Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадставіў праграму развіцця прамысловага патэнцыялу рэгіёну на перыяд да 2030 года, перадае БелТА.
Па словах кіраўніка аблвыканкама, Брэсцкі рэгіён добра завяршыў мінулы год і выканаў усе пастаўленыя ўрадам задачы. Дынаміка па валавым рэгіянальным прадукце станоўчая і захоўваецца такой па ўсіх напрамках. Што да сельскай гаспадаркі, то тут ёсць некаторая насцярожанасць з-за замаразкаў, якія прайшлі па Брэсцкай вобласці некалькімі хвалямі і ўнеслі сур’ёзныя карэктывы ў работу аграрыяў.
Пётр Пархомчык прадставіў кіраўніку дзяржавы дакумент, падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта, — праграму развіцця прамысловага патэнцыялу Брэсцкай вобласці на перыяд да 2030 года. У ёй, паводле слоў губернатара, адлюстраваны ўсе інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў Брэсцкай вобласці. Гэта дае магчымасць убачыць рэальны стан спраў у прамысловасці рэгіёна і ацаніць перспектывы. А яны вельмі абнадзейлівыя, перакананы Пётр Пархомчык.