Top.Mail.Ru

Папаўся той, што капаўся!

Нездарма ў народзе кажуць: «Лепш злавіць маленькую рыбку, чым вялікую жабу». А калі справа датычыцца крата? Народная мудрасць пра тое маўчыць. Жыццё тым часам дае адказы.

Барацьбу з землякопам, які панадзіўся гаспадарыць на дачным участку, мой дзевер павёў не на жарты. Ну, па-першае, чуў, што гэты «чорны капальнік» вельмі не любіць смуроду. І таму неяк раз цэлы вечар яны, на пару з жонкай, намочвалі ў мазуце анучкі, затым раскопвалі кратавінні і запіхвалі туды пахкае начынне...

Стаміліся тады, ледзь адмыліся і з лёгкім водарам мазуту зваліліся ў ложкі — спаць.

Раніцай у абодвух першы клопат быў пра крата.

— Я думаю, што ён альбо здох, — услых меркавала жонка, — альбо хапянуў смуроду і ўцёк. Па-любому на наш участак ён больш не хадок.

— Спадзяюся, — уздыхнуў побач муж. — Бо калі мазут не памог, то не ведаю, што і паможа.

Абнадзееныя сужэнцы ўсталі, у чым былі, рушылі на ганак і — літаральна — аслупянелі: іх учарашнія смярдзючыя анучкі валяліся па ўсім газоне, а паміж імі ўзвышаліся новыя, свежыя кратавінні.

Словы, якія з гэтай нагоды прамовіў дзевер, газеты, дзякаваць богу, пакуль не друкуюць. Але ж здавацца дачнік не збіраўся:

— Бяры шланг, — параіў яму сусед, — заводзь машыну — гані крата выхлапнымі газамі. Выдзьмеш — як піць даць!

Пасля гэтых слоў дзевер адшукаў у хламоўніку стары шланг ад пыласоса, прымацаваў яго да выхлапной трубы, сеў за руль, завёў машыну і прыдушыў педаль газу. Мінула хвіліна, дзве, тры... Дачнік пазіраў у люстэрка задняга віду, але нідзе ніякага крата не бачыў...

Выскачыў з машыны, падбег да шланга, вырваў яго з кратавіння... Ніякім газам там і не пахла! Усе выхлапы губляліся па дарозе. А значыць, барацьба з кратом мусіла мець працяг. Які?

Заклапочаны (яшчэ і гэтым...) дачнік праз гадзіну-другую выйшаў на ганак з кубачкам кавы. Толькі прысеў на зручнае крэсла, каб выпіць (са смакам, пад спевы птушак), як пад носам у яго, каля кустоў жончыных вяргіняў, зямля падазрона заварушылася...

— Ах ты ж нягоднік! — яшчэ раз (праўда, іншымі словамі) вылаяўся мужчына, схапіў рыдлёўку — капянуў раз, капянуў два па верагоднай траекторыі руху крата, плюхнуў у дзіркі вядро вады (жонка адстойвала для паліву кветак), за ім другое і...

Папаўся, які капаўся: вылез такі на святло!

Далей ужо справа тэхнікі: дачнік спрытна падхапіў крата на рыдлёўку і ўкінуў у пустое вядро.

...Калі вы думаеце, што на гэтым канец (і «казцы», і землярыйным работам), то вельмі памыляецеся. Замест таго каб адпомсціць нягодніку і адправіць яго куды далей, дзевер занёс жывёлку падалей ад дачы і... выпусціў, бо даслоўна: «Шкада жывое... Да таго ж у крата, мабыць, таксама жонка, і таксама дзеці? Для іх жа, мусіць, стараўся, корм здабываў?»

Вось такая гісторыя. Мараль ці працяг прыдумайце самі.

Юлія Хоміч

г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю