рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы, падтрыманай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Як расказаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэй Куратнікаў, зводныя атрады з ліку супрацоўнікаў сілавых структур, работнікаў медыцынскіх устаноў і прамысловых прадпрыемстваў з усіх раёнаў рэспублікі, у тым ліку Аршанскага, фарміраваліся на добраахвотнай аснове і штомесяц накіроўваліся на забруджаныя тэрыторыі для аховы грамадскага парадка, ліквідацыі наступстваў аварыі, выканання іншых задач. Толькі ад ваеннага камісарыята Оршы і раёна было накіравана 392 чалавек, УУС — 16, ГРАНС — 12.
Зараз на Аршаншчыне пражываюць 205 ліквідатараў, 15 інвалідаў, якія пацярпелі ў выніку знявечання ці захворвання, выкліканага катастрофай, амаль 80 грамадзян, адселеных з тэрыторый радыяцыйнага забруджвання.

Аўтары праекта грамадзянскай ініцыятывы з ліку актывістаў і нераўнадушных гараджан выканалі ў 2025 годзе вялізную папярэднюю работу: распрацавалі эскіз, правялі конкурс сярод мастакоў, атрымалі неабходныя ўзгадненні ў НАН і Мінкульце, сабралі 15 тысяч рублёў добраахвотных ахвяраванняў, 4 тысячы дадало абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру», асноўны ўзнос памерам 40 тысяч рублёў паступіў у роўных долях з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў — і вырабілі памятны знак. Свой унёсак гараджане зрабілі і фізічным удзелам у добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Барэльеф, аўтарам якога з’яўляецца скульптар член Беларускага Саюза мастакоў Аляксей Яўсееў, устаноўлены на жалезабетонным заснаванні, мастацкая кампазіцыя выканана з чорнага граніта. Фігура пажарнага закрывае сабою расколіну ў пліце, за якой віднеецца элемент з чырвонага граніта, які сімвалізуе агонь. На помніку высечаны дата 26.04.1986, а таксама словы «Чарнобыль» і «Радыяцыя».
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц