Большасць дзяцей лічаць вэйпы бяспечнымі
Галоўны ўрач Мінскага клінічнага цэнтра фтызіяпульманалогіі Святлана ТУМАШЫК адзначае:
.jpg)
— Вельмі радуе, што з 2020 года ў нашай краіне знізілася доля тых, хто курыць, з 23,1 % да 21,3 %. Аднак радавацца пакуль рана, таму што каля 3 % з іх — людзі ад 29 да 39 гадоў — маладая, працаздольная, прадуктыўная катэгорыя.
Хвалюючай застаецца статыстыка, якая датычыцца курэння ў дзіцячым узросце.
— Паводле звестак Белстата, 15 % вучняў 7–10 класаў ужо кураць. Больш за тое, 80 % дзяцей, па даных рэспубліканскага апытання, лічаць, што вэйпы — гэта бяспечна. Наша ўстанова аховы здароўя, вядома, бачыць наступствы ад гэтай згубнай звычкі. Усе мы ведаем, што рак лёгкіх узнікае непасрэдна з-за курэння. І большасць пацыентаў, якія да нас звяртаюцца (наконт розных захворванняў. — «Зв.» ), у фактарах рызыкі адзначаюць курэнне.
Урач-пульманолаг (загадчык пульманалагічнага аддзялення) Мінскага клінічнага цэнтра фтызіяпульманалогіі Алена ЛОБАН расказала, што медыкі гэтай установы аховы здароўя штодня сутыкаюцца з захворваннямі, вядучым фактарам развіцця якіх з’яўляецца курэнне.
.jpg)
— Спецыфіка нашага аддзялення — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, якая развіваецца менавіта з-за курэння. Гэту хваробу можна або прадухіліць, або запаволіць яе прагрэсіраванне, прытым клінічныя праявы пры ёй не адразу адчувальныя. Патрэбныя гады. Напрыклад, пацыент заўважае, што ў яго зніжаецца ўстойлівасць да фізічных нагрузак. Падымаўся на пяты паверх без прыпынку, а цяпер ужо на другім, трэцім яму трэба адпачыць, — прывяла прыклад Алена Лобан.
Пазбавіцца ад гэтай дрэннай звычкі ніколі не позна, лічыць медык.
— Лёгкія — орган, які аднаўляецца.
З першых гадзін адмовы ад курэння ўжо назіраецца станоўчы эфект. Праз двое сутак лішак вуглякіслага газу пакідае органы і тканкі. Праз трое сутак арганізм цалкам вызваляецца ад нікаціну. Праз год аднаўляецца работа сардэчна-сасудзістай сістэмы мозгу. Праз 15 гадоў адмовы ад курэння лічыцца, што працягласць жыцця ў чалавека такая ж, як і ў чалавека, які ніколі не курыў, — падзялілася назіраннямі Алена Лобан.
Памочнік добры, але ўрача не заменіць
Урач-рэнтгенолаг (загадчык) рэнтгенаўскага аддзялення № 1 Мінскага клінічнага цэнтра фтызіяпульманалогіі Аляксей КАРАТАЙ растлумачыў, што стан лёгачнай тканкі ў чалавека, які курыць, можна ацаніць некалькімі спосабамі.
.jpg)
— Не толькі з дапамогай спіраграфіі або камп’ютарнай тамаграфіі, але і па звычайных флюараграфічных здымках — лічбавай прафілактычнай рэнтгенаграме, — пералічыў медык. — На базе нашай установы ўжо шмат гадоў працуе праграмны комплекс медыцынскай геаграфічнай сістэмы, які ўяўляе сабой перадачу лічбавых рэнтгенаграм з гарадскіх паліклінік горада. Самі здымкі перадаюцца з дапамогай інтэрнэту на нашы серверы, і ўрачы-спецыялісты іх ацэньваюць, кансультуюць, апісваюць. За дзевяць месяцаў бягучага года намі было пракансультавана больш за тры тысячы лічбавых рэнтгенаграм.
У дапамогу медыкі выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі.
— Сёлета Мінскі клінічны цэнтр фтызіяпульманалогіі далучыўся да пілотнага праекта Міністэрства аховы здароўя па апрабацыі камп’ютарызаванай дыягностыкі захворванняў лёгкіх. На нашай базе з ліпеня ўстаноўлены штучны інтэлект, які ўжо прагледзеў больш за 5000 здымкаў, і ў 400 знайшоў паталогію. Яго работа простая — запраграмаваны на чатыры пэўныя паталогіі, падсвятляе менавіта тое, што знаходзіць. Гэта вялікі памочнік доктару, але ён мае свае адмоўныя рысы. Так, ён не параўноўвае змяненні, якія мы бачым цяпер, з тымі, што былі заўважаны раней. Гэта робіць толькі доктар. Адказнасць за заключэнне, вядома, нясе доктар, аднак, безумоўна, можна сказаць, што гэта добры памочнік нашым урачам, — адзначыў Аляксей Каратай.
«Рэзка стала цяжка хадзіць»
Калі 77-гадовы Тадэвуш Аляксандравіч звярнуўся ў Мінскі клінічны цэнтр фтызіяпульманалогіі, у яго знайшлі хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.
— Курыць пачаў у 20 гадоў, калі сустрэў дзяўчыну, якая курыла. Паступова сфарміравалася звычка, а мой максімум у дзень складаў пачак цыгарэт. Працаваў на заводзе токарам, і перакур стаў часткай жыцця, адмовіцца ад якой было складана, — прызнаўся ён.
Згубная звычка прывяла ў бальніцу, калі мінчанін ужо знаходзіўся на пенсіі.
— Мне нічога не балела. Рэзка стала цяжка хадзіць. Прайду невялікую адлегласць, зраблю прыпынак і рухаюся далей. Перашкодай сталі лесвічныя пралёты. Так што вырашыў ісці ў паліклініку, адкуль адправілі ў цэнтр на абследаванне, — адзначыў мужчына.
Вылечыць гэту хваробу немагчыма, таму мужчына знаходзіцца на пажыццёвай тэрапіі. Ведаючы гэта, ён адмовіўся ад цыгарэт.
— Курыць кінуў, але не адразу. Было некалькі спроб. Ужо тры гады трымаюся. Адчуваю сябе нядрэнна, — сказаў пенсіянер.
Яна Хмяльнічцкая
фота Лізавета Голад