Беларус Раман Свірыдзенка перамог на этапе Кубка свету па лыжных гонках сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі, паведаміла БелТА.
Спаборніцтвы праходзяць у нямецкім Фінстэрау, 17 студзеня лыжнікі вызначалі прызёраў у спрынце. Свірыдзенка паказаў трэці рэзультат у кваліфікацыі ў катэгорыі стоячы (сярод атлетаў з пашкоджаннем рук або ног), пасля чаго атрымаў перамогі ў паўфінале і фінале. У вырашальным забегу беларус апярэдзіў расіяніна Віталя Малышава і немца Себасцьяна Марбургера. Раней на этапе ў Германіі Раман быў другім у мас-старце і чацвёртым у індывідуальнай гонцы.
У гэтай жа катэгорыі ў дзяўчат наша Дар’я Фядзьковіч заняла ў спрынце 16-е месца. У заліку сядзячых спартсменаў беларусы Уладзіслаў Кандратаў, Дзмітрый Лобан і Аркадзь Шыкуць спыніліся ў кваліфікацыі, у жанчын Валянціна Бірыла дайшла да паўфіналу, а Лідзія Лобан замкнула топ-15.
Розыгрыш Кубка свету — кваліфікацыйны турнір для ўдзелу ў зімовых Параліміпійскіх гульнях 2026 года, якія пройдуць у Італіі з 6 па 15 сакавіка. Этап у Фінстэрау завершыцца заўтра дзвюма эстафетнымі гонкамі. Беларускія лыжнікі з абмежаванымі магчымасцямі выступаюць на турнірах FIS з нацыянальнай сімволікай.