Першы раз у першы клас
— Адаптацыя першакласніка да школы можа займаць ад некалькіх тыдняў да паўгода, а сёння да першага званка засталіся лічаныя дні. Што можна паспець зрабіць бацькам, каб дапамагчы першакласніку прыстасавацца да новых умоў?
— Знайдзіце час, каб пагаварыць з сынам або дачкой, — рэкамендуе псіхолаг Алена Шаўчэнка. — Абавязкова стварыце адчуванне важнасці новага жыццёвага этапу. Павіншуйце дзіця з пачаткам вучобы: «Цяпер ты стаў дарослым!» Не абяцайце, што школа будзе святам, а вучоба — толькі радаснай і лёгкай. Інакш не пазбегнуць недаверу і расчаравання. Лепш растлумачыць, што цяжкасці непазбежныя, але разам вы з імі справіцеся.
— На што важна звяртаць увагу ў першыя школьныя дні?
— Сустракайце дзіця дома з пазітывам, цікаўцеся яго справамі ў школе, слухайце расказы пра сяброў і настаўнікаў: паказвайце, што пачуцці дзіцяці важныя для вас. Хваліце за поспехі, але не навязвайце дапамогу пры кожнай цяжкасці, проста дайце зразумець, што вы заўсёды гатовыя яго падтрымаць. Не сварыцеся з ім за памылкі, паколькі яны — частка працэсу навучання. Няхай дзіця вучыцца на сваіх промахах без страху асуджэння. Вельмі важны баланс нагрузак: ператамленне зніжае імунітэт і перашкаджае вучобе. Сачыце, каб у малога было дастаткова адпачынку.
— Калі можна казаць пра паўнавартасную адаптацыю першакласніка да новага этапу яго жыцця?
— Крытычным перыядам лічацца першыя 1-3 месяцы пасля пачатку вучобы. За гэты час дзіця павінна навучыцца адчуваць сябе камфортна ў школьным асяроддзі, праяўляць цікавасць да вучобы і зносін, вытрымліваць рэжым дня, спраўляцца з дамашнімі заданнямі без празмерных стрэсаў, сфарміраваць пазітыўныя адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі. Прыкметы паспяховай адаптацыі — калі дзіця прачынаецца з жаданнем ісці ў школу, не адчувае страху ці моцнай трывогі перад новым навучальным днём, праяўляе цікавасць да ўрокаў і ўдзельнічае ў класных мерапрыемствах. Першакласнік распавядае маме і тату пра свае поспехі і ўражанні, выконвае дамашнія заданні самастойна або з мінімальнай дапамогай дарослых, самастойна збірае партфель, не скардзіцца на стомленасць і галаўны боль. Насцярожыцца варта, калі вы заўважаеце процілеглыя прыкметы — пастаянны сум, агрэсію, пазбяганне размоў пра школу, дрэнны настрой або праблемы са здароўем. У такіх выпадках важна звярнуцца па кансультацыю да псіхолага або педагога для высвятлення прычын і пошуку рашэнняў. Са свайго боку бацькам у выпадку цяжкасцяў з адаптацыяй асабліва важна стварыць дома атмасферу падтрымкі. Абмяркоўвайце з дзіцем яго пачуцці і перажыванні і не параўноўвайце яго з іншымі. На гэтым этапе вельмі важна дапамагчы дзіцяці сфарміраваць адэкватную самаацэнку. Гэта залог паспяховага навучання і гарманічнага развіцця.
З пачатковай школы — у сярэднюю
— Але вось, здавалася б, усе трывогі скончыліся і вучоба «пастаўлена на рэйкі»... Пераход у пяты клас, з пачатковай школы ў сярэднюю, таксама спалучаны са стрэсам?
— Безумоўна. Гэта важны этап у жыцці дзіцяці, які суправаджаецца не толькі новымі ведамі і патрабаваннямі, але і значнымі псіхалагічнымі зменамі. Ва ўзросце каля 10-11 гадоў у дзяцей адбываюцца фізіялагічныя і псіхалагічныя змяненні: фарміруецца асоба, развіваецца крытычнае мысленне, з’яўляецца жаданне самастойнасці. Павялічваецца і вучэбная нагрузка: уводзяцца новыя прадметы, а патрабаванні да самастойнай працы становяцца больш строгімі. Адбываюцца таксама змяненні ў сацыяльнай сферы: дзеці пачынаюць больш увагі ўдзяляць дружбе, могуць узнікаць канфлікты з аднагодкамі або жаданне вылучацца. У гэты перыяд асабліва актуальная патрэба ў прызнанні. Дзіця шукае пахвалы з боку дарослых і аднагодкаў, імкнецца быць прынятым і паспяховым. Усе гэтыя змяненні могуць суправаджацца крызісамі і цяжкасцямі. Часта ў малога ўзнікае эмацыянальны дыскамфорт: трывога, няўпэўненасць і страх не справіцца. Могуць назірацца праблемы з вучобай: зніжэнне паспяховасці з-за складанасці матэрыялу або недахопу матывацыі. Можа знізіцца самаацэнка пры сутыкненні з новымі выклікамі.
— Што б вы параілі бацькам?
— Ключавая парада (і я не стамляюся гэта паўтараць): стварайце дома атмасферу падтрымкі і даверу. Растлумачце дзіцяці, што перамены — натуральны працэс росту. І напярэдадні, і ў першыя навучальныя тыдні дазвольце сыну або дачцэ выказваць страхі і трывогі. Калі дзіця іх «прагаворыць», гэта знізіць узровень трывожнасці. Прымайце дзіця безумоўна, без ацэнкі яго паспяховасці ці непаспяховасці. Развівайце ў ім навыкі самастойнасці. Пры гэтым важна дапамагаць арганізоўваць навучальны працэс: сумесна планаваць час для заняткаў, адпачынку і забаў. Але, прынамсі, у першыя навучальныя тыдні не перагружайце малога дадатковай адукацыяй (кружкамі і секцыямі). Асаблівую ўвагу варта аддаць сацыяльнай сферы: падтрымліваць сяброўскія кантакты малога, дапамагаць вырашаць канфлікты мірным шляхам. І, вядома, я раіла б бацькам трымаць пастаянную сувязь з педагогамі, каб кантраляваць вучобу і паводзіны дзіцяці ў школе.

Старт у дарослае жыццё
— Пераход у старшую школу патрабуе ад бацькоў асаблівай увагі?
— Так. Калі для першакласніка стрэс звязаны са зменай дзейнасці, а для пяцікласніка — з рэзкім ростам нагрузкі і новымі правіламі, то старшакласнік жыве ў стане пастаяннага ціску з-за будучыні. Яго трывожаць ЦТ, паступленне ў ВНУ, неабходнасць адпавядаць чаканням навакольных і складаныя пытанні пра сябе: «Хто я?» і «Кім я хачу стаць?»
— Як яго падтрымаць?
— Станьце для падлетка стратэгам і «асабістым коўчам». Дапамажыце разбіць будучую глабальную мэту «паступіць у навучальную ўстанову» на маленькія, зразумелыя крокі. Гэта зніжае паніку. Вашай ключавой фразай павінна быць: «Я з табой, што б ні здарылася». Кантралюйце не вучобу, а рэсурсны стан: сон (не менш чым 8,5 гадзіны!), харчаванне і фізічную актыўнасць. Шукайце зоны яго поспеху па-за вучобай — хобі, дзе ён можа рэалізавацца і атрымаць прызнанне. Гэта найлепшыя лекі ад трывогі.
— Як бацькам не дапусціць памылак на гэтым этапе? Чаго нельга рабіць катэгарычна?
— Самая вялікая памылка — трансліраваць дзіцяці сваю ўласную трывогу. Вы можаце хвалявацца, але вашы ўпэўненасць і спакой — яго асноўны рэсурс. Нельга абясцэньваць перажыванні падлетка. І ніколі не дазваляйце яму думаць аб тым, што ваша любоў залежыць ад яго ацэнак. У гэтым узросце яго крэда павінна быць: «Я магу памыляцца, але я не адзін».
Размаўляла Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ