Парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай з афіцыйным візітам знаходзіцца ў Азербайджане. Праграма візіту насычаная. І першы яе пункт — сустрэча Наталлі Качанавай і членаў дэлегацыі са старшынёй Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі Сагібай Гафаравай.
«Перш за ўсё гэта заслуга нашых кіраўнікоў, прэзідэнтаў нашых краін Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева. У іх склаліся добрыя адносіны, якія сёння нацэлены перш за ўсё на карысць нашых краін і нашых народаў. Аляксандр Рыгоравіч заўсёды гаворыць пра Ільхама Гейдаравіча як пра сябра. І калі кіраўнік беларускай дзяржавы наведваў з візітам вашу цудоўную краіну, ён сказаў, што ў нас няма закрытых тэм для зносін, для вырашэння задач на карысць нашых народаў. Перадаю вам словы прывітання ад усяго беларускага народа і ад вашых калег», — адзначыла Наталля Качанава.
Сагіба Гафарава пагадзілася са сваёй калегай у тым, што вялізным штуршком для адносін паміж краінамі з’яўляюцца адносіны яе прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева. «Шматлікія візіты лідараў нашых краін (афіцыйныя, дзяржаўныя, рабочыя) сведчаць, што працягваецца працэс развіцця сяброўскіх адносін паміж нашымі краінамі. Хачу сказаць, што візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан у маі мінулага года яшчэ раз прадэманстраваў сілу і моц дружбы і ўзаемаадносін нашых лідараў, — адзначыла яна. — І хачу яшчэ раз выказаць удзячнасць вам як прадстаўніку парламента Беларусі і ўсім членам дэлегацыі як прадстаўнікам беларускага народа ў тым, што Аляксандр Лукашэнка быў самы першы лідар немусульманскай краіны, які ўпершыню наведаў Карабах». Сагіба Гафарава назвала Беларусь стратэгічным партнёрам для Азербайджана. «Больш за 170 дакументаў падпісана паміж нашымі дзяржавамі. І думаю, гэта лічба будзе павялічвацца», — падкрэсліла старшыня Мілі Меджліса.
Наталля Качанава запэўніла, што беларускі бок нацэлены на канструктыўнае ўзаемадзеянне з Азербайджанам. Яна зрабіла акцэнт на тым, што вельмі важнае і міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. «І я шчыра ўдзячная вам за падтрымку, якую вы нам аказваеце на міжнародных пляцоўках. Адносіны Азербайджана і Беларусі могуць служыць прыкладам узаемадзеяння паміж парламентамі, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі. — У аснове палітыкі ў нашай краіне, як і ў Азербайджане, — людзі, іх дабрабыт. Таму мы робім усё для таго, каб нашы людзі жылі шчасліва. Наша краіна яшчэ раз паказала, што мы адзіныя ў захаванні той палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне».
Паводле слоў спікера, Беларусь зацікаўлена развіваць адносіны з Азербайджанам абсалютна па ўсіх кірунках. Гэта датычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, культурна-гуманітарнай сферы. «Сёлета мы будзем адзначаць 80-годдзе Вялікай Перамогі. Наша старэйшае пакаленне плячо ў плячо адстойвала свабоду і незалежнасць. Мы памятаем сваю гісторыю. Мы ўдзячныя, што вы падтрымліваеце тыя праекты, якія мы арганізоўваем», — сказала Наталля Качанава. У прыклад яна прывяла праект «Цягнік Памяці», у якім удзельнічалі і дзеці з Азербайджана. Яна выказала спадзяванне, што сёлета яны таксама падключацца да гэтага праекта.
«Мы шчыра рады тым узаемаадносінам, якія склаліся ў нас у гуманітарнай сферы. Дні культуры Беларусі і Азербайджана мы ладзім. Мы шчыра жадаем вам паспяховага правядзення ІІІ Гульняў СНД. Нашы спартсмены рыхтуюцца, з вялікім задавальненнем возьмуць удзел у гэтых спаборніцтвах», — адзначыла спікер.
Падчас візіту ў Азербайджан беларуская дэлегацыя таксама будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Выканаўчага савета Азіяцкай парламенцкай асамблеі (АПА), 15-й Пленарнай сесіі Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Наталля Качанава правядзе таксама шэраг двухбаковых сустрэч.
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі