Top.Mail.Ru

Парламентарыі Беларусі і Расіі працуюць над гарманізацыяй заканадаўства ў сферы сацыяльнай абароненасці інвалідаў

Без граніц. І без бар'ераў

На мінулым тыдні ў Калінінградзе прайшло восемдзесят шостае пасяджэнне пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Больш падрабязна аб тым, што абмяркоўвалася падчас тэматычных рабочых мерапрыемстваў, карэспандэнту «МС» расказаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член камісіі Парламенцкага сходу па працы і сацыяльнай палітыцы, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар ЖУК.

Яны хочуць быць карыснымі для грамадства

— Беларусь і Расія вядуць актыўную работу па гарманізацыі заканадаўства ў сферы рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і збліжэнню нарматыўна-прававой базы Саюзнай дзяржавы ў сферы сацыяльнай абароны, — звярнуў увагу сенатар.

Асаблівае значэнне ў гэтай рабоце мае двухбаковы абмен вопытам, падкрэсліў парламентарый.

— Наша задача як прадстаўнікоў заканадаўчай улады — імкнуцца да гарманізацыі заканадаўства, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі і інваліды адчувалі сябе сацыяльна абароненымі, як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі, — адзначыў Ігар Жук.

Першы дзень работы семінара быў прысвечаны азнаямленню з практыкай вытворчасці тэхнічных сродкаў рэабілітацыі: удзельнікі наведалі калінінградскае прадпрыемства «Фабрика Обсервер». Вынікам стала падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтрам і вышэйзгаданай расійскай кампаніяй.

— Кіраўнік гэтага прадпрыемства — чалавек з інваліднасцю, — падзяліўся падрабязнасцямі парламентарый. — У гэтай кампаніі амаль 50 % работнікаў — людзі з інваліднасцю. Мы ўбачылі тут своеасаблівы сімбіёз: на першым паверсе размяшчаюцца вытворчыя цэхі, на другім — медыцынскі рэабілітацыйны цэнтр. Тут ёсць магчымасць адначасова папрацаваць, зарабіць грошай, а таксама паправіць здароўе. Побач з гэтым прадпрыемствам прадугледжана жыллё, якое цалкам прыстасаванае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усіх работнікаў гэтага прадпрыемства аб’ядноўвае адно — жаданне быць карыснымі для грамадства і інтэграванымі ў сацыяльнае асяроддзе.

Стандарты рэабілітацыйных паслуг павінны быць адзінымі

У ходзе пленарнага пасяджэння і работы секцый у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў знаходзіліся пытанні ўстанаўлення адзіных стандартаў рэабілітацыйных паслуг, узгаднення заканадаўства і практыкі яго прымянення ў фарміраванні агульных падыходаў сацыяльнай адаптацыі людзей з інваліднасцю ў Саюзнай дзяржаве. Былі прааналізаваны прававыя мадэлі імплементацыі міжнародных стандартаў абароны правоў людзей з інваліднасцю, разгледжаны механізмы абароны правоў людзей з інваліднасцю, пытанні інклюзіўнай адукацыі і забеспячэння даступнага асяроддзя, а таксама вывучаны практычныя падыходы і сацыяльныя практыкі.

— У ліку ключавых прапаноў — разгляд магчымасці распрацоўкі адзіных стандартаў аказання паслуг па асноўных кірунках рэабілітацыі, працяг работы над гарманізацыяй заканадаўства Беларусі і Расіі ў частцы сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі асоб з інваліднасцю, а таксама рэалізацыя комплексу інстытуцыйных і эканамічных мер, накіраваных на павышэнне працоўнай інтэграцыі і забеспячэнне эканамічнай самастойнасці асоб з інваліднасцю, уключаючы кватаванне працоўных месцаў і прэферэнцыі працадаўцам, — паведаміў Ігар Жук. — Мы павінны рабіць усё для таго, каб людзі, у якіх ёсць праблемы са здароўем, не адчувалі сябе ўшчэмленымі ў нашым грамадстве пры атрыманні адукацыі, ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці, атрыманні медыцынскай дапамогі.

Даступны турызм

Прыводзячы канкрэтныя прыклады, чаго ўдалося дасягнуць у галіне сацыяльнай абароны і падтрымкі людзей з інваліднасцю за гады існавання Саюзнай дзяржавы, Ігар Жук адзначыў, што ёсць шэраг аспектаў, якія станоўча сябе зарэкамендавалі.

— Напрыклад, у Саюзнай дзяржаве роўныя правы на атрыманне медыцынскай дапамогі, працаўладкаванне і атрыманне адукацыі ў людзей з інваліднасцю, — адзначыў сенатар. — Мы дастаткова шчыльна працуем у сферы інклюзіўнай адукацыі: праводзяцца форумы і шэраг іншых мерапрыемстваў па абмене вопытам і медыка-сацыяльнай рэабілітацыі ў Беларусі і Расіі. Заканадаўча гэта яшчэ не замацавана, але развіваюцца сумесныя беларуска-расійскія стандарты ў галіне інклюзіўнай прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, у Беларусі замацаваны прынцып інклюзіі на ўсіх узроўнях адукацыі. Гэты вопыт мы запазычылі ў Расіі.

У ходзе размовы парламентарый таксама адзначыў развіццё інклюзіўнага турызму.

— Цяпер мы надаём гэтай тэматыцы вялікае значэнне, — падкрэсліў Ігар Жук. — Таму што людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі таксама хочуць падарожнічаць, вывучаць гісторыка-культурную спадчыну, якая ёсць у Саюзнай дзяржаве. Многія аб’екты турызму зараз праходзяць своеасаблівую зверку на даступнасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У гэтым кірунку ўжо зроблена вельмі шмат, але яшчэ трэба працаваць на перспектыву.

Па выніках пасяджэння адобраны праект выніковых Рэкамендацый. Дакумент адрасаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам спорту дзвюх краін, Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі, а таксама Парламенцкаму сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота прадастаўлена прэс-службай Савета Рэспублікі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю