Top.Mail.Ru

Памяць пра герояў-чарнобыльцаў. У Берне адбыўся паказ беларускага кінафільма «Чарнобыль. Жывая Зямля»

Паказ фільма «Чарнобыль. Жывая Зямля» кінастудыі «Беларусьфільм» прайшоў у г. Берне, паведаміла БелТА са спасылкай на пасольства Беларусі ў Швейцарыі.


Кінапаказ быў арганізаваны беларускай дыпламатычнай місіяй і адбыўся ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мерапрыемства адбылося ў грамадскім кінатэатры г.Берна. Карціна прысвечана гісторыі ліквідацыі наступстваў аварыі і карпатлівай рабоце па адраджэнні пацярпелых раёнаў Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Швейцарыі Аляксандр Ганевіч, чатыры дзесяцігоддзі Беларусь крок за крокам аднаўляла жыццё на пацярпелых тэрыторыях. Краіна прайшла няпросты шлях ад ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі да адраджэння і ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, якія, як многім здавалася, застануцца непрыдатнымі для жыцця яшчэ доўгія гады.

Кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі асабліва акцэнтаваў маштабную работу, праведзеную па вяртанні пацярпелых зямель у сельскагаспадарчы абарот, унікальны вопыт Беларусі ў радыяцыйнай медыцыне, рэабілітацыі тэрыторый, арганізацыі аховы здароўя грамадзян. Сёння беларуская экспертыза і адпаведныя практычныя напрацоўкі запатрабаваны ва ўсім свеце.

Аляксандр Ганевіч адзначыў, што памяць аб наступствах аварыі на ЧАЭС неабходна захаваць як даніну павагі мужнасці і подзвігу герояў-чарнобыльцаў, якія цаной жыцця і здароўя спынілі радыяцыйную стыхію, як бясцэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням.

Гасцямі кінапаказу ў Берне сталі каля 80 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі дыпламатычных місій Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, члены з сем’яў, прадстаўнікі беларускай і расійскай дыяспар, швейцарскай грамадскасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю