Top.Mail.Ru

Парад караваяў, узнагароды, канцэрт — Шклоў аддае даніну павагі хлебаробам

Галоўная канцэртная пляцоўка з партэрам у 1000 месцаў размясцілася ў Шклове па суседству з раённым Домам культуры. Па баках святочнай сцэны — галоўны каравай Магілёўшчыны і вялікі сноп. Пад гукі музыкі праходзіць парад ураджаю раёнаў Магілёўскай вобласці. Тэатралізаваныя групы нясуць на ручніках караваі з назвамі раёнаў. Хутка на сталах-подыумах збіраюцца хлябы і снапы з усіх раёнаў Магілёўшчыны.

З гэтага відовішчнага нумара і пачынаецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026».


Са святам хлебаробаў віншуе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскай вобласці Дзмітрый Крутой. Ён зачытвае прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі працаўнікам сяла Магілёўшчыны, якія ўнеслі важкі ўклад у агульны каравай Рэспублікі Беларусь.

— Доля Магілёўшчыны ў рэспубліканскім караваі істотная — мільён 220 тысяч збожжавых і рапсу без уліку кукурузы, — гаворыцца ў прывітальным адрасе. — Пры гэтым 3 раёны перасягнулі статысячную мяжу. Усё гэта заслуга вяскоўцаў, якія ад зары да зары працуюць у палях, вынік напружанай работы механізатараў, аграномаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў, іншых спецыялістаў і кіраўнікоў нашых гаспадарак. Дзякую кожнаму, хто ўнёс уклад у правядзенне ўборачнай кампаніі. Вашы прафесіяналізм, вытрымка, любоў да справы выклікаюць самую глыбокую павагу. Словы асаблівай удзячнасці адрасую тым, хто прысвяціў сельскай гаспадарцы ўсё сваё жыццё, з’яўляецца выдатным прыкладам для маладых спецыялістаў, якія прыходзяць у аграрную сферу з новымі ведамі, тэхналогіямі і невычэрпнай энергіяй. Жадаю моцнага здароўя, міру, сямейнага дабрабыту, дастатку ў доме і чарговых працоўных перамог на карысць Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі. Няхай кожны год будзе шчодрым, а ўраджай багатым, — пажадаў Прэзідэнт.


Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з уручэннем сертыфікату на трактар 1221.3 атрымаў калектыў работнікаў КСУП «Ніва-Барсукі» Кіраўскага раёна. Шэраг працаўнікоў былі ўзнагароджаны Падзякамі ад Адміністрацыі Прэзідэнта. 

Словы ўдзячнасці ў адрас хлебаробаў прагучалі з вуснаў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Ён уручыў узнагароды пераможцам штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2026 годзе. Першае месца сярод раёнаў і 500 базавых велічынь атрымаў Шклоўскі раён. На другім і трэцім — Магілёўскі (300 базавых) і Кіраўскі (200) раёны.


Пераможцам спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, стала фермерская гаспадарка «Пралесак» Магілёўскага раёна. Яе кіраўнік Юрый Коршунаў атрымаў Ганаровы дыплом аблвыканкама I ступені і грашовую ўзнагароду ў памеры 400 базавых велічынь. Званне лепшага агранома і грашовая ўзнагарода у памеры 40 базавых велічынь прысуджана галоўнаму аграному ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна Аляксею Слесараву. Лепшым камбайнерам вобласці прызнаны старшы камбайнер гэтай жа гаспадаркі Віктар Мільто. Сярод маладых пальма першынства ў старшага камбайнера Сяргея Дразда і камбайнера Эдуарда Фаміна — механізатараў ААТ «Світанак» імя К. П. Арлоўскага" Кіраўскага раёна. 


Пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнаны Бялыніцкі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Калгас «Радзіма». У сваіх катэгорыях лепшымі сталі Круглянскі раён і Буйніцкі сельвыканкам Магілёўскага раёна. Узнагароды ўручаліся таксама ад розных міністэрстваў і ведамстваў, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Агульным падарункам для ўсіх стаў святочны канцэрт.

Нэлі ЗІГУЛЯ 
Фота аўтара
Шклоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю