Барацьба з беспілотнікамі з’яўляецца галоўным трэндам у беларускім ВПК. Аб гэтым заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, паведамляе БелТА.
«З Акадэміяй навук мы працуем цесна. Вызначана каля 15 напрамкаў, яны зведзены ў адзіны план і па іх арганізавана адпаведная работа. Асноўным трэндам у нашай сферы, вядома ж, з’яўляецца барацьба з беспілотнымі лятальнымі апаратамі», — сказаў Дзмітрый Пантус.
Ён заявіў, што пэўныя поспехі ў гэтай сферы ўжо ёсць. Так, напрыклад, прыняты ўжо на ўзбраенне айчынны комплекс «Шафран». Вядзецца работа па яго мадэрнізацыі для ўдасканалення тактыка-тэхнічных характарыстык.
«Мы маніторым абстаноўку: трэба быць пастаянна ў трэндзе. Гэта і сродкі радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыя. За апошнія паўгода дзве самыя сучасныя станцыі для вызначэння цэлей з нізкім палётам айчыннай вытворчасці таксама прыняты на ўзбраенне», — дадаў кіраўнік Дзяржкамваенпрама.
Міністр абароны Віктар Хрэнін у сваю чаргу заўважыў, што формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў змяніліся, аб чым сведчыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Паводле яго слоў, нават 500 дронаў, якія адначасова знаходзяцца ў паветры, — вельмі мала па сучасных мерках. «Лічбы даходзяць да дзясяткаў тысяч, і з гэтым усім трэба змагацца. Была прыдумана цацка, і яна ператварылася ў вельмі грозную зброю, якая выконвае львіную частку задач агнявога паражэння на полі бою. Рэцэпт, як з гэтым змагацца, сёння шукае ўвесь свет, мы ў тым ліку», — падкрэсліў ён.