Ключавая тэма адзінага дня інфармавання датычыцца сучасных падыходаў да развіцця рэгіёнаў. «У Брэсцкай вобласці прырост ВРП за мінулую пяцігодку склаў 10,6 %. Прамысловы комплекс рэгіёна характарызуецца ўстойлівай работай. Не толькі захаваны аб’ёмы вытворчасці, але і сфарміраваны новыя пункты росту. Адчувальны вынік атрыманы ад беларуска-кітайскага праекта па арганізацыі вытворчасці халадзільнага абсталявання ў Баранавічах. Рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў па стварэнні новых вытворчасцяў і працоўных месцаў, асваенні новых відаў прадукцыі і глыбокай перапрацоўцы мясцовых сыравінных рэсурсаў», — адзначыў Пётр Пархомчык. У інвестыцыйным партфелі Брэсцкай вобласці ў 2021—2025 гадах было 211 асноўных вытворчых праектаў. Ужо завершаны 179.
У паўднёва-заходнім рэгіёне працуюць над рэалізацыяй буйных інвестпраектаў. У іх ліку — арганізацыя вытворчасці самалётаў, дэталяў і зборачных адзінак, тэхналагічнага абсталявання ў Баранавічах. У ААТ «Івацэвічдрэў» займаюцца пашырэннем вытворчасці, у ААТ «Лунінецкі малочны завод» — будаўніцтвам цэха сухіх малочных прадуктаў. У ААТ «Пружанскі малочны камбінат» рэканструююць будынак цэха натуральнамалочнай прадукцыі.
«За два апошнія гады ў вобласці рэалізавана восем імпартазамяшчальных праектаў у вытворчасці абсталявання, машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, кветкаводстве. Цяпер у працэсе яшчэ 15 праектаў», — сказаў старшыня аблвыканкама.
Значны ўклад у развіццё паўднёва-заходняга рэгіёна ўносіць ініцыятыва кіраўніка дзяржавы «Адзін раён — адзін праект». У Брэсцкай вобласці запушчаны 20 праектаў у 18 гарадах і раёнах. Створана больш за 900 новых працоўных месцаў. У гэтым годзе працягнецца рэалізацыя яшчэ сямі праектаў з больш познімі тэрмінамі завяршэння.
«Формула моцнага рэгіёна ўключае не толькі эканоміку, якая дынамічна развіваецца, а і разгалінаваную сацыяльную інфраструктуру. Адзін з прыярытэтаў — жыллё, уключаючы арэнднае. У Брэсцкай вобласці за пяць гадоў маюць намер увесці ў эксплуатацыю каля 742 тыс. кв. м арэнднага жылля», — звярнуў увагу Пётр Пархомчык.
Яшчэ адно з найбольш частых пытанняў, што ўзнімаюцца грамадзянамі, — стан дарог. На Брэстчыне сёлета плануюць адрамантаваць больш за 400 тыс. кв. м вулічна-дарожнай сеткі і накіраваць на гэтыя мэты звыш 25 млн бел. руб.
«Працягваецца будаўніцтва новага корпуса Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, лячэбнага корпуса Ганцавіцкай цэнтральнай райбальніцы і рэканструкцыя Пінскай цэнтральнай бальніцы. Плануецца таксама адкрыць новы інфекцыйны корпус Бярозаўскай ЦРБ. Вядуцца будаўніча-мантажныя работы на шматфункцыянальным спартыўным комплексе ў Ганцавічах, які мы намецілі здаць у эксплуатацыю сёлета. Будзе пачата будаўніцтва шматфункцыянальнага спарткомплексу ў Ляхавічах і спецыялізаванай спартыўнай залы для індор-хакея ў Брэсце», — назваў некаторыя аб’екты старшыня Брэсцкага аблвыканкама.