Top.Mail.Ru

Парасон — галоўны аксесуар. Беларусаў чакае дажджлівы і халаднаваты тыдзень

Беларусаў чакае дажджлівы і халаднаваты тыдзень. Аб гэтым расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


«На бягучым тыдні нас чакае не проста халаднаватае надвор’е, але і моцныя ападкі, якія ў асобныя дні будуць суправаджацца парывістым ветрам. Другі летні месяц апынецца ва ўладзе цыклонаў. Паўночна-заходнія патокі будуць пастаўляць халаднаватае паветра. У выхадныя ўплыў цыклонаў аслабее і з’явіцца больш шанцаў пагрэцца пад прамянямі ліпеньскага сонца. Аднак і ў такія „насычаныя“ рабочыя будні, і ў больш-менш „спакойныя“ выхадныя галоўным аксесуарам беларусаў будзе парасон, паколькі яны пройдуць пад акампанемент дажджоў. На працягу рабочага тыдня ў Беларусі чакаецца халаднаватае з ападкамі надвор’е. Пад уплывам атмасферных франтоў і няўстойлівых паветраных мас у большасці раёнаў краіны пройдуць дажджы рознай інтэнсіўнасці. 8-10 ліпеня (серада-пятніца) месцамі дажджы будуць дасягаць крытэрыяў моцных. Пры актыўным развіцці атмасферных працэсаў у асобных раёнах прагрымяць навальніцы, а 8-9 ліпеня (серада-чацвер) ёсць верагоднасць узмацнення ветру з парывамі 15-20 м/с, днём 8 ліпеня месцамі да 24 м/с. Пры гэтым у выніку паступлення халаднаватых паветраных мас тэмпературны фон у начныя гадзіны будзе вагацца ад 7 да 15 градусаў, а ў дзённыя гадзіны будзе ў межах ад 14 да 23 градусаў», — расказалі ў Белгідрамеце.

У сераду, 8 ліпеня, часам пройдуць дажджы, месцамі чакаюцца моцныя дажджы, навальніцы. Ноччу ў асобных раёнах па захадзе, раніцай і днём пераважна па паўднёва-заходняй палавіне прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с, днём месцамі да 24 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 9-16 градусаў вышэй за нуль, днём будзе плюс 14-21.

У чацвер, 9 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, днём месцамі чакаюцца моцныя дажджы, навальніцы. Ноччу і раніцай па паўночным усходзе ў асобных раёнах магчымы слабы туман. Па захадзе месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе 7-13 градусаў цяпла, днём будзе плюс 14-21.

У пятніцу, 10 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём месцамі па захадзе чакаюцца моцныя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-13 градусаў цяпла, днём будзе плюс 16-23.

«Згодна з папярэднімі прагнозамі, у бліжэйшыя выхадныя (11-12 ліпеня) у краіне захаваецца халаднаватае надвор’е з тэмпературным фонам у асноўным на 1-4 градусы ніжэйшым за сярэднія шматгадовыя значэнні (кліматычная норма другой дэкады ліпеня 17,7-20,4 градуса). Пры гэтым з ростам атмасфернага ціску колькасць і інтэнсіўнасць ападкаў крыху зменшыцца. Разам з тым дажджы будуць мець кароткачасовы характар і адзначацца ноччу месцамі, а ў дзённыя гадзіны, у выніку развіцця канвектыўнай воблачнасці, ахопяць большую частку тэрыторыі краіны і будуць суправаджацца навальніцамі. У начныя і ранішнія гадзіны ў вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будуць згушчацца непрацяглыя туманы», — расказалі ў Белгідрамеце.

У суботу, 11 ліпеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-14 градусаў цяпла, днём будзе 17-23 градусы вышэй за нуль.

У нядзелю, 12 ліпеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 10-16 градусаў цяпла, днём будзе 19-26 градусаў вышэй за нуль.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю