Top.Mail.Ru

Парламентарыі ратыфікавалі Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы

Дагаворам, які ўчора падчас сесій ратыфікавалі абедзве палаты парламента, устанаўліваюцца агульнапрызнаныя падыходы, якія павінны прадэманстраваць няўхільнае выкананне яго ўдзельнікамі норм і прынцыпаў міжнароднага права пры выкананні ўзаемных абавязацельстваў у сферы бяспекі. Дакумент накіраваны на ўмацаванне бяспекі бакоў у рамках агульнай абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы і замацоўвае ў якасці ключавой умовы ўзаемныя гарантыі Беларусі і Расіі па ажыццяўленні неабходных мер у выпадку замахаў на бяспеку любога з бакоў і Саюзнай дзяржавы ў цэлым.


Як звярнуў увагу падчас разгляду законапраекта ў Авальнай зале Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, у сферы забеспячэння ваеннай бяспекі самыя сур’ёзныя крокі робяцца ў рамках Саюзнай дзяржавы. «Найважнейшым элементам нацыянальнай бяспекі нашай краіны стала прыняцце абноўленай Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы, а таксама Ваеннай дактрыны і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — адзначыў спікер. — 6 снежня 2024 года ў Мінску ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы кіраўнікамі дзвюх краін быў падпісаны Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У выніку наша супрацоўніцтва па ўмацаванні абаронных патэнцыялаў выйшла на яшчэ больш высокі ўзровень».

Па словах намесніка міністра замежных спраў Юрыя АМБРАЗЕВІЧА, які прадстаўляў законапраект спачатку ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі, неабходнасць заключэння дагавора прадыктавана нарастаючымі негатыўнымі выклікамі і пагрозамі ў адносінах да Беларусі. «Цяперашні стан міжнароднай бяспекі як у глабальным, так і рэгіянальным сэнсе характарызуецца фактычнай дэградацыяй, распадам сістэмы гарантый, даверу, кантролю над узбраеннямі, у тым ліку ў выніку аднабаковай адмовы большасці нашых заходніх суседзяў выконваць міжнародныя абавязацельствы ў гэтай галіне», — канкрэтызаваў ён.

Па словах намесніка кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, асноўнай мэтай дакумента з’яўляецца ўмацаванне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. «Дагавор вырашае задачу павышэння стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, дакладна расстаўляе прыярытэты на карысць мірнага парадку вырашэння любых спрэчак, носіць выключна абарончы характар, не накіраваны супраць інтарэсаў якой-небудзь з дзяржаў, не вызначае каго-небудзь у якасці ворагу або пагрозы», — праінфармаваў Юрый Амбразевіч. 

Як адзначыў на сесіі Савета Рэспублікі старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК, дагавор мае стратэгічна важнае значэнне для ўмацавання адносін саюзніцтва з Расійскай Федэрацыяй. «Гэты дакумент цэментуе нашу адзіную абаронную прастору, забяспечвае абаронную бяспеку Саюзнай дзяржавы па знешнім перыметры нашых граніц, — падкрэсліў сенатар. — Дагавор прадугледжвае не толькі ваенны складнік, а і наша больш шырокае разуменне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Ëн уключае ў сябе і палітычныя, і эканамічныя, іншыя аспекты, прадугледжвае магчымасць сумеснага ініцыявання адказных дзеянняў на меры эканамічнага прымусу або аднабаковыя эканамічныя меры, іншыя віды гібрыднай агрэсіі, якія сёння прымяняюцца ў адносінах да нашых дзяржаў».

Акрамя таго, учора ў Савеце Рэспублікі быў ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках ад 3 кастрычніка 2022 года. У прыватнасці, удакладнены парадак разліку трансфертаў, унесены змяненні ў шэраг дадаткаў: «Мінімальны пералік падакцызных тавараў і паслуг», «Пералік вызваленняў, ільгот па выплаце акцызаў», «Катэгорыі падаткаплацельшчыкаў, якія вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць», «Аперацыі (абароты), якія вызваляюцца ад падатку на дабаўленую вартасць». Пратакол распаўсюджвае дзеянне на праваадносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2024 года.

Таксама сенатары адобрылі законапраект «Аб ратыфікацыі Канвенцыі аб прававым статусе дэлегацый, якія накіроўваюцца ў дзяржавы — удзельніцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Мэта Канвенцыі — стварэнне ў рамках СНД міжнародна-дагаворнай асновы для забеспячэння эфектыўнай работы афіцыйных дэлегацый, што накіроўваюцца ў дзяржавы — удзельніцы СНД для правядзення перагавораў, сустрэч, кансультацый, удзелу ў мерапрыемствах Садружнасці.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю