У Вялікабрытаніі на 84-м годзе жыцця памёр мастак-пастаноўшчык Сцюарт Крэйг, які працаваў над усімі фільмамі кінасагі пра Гары Потэра, паведамляе БелТА са спасылкай Deadline.
Інфармацыю пра смерць пацвердзіла Брытанская Гільдыя кінадызайнераў, якая апублікавала на Facebook паведамленне аднаго з яго вучняў-мастака Ніка Ламонта.
«З вялікім сумам паведамляю, што мой сябар і настаўнік, мастак-пастаноўшчык Сцюарт Крэйг памёр 7 верасня 2025 года ва ўзросце 83 гадоў пасля доўгай бітвы з хваробай Паркінсона... Сцюарт быў самым шанаваным кінамастаком Вялікабрытаніі і, мабыць, усяго кінематографа... сапраўдным гігантам!» — напісаў Ламонт.
Сцюарт Крэйг — трохразовы ўладальнік «Оскара». Першую статуэтку ён атрымаў у 1983 годзе за фільм «Гандзі», другую — у 1989 годзе за «Небяспечныя сувязі», трэцюю — у 1997 годзе за карціну «Англійскі пацыент». Усяго ж ён быў намінаваны на «Оскар» 11 разоў.
Ён таксама прымаў удзел у афармленні кінакарцін «Чалавек-слон», «Грэйстак: Легенда аб Тарзане», «Уладар малпаў», «Чаплін» і інш.