Top.Mail.Ru

Парламентарыі наведваюць выставу «Белагра»

Найбуйнейшы аграрны форум СНД працягвае сваю працу ў Мінску. Дзясяткі дэлегацый, сотні кампаній і кантракты на сумы, якія яшчэ толькі трэба падлічыць. Гэта ўсё — пра выстаўку «Белагра». У цэнтры ўвагі гасцей і экспертаў — маштабная экспазіцыя тэхнікі. Такая пляцоўка — гэта магчымасць не проста паглядзець на дасягненні і зверыць гадзіннікі, але і наладзіць узаемавыгаднае партнёрства. Не абмінулі бокам найбуйнейшы аграрны форум і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.



«Гэта сведчыць аб высокім даверы да беларускага аграпрамысловага комплексу»

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Беларга» традыцыйна выклікае ўсеагульную цікавасць. Як адзначаў падчас цырымоніі адкрыцця выстаўкі старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч, «Белагра» ўжо больш за 30 гадоў служыць індыкатарам развіцця нашага АПК. 

— Важна, што тут мы бачым не толькі тэхніку і тэхналогіі, але і жывых людзей — механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў перапрацоўчай прамысловасці. Менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць харчовая бяспека краіны. Радуе і рост геаграфіі ўдзельнікаў: сёлета да нас далучылася яшчэ больш замежных калег — усяго прадстаўлена 570 кампаній з 12 краін. Гэта сведчыць аб высокім даверы да беларускага аграпрамысловага комплексу і адкрытасці нашай краіны да міжнароднага супрацоўніцтва, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі.

Выстаўка — максімальна практыкаарыентаваная. Як падзяліліся парламентарыі, галоўнай навінай гэтага года стаў сыход ад стацыянарных паказаў. Да прыкладу, магчымасці беларускага машынабудавання адкрываюцца перад патэнцыяльнымі пакупнікамі ў рэальных працоўных умовах на спецыяльных дэманстрацыйных палях.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Андрэй Балыш у сваю чаргу звярнуў увагу, што «Белагра» прыносіць каласальную карысць беларускім рэгіёнам.

— Выстаўка выступае галоўным драйверам мадэрнізацыі, росту экспарту і прыцягнення інвестыцый у мясцовы АПК. Форум напрамую ўплывае на эканамічнае развіццё кожнай вобласці. Так, для Віцебшчыны ўдзел у выстаўке мае стратэгічнае значэнне, бо дапамагае вырашаць спецыфічныя задачы рэгіёна: развіццё АПК ва ўмовах паўночнага клімату, мадэрнізацыю жывёлагадоўлі і прасоўванне перапрацоўчых прадпрыемстваў, — канкрэтызаваў дэпутат, дадаўшы, што акрамя гэтага, мерапрыемства станоўча ўплывае на прэстыж працы ў аграрным сектары эканомікі.


«Беларуская зямля ў надзейных руках»

Падчас наведвання выстаўкі народныя выбраннікі падзяліліся ўражаннямі. Так, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алена Клішэвіч заявіла, што, наведваючы такія выстаўкі, адчуваеш пачуццё гонару за сваю краіну:

— Беларуская зямля ў надзейных руках. Мы ўмеем араць, сеяць, збіраць рэкордныя ўраджаі і ствараць тэхніку сусветнага ўзроўню. А задача дэпутацкага корпуса — рабіць усё магчымае, каб забяспечваць гэтай стваральнай працы надзейны прававы падмурак.


Член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Юрый Корсік адзначыў лічбавізацыю беларускай сельскай гаспадаркі:

— Я ўбачыў аградроны і аўтапілатаванне сельгастэхнікі, «разумную ферму». Фокус зрушаны на дакладнае земляробства і ўкараненне тэхналогій AI. Наш АПК рэальна тэхналагічна незалежны.

Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алег Кузьмін разам са сваімі калегамі ўбачыў не проста трактары, а эрганоміку, моц і прыгажосць у адным флаконе: 

— Акрамя тэхнікі, якая ж выстаўка без братоў нашых меншых? Тут табе і коні, і племянныя каровы, і авечкі, і хатняя птушка. Відаць, што селекцыя ідзе наперад, жывёлы — любата. А рыбацкая вёска — гэта наогул гастранамічны магніт.

Член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Таццяна Лаўрыновіч адзначыла вялікі дзелавы патэнцыял выстаўкі:

— Гэта эфектыўная пляцоўка для заключэння ўзаемавыгадных кантрактаў і прэзентацыі нашых інавацый усяму свету. Цікавасць да Беларусі і якасці нашай прадукцыі толькі расце. Дыялог прафесіяналаў тут выльецца ў канкрэтныя праекты, якія ўмацуюць эканоміку і павысяць дабрабыт нашых грамадзян.


Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка падкрэсліў, што сёння асабліва важна бачыць, як дасягненні нашых прадпрыемстваў і спецыялістаў становяцца часткай міжнароднага дыялогу:

— Любоў да роднай зямлі пачынаецца з павагі да працы тых, хто штодня забяспечвае харчовую бяспеку краіны і развівае яе патэнцыял.

Член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Сіўко звярнуў увагу на частку выставы, якая дыхае навукай:

— Саджанцы маліны, дурніцы, парэчкі, вінаграду — не проста экспанаты, а даступныя для набыцця вынік шматгадовай селекцыйнай працы.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Беларга» працягне сваю работу да 6 чэрвеня. Наперадзе яшчэ шмат цікавага і карыснага!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю