Top.Mail.Ru

Беспілотнікі павінны быць пад кантролем

Рыхтуецца законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную і крымінальную адказнасць фізічных асоб за выраб і выкарыстанне гэтых апаратаў.


У Палаце прадстаўнікоў з удзелам зацікаўленых спецыялістаў абмеркавалі законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці». Праект Закона, унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 30 красавіка 2025 года, рыхтуецца да першага чытання. Ён распрацаваны ў развіццё палажэнняў Указа Прэзідэнта № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». Указам прадугледжаны асаблівы парадак увозу на тэрыторыю Беларусі беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў, удакладняюцца ўмовы іх захоўвання, эксплуатацыі і абароту. 

Як звяртае ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс, у цяперашні час гэтыя, як здаецца, бяскрыўдныя мірныя прадметы — беспілотнікі, авіямадэлі — актыўна ўжываюцца на тэатры ваенных дзеянняў, могуць выкарыстоўвацца для здзяйснення актаў тэрарызму і ў мэтах кантрабанды. «Таму іх бесперашкодны ўвоз на тэрыторыю краіны, абарот уяўляюць сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», — падкрэслівае дэпутат. 

Прапаноўваецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць фізічных асоб за ўвоз, захоўванне, выраб, эксплуатацыю і абарот беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў. За гэтыя дзеянні прадугледжаны сур’ёзныя штрафныя санкцыі і магчымая канфіскацыя прадметаў правапарушэння.

«Калі такія ж дзеянні будуць здзейснены вінаватай асобай на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, то надыходзіць ужо крымінальная адказнасць па артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які распрацаваны і ўключаецца ў Крымінальны кодэкс, — удакладняе Андрэй Ліс. — Па гэтым артыкуле максімальнае пакаранне прадугледжана да двух гадоў пазбаўлення вол».

Праектам Закона прапаноўваецца ўнесці змяненні ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Законапраект падрыхтаваны з мэтай забеспячэння нацыянальнай, грамадскай бяспекі і бяспекі палётаў пры выкарыстанні грамадзянскімі беспілотнымі лятальнымі апаратамі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю