Top.Mail.Ru

Папулярнасцю на ўчастках карыстаюцца сувеніры з беларускай сімволікай

У асноўны дзень галасавання на выбарчых участках традыцыйна адкрыліся гандлёвыя кропкі. Таксама для грамадзян падрыхтавана забаўляльная праграма — не толькі канцэрты, але і спартыўныя спаборніцтвы.


— Буфет у школе адкрыўся з 8 раніцы і будзе працаваць да 8 вечара. Ажыятаж ужо ёсць, — адзначае Кацярына Бірукова, назіральнік на адным з выбарчых участкаў у Гродне. — Відаць, што да гэтага дня арганізатары падрыхтаваліся грунтоўна: у продажы выпечка, салаты, мясная прадукцыя ўласнай вытворчасці. Акрамя таго, ёсць аддзел з сувенірамі з беларускай сімволікай — блакнотамі, ручкамі, сцягамі. Усё па даступных цэнах. І ў дзень выбараў такія тавары карыстаюцца павышаным попытам.

Паводле інфармацыі Кацярыны Біруковай, падрыхтавана і багатая культурная праграма. Запланаваны вялікі канцэрт, у якім прымуць удзел творчыя калектывы школы № 3, дзе размешчаны ўчастак. Праграма працягнецца каля дзвюх гадзін. Апроч гэтага, на працягу ўсяго дня будзе гучаць музыка. Атмасфера свята забяспечана.

— Таксама мы прапанавалі выбаршчыкам згуляць у валейбол з нашай школьнай камандай — нямала чалавек адгукнуліся. Таварыскі матч адбудзецца сёння і таксама прыцягне на ўчастак нямала гледачоў, — дадала назіральнік.

Цікава будзе і на ўчастку № 9 у Салігорску. Як адзначыла назіральнік Аксана Куліцкая, тут праходзіць выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і педагогаў каледжа, можна набыць сувеніры мясцовых рамеснікаў. Таксама на базе ўстановы працуе музей воінаў-інтэрнацыяналістаў — у дзень выбараў ён адкрыты для ўсіх ахвотных.

— Ёсць інтэрактыўная зона для ўсёй сям’і: напрыклад, стаяць вялікія шашкі і шахматы, у якія можна згуляць, — дадала Аксана Куліцкая. — Акрамя таго, выбаршчыкам, якія прыходзяць цэлымі сем’ямі — мама, тата і дзіця — мы ўручаем падарункі: настольныя гульні. Калі прыходзіць з дзіцем адзін з бацькоў, дык маленькі грамадзянін краіны таксама не застаецца без сувеніра. Канешне, падрыхтавана і канцэртная праграма.

Аксана Куліцкая адзначае, што людзі цікавяцца і працай буфета — у продажы прадукцыя на любы густ і па даступных цэнах.

Дарэчы, грамадзянам прапануюць і паўдзельнічаць у дэгустацыі. Напрыклад, паводле інфармацыі назіральніка з Камянецкага раёна Брэстчыны Людмілы Жураўлёвай, на ўчастку ў раённым Доме культуры можна паспрабаваць навінкі мясакамбіната «Белавежскі» і іншую прадукцыю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю