Супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі падчас нагляду за бяспекай дарожнага руху штодзень выяўляюцца і спыняюцца парушэнні патрабаванняў правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў, асабліва на месцах для інвалідаў.
З пачатку года за парушэнне п. 147 Правілаў дарожнага руху да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя каля 8,5 тысячы кіроўцаў.
У апошні час сярод карыстальнікаў сацсетак дзеля хайпа стала папулярным здымаць відэа парушэнняў Правілаў дарожнага руху і размяшчаць кантэнт у сваім акаўнце ў TikTok. Супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца пастаянны маніторынг інтэрнэт-прасторы, падчас якой вінаватыя ўстанаўліваюцца і прыцягваюцца да адказнасці.
У сваю чаргу, у сталіцы супрацоўнікі ДАІ для выяўлення такіх парушэнняў актыўна выкарыстоўваюць магчымасці Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Па ўсіх фактах праводзяцца праверкі, устанаўліваюцца асобы правапарушальнікаў, да іх прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
«На бягучы момант створаны ўсе ўмовы для зручнасці грамадзян і аператыўнасці падачы анлайн-інфармацыі аб правапарушэннях: праз ведамасныя чат-боты Міністэрства ўнутраных спраў „Мы заўсёды побач!“, „Добрая дарога“ і „Зваротная сувязь Мінскай міліцыі“, а таксама сайт „Звароты.бел“ або па тэлефоне 102», — звяртае ўвагу намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінска Дзяніс ЛІВАНОВІЧ.
Праваахоўнікі нагадваюць: на паркоўцы для інвалідаў могуць паркавацца інваліды І і ІІ групы, а таксама інваліды ІІІ групы з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, або асобы, якія іх перавозяць, а таксама тыя, хто перавозіць дзяцей-інвалідаў. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць на аўтамабілі апазнавальнага знака «Інвалід» спераду і ззаду.
ДАІ заклікае кіроўцаў праяўляць ветлівасць і павагу да іншых удзельнікаў руху, асабліва да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама строга выконваць Правілы дарожнага руху.
Вераніка КАНЮТА