Top.Mail.Ru

Парадак у населеных пунктах, месцах баявой славы, воінскіх пахаваннях

Падчас рэгіянальнага марафону добраўпарадкавання кіраўніцтва і супрацоўнікі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў працавалі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў гонар аперацыі «Баграціён» у Светлагорскім раёне. Сабраныя па выніках абласнога суботніка сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю менавіта гэтага месца памяці.


Дапамагчы ў добраўпарадкаванні комплексу воінскай славы на Светлагоршыну прыехалі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

Як нагадаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко, на Гомельшчыне стала добрай традыцыяй, калі па ініцыятыве жыхароў рэгіёна сабраныя падчас суботнікаў сродкі накіроўваюцца на рэканструкцыю асаблівых месцаў памяці. Вынік такой маштабнай сумеснай работы апошніх гадоў — абноўленыя мемарыяльныя комплексы «Ала» ў Светлагорскім раёне, «Партызанская крынічка» пад Гомелем, «Азарычы» ў Калінкавіцкім раёне і мемарыяльны комплекс «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» на Жлобіншчыне.

Плануецца, што ўжо летам мемарыяльны комплекс «Баграціён» адкрыецца пасля рэканструкцыі. Тут будзе створаны ўнікальны не толькі для Гомельшчыны, але і для краіны ў цэлым новы памятны знак і музейны аб’ект з тэматычнымі заламі, прысвечанымі гісторыі ваеннай аперацыі, а таксама плошча воінскай славы.

Як звярнуў увагу Іван Крупко, вельмі сімвалічна, што ў Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі на Гомельшчыне ўзяліся за чарговы народны праект памяці — рэканструкцыю комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён».

— Мы вырашылі зрабіць усенародны мемарыял, добраўпарадкаваць гэта месца, каб яно было знакавым для ўсёй краіны і постсавецкай прасторы. Усе праектныя рашэнні, навуковыя абгрунтаванні, гістарычныя факты сабраны, каб пры наведванні гэтага аб’екта была магчымасць зразумець, чаго каштавала свабода, незалежнасць і вызваленне нашай вялікай краіны, — адзначыў Іван Крупко.

Дарэчы, на суботніку над добраўпарадкаваннем тэрыторыі мемарыяльнага комплексу працаваў і маладзёжны працоўны дэсант Гомельшчыны — каля трыццаці юнакоў і дзяўчат. Пасля суботніка прайшла імправізаваная дыялогавая пляцоўка — жывая гутарка аб важнасці захавання гістарычнай памяці: маладыя актывісты змаглі задаць пытанні, якія цікавяць, пагутарыць са старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко і памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гомельскай вобласці Русланам Пархамовічам.

Ва ўсіх раёнах моладзь Гомельшчыны прыняла актыўны ўдзел у абласным суботніку. Працоўныя дэсанты актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку на вуліцах населеных пунктаў, у парках і скверах, тэрыторыях прадпрыемстваў, месцах баявой славы. Правядзенне абласнога суботніка актыўна падтрымалі працоўныя калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў, актывісты грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса, мясцовыя жыхары. Так, талакой наводзілі парадак у населеных пунктах, на прысядзібных участках, тэрыторыях устаноў адукацыі і аховы здароўя. Асаблівая ўвага традыцыйна — добраўпарадкаванню брацкіх пахаванняў воінаў Вялікай Айчыннай вайны і мемарыялаў.

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю